Беларуская Служба

Аналітык Вадзім Мажэйка: стэрыльнасць кампаніі цалкам задавальняе сілавікоў, але гэта невыгодна палітычна

27.01.2025 15:46
Пра магчымыя сцэнары развіцця падзей у Беларусі паразмаўлялі з палітычным аналітыкам Вадзімам Мажэйкам.
Аўдыё
  • Аналітык Вадзім Мажэйка: Для Мінска найлепшы варыянт, на якім яны і настойваюць паслядоўна, — прымайце нас такімі, якія мы ёсць.
 .
Вадзім Мажэйка.Photo: Віялета Саўчыц / Violetta Savchits

У Беларусі на гэтых выходных прайшлі так званыя выбары прэзідэнта. У нармальных умовах — гэта важная палітычная падзея для дзяржавы, якая ