Беларуская Служба

Дальнабачны палітык ці скандаліст? Хто такі Дональд Трамп?

20.01.2025 14:40
Сёння Дональд Трамп афіцыйна стане 47-м прэзідэнтам ЗША.
Аўдыё
  • Сёння Дональд Трамп афіцыйна стане 47-м прэзідэнтам ЗША
Дональд Трамп PAP/EPA/WILL OLIVER

Сёння ў Вашынгтоне Дональд Трамп будзе прыведзены да прысягі ў якасці 47-га прэзідэнта ЗША. Пасля чатырох гадоў палітык другі раз уступіць на згаданую, на гэты раз ва ўзросце 78 гадоў.

Дональд Трамп – гэта не толькі былы прэзідэнт ЗША, але і чалавек, які на працягу многіх гадоў фармаваў свет бізнесу, шоў-бізнесу і палітыкі. Яго відовішчная кар'ера - поўная поспехаў і сумневаў, пакінула след на амерыканскай грамадскай сцэне. Сёння Дональд Трамп застаецца фігурай, пра якую гаворыць увесь свет, і не толькі ў кантэксце яго перавыбару на галоўную пасаду ў краіне.

Нагадваем, 4 лістапада 2024 года кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп перамог на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША, набраўшы 312 галасоў супраць 226 галасоў за Камалу Харыс - апанента ад Дэмакратычнай партыі.

Праз некалькі дзён пасля выбараў дзеючы прэзідэнт Джо Байдэн сустрэўся з новаабраным прэзідэнтам у Белым доме. Падчас размовы ў Авальным кабінеце Белага дома Дональд Трамп падзякаваў Джо Байдэну за плаўную перадачу ўлады:

- Палітыка – гэта жорсткая справа. У многіх выпадках, гэта непрыемны свет. Як раз, сёння ён прыемны і я дзякую за гэта. Працэс перадачы ўлады праходзіць максімальна гладка.

6 студзеня Кангрэс ЗША афіцыйна абвясціў Дональда Трампа пераможцам лістападаўскіх выбараў, фармальна завяршыўшы працэс абрання кіраўніка дзяржавы.

Сёння Дональд Трамп будзе прыведзены да прысягі як першы прэзідэнт ЗША ў гісторыі, асуджаны па крымінальных абвінавачаннях. 10 студзеня бягучага года суд Нью-Ёрка прызнаў яго вінаватым у 34 злачынствах - звязаных з утойваннем аплаты за маўчанне актрысы фільмаў для дарослых Стормі Дэніэлс - адначасова пастанавіўшы яго безумоўна вызваліць і адмовіцца ад выканання прысуду.

Рэспубліканец  Дональд Трамп з 2017 па 2021 гады быў 45-м прэзідэнтам ЗША. Палітык, прадпрымальнік і магнат нерухомасці найстарэйшым прэзідэнтам ЗША ў гісторыі, пакуль Джо Байдэн не замяніў яго на згаданай пасадзе ў 2021 годзе.

Больш за тое, ён стаў трэцім прэзідэнтам гэтай краіны, у якога былі нямецкія карані пасля Герберта Гувера і Дуайта Эйзенхаўэра.

У 2024 годзе Трамп быў пераабраны кандыдатам у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі. Падчас афіцыйна з'езду арганізацыі ў Мілуокі, палітык пераконваў сваіх прыхільнікаў, што калі пераможа на выбарах, то пакончыць з падзелам у амерыканскім грамадстве:

- Я балатуюся ў прэзідэнты ўсёй Амерыкі, а не паловы Амерыкі, таму што перамога для паловы Амерыкі - гэта не перамога. Такім чынам, сёння вечарам, з верай, адданасцю і гонарам я прымаю вашу кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі.

13 ліпеня падчас выбарчага мітынгу ў горадзе Батлер у штаце Пенсільванія Дональда Трампа падстрэліў у вуха 20-гадовы нападнік Томас Мэцью Крукс.

У гутарцы на платформе X з Іланам Маскам, Дональд Трамп распавёў пра абставіны замаху на сваё жыццё:

- Я не ведаў, што ў мяне столькі крыві. Я адразу зразумеў, што гэта куля. Я адразу зразумеў, што гэта ў мяне ў вуху. І яшчэ я чуў, як людзі крычалі: страляюць, падай на зямлю! Я лёг даволі хутка. Калі я ўпаў, прама над маёй галавой ляцелі кулі, таму я рады, што так атрымалася. Цуд быў у тым, што я глядзеў прама ў бок стралка.

Гэта быў не адзіны напад на экс-прэзідэнта ў гэтай кампаніі. Праз два месяцы, у сярэдзіне верасня, іншы ўзброены чалавек спрабаваў застрэліць Дональда Трампа на полі для гольфа ў Фларыдзе.

Падчас выбарчай кампаніі Трамп неаднаразова падкрэсліваў, што калі б ён быў прэзідэнтам ЗША, не было б узброеных канфліктаў ва Украіне і на Блізкім Усходзе. Падчас тэледэбатаў з кандыдатам ад дэмакратаў Камалай Харыс, ён падкрэсліў, што ва Украіне бессэнсоўна гінуць сотні тысяч людзей:

- Я скончу гэтую вайну як абраны прэзідэнт, яшчэ да таго, як стану прэзідэнтам.

Дональд Трамп таксама абвясціў, што калі ён стане прэзідэнтам, то запатрабуе павышэння выдаткаў на абарону ў рамках НАТА да 3 працэнтаў ВУП. Нагадваем, прапанову павялічыць мінімальныя выдаткі на абарону ў альянсе публічна прадставіў таксама прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Падчас свайго першага візіту ў Польшчу ў прамове перад помнікам Варшаўскаму паўстанню 6 ліпеня 2017 года Дональд Трамп падкрэсліў важнасць агульных каштоўнасцей, якія спалучаюць палякаў і амерыканцаў і значэнне Польшчы для Еўропы:

- Польшча - гэта геаграфічнае сэрца Еўропы. Але, што больш важна, мы бачым у паляках душу Еўропы. Ваш народ вялікі, таму што ў яго вялікі, моцны дух.

Нагадваем, Дональд Трамп упершыню ўступіў на пасаду прэзідэнта ЗША 20 студзеня 2017 года, перамагаючы кандыдата ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан. З пачатку свайго тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў ён засяродзіўся на ўзмацненні канкурэнтаздольнасці амерыканскай эканомікі, аднаўленні прамысловасці і абароне працоўных месцаў. Ён зрабіў больш жорсткай іміграцыйную палітыку, абгрунтаваўшы гэта абаронай ад тэрарызму. Ужо ў сваёй інаўгурацыйнай прамове ён заявіў, што будзе дамагацца яе поўнай ліквідацыі:

- Мы ўмацуем старыя альянсы і створым новыя; аб'яднаем цывілізаваны свет у барацьбе з радыкальным ісламскім тэрарызмам, які мы цалкам сатром з зямлі.

У чэрвені 2019 года ён стаў першым дзеючым прэзідэнтам ЗША, які ўвайшоў на тэрыторыю Паўночнай Карэі і сустрэўся з паўночнакарэйскім лідарам Кім Чэн Ынам.

Восенню 2019 года пачалася працэдура імпічменту Дональда Трампа. Падставай сталі абвінавачанні ў тым, што прэзідэнт перашкаджаў Кангрэсу працы і злоўжываў уладай, але ў 2020 годзе Сенат яго апраўдаў. У лістападзе 2020 года Дональд Трамп прайграў на выбарах кандыдату ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэну.  6 студзеня 2021 года ў Вашынгтоне, тысячы прыхільнікаў Дональда Трампа ўварваліся ў Капітолій. Атака пераўтварылася ў беспарадкі, у выніку якіх загінулі пяць чалавек, а шмат паліцыянтаў былі параненыя. Палата прадстаўнікоў абвінаваціла Дональда Трампа ў падбухторванні да паўстання супраць законнага ўрада, але ў лютым 2021 года ён быў апраўданы Сенатам.



У ходзе апошняй выбарчай кампаніі Дональд Трамп анансаваў сур'ёзнае скарачэнне падаткаў і ўвядзенне новых падатковых ільгот. На мітынгу ў Атланце, запэўніў, што хацеў стымуляваць эканоміку, якая, на яго думку, пацярпела падчас улады Джо Байдэна. Ён таксама абяцаў адмовіцца ад падаткаабкладання сацыяльнай дапамогі:

- Мы рашуча знізім падаткі для працоўных і малога бізнесу. Не будзе падаткаў на чаявыя, падаткаў на звышурочную працу і сацыяльную дапамогу.

У апошнія тыдні ён даў зразумець, што не мае намеру паважаць міжнародныя дамовы і можа нават дамагацца змены межаў. Грамадскую думку ўсхвалявалі яго заявы адносна куплі Грэнландыі ў Даніі, змены назвы Мексіканскага заліва або анексіі Канады і ператварэння яе ў 51-ы штат ЗША:

- Калі б мы пазбавіліся гэтай штучнай мяжы паміж Канадай і ЗША, гэта сапраўды было б нешта.

Новаабраны прэзідэнт ЗША таксама не выключае магчымасці выкарыстання ўзброеных сіл для захопу Панамскага канала.

Такім чынам, яшчэ да ўступлення на пасаду прэзідэнта ЗША Дональд Трамп сваімі заявамі паспеў выклікаць спрэчныя эмоцыі і здагадкі адносна змены знешняга курсу ЗША. Наколькі гэта будзе рэалізавана, пакажа час.

IAR/аз

Джо Байдэн: Патрэбны час, каб адчуць пазітыўныя наступствы майго прэзідэнцтва

16.01.2025 13:06
Джо Байдэн адзначыў поспехі ў знешняй палітыцы — умацаванне НАТА, падтрымку Украіны і добрую пазіцыю ЗША ў канкурэнцыі з Кітаем.

Трамп абяцае пачаць дэпартацыю мігрантаў на наступны дзень пасля сваёй інаўгурацыі

18.01.2025 18:16
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які ўступіць на пасаду ў панядзелак, мае намер на наступны дзень пачаць шырокую кампанію па затрыманні мігрантаў, якія, на думку ўладаў, знаходзяцца ў краіне незаконна.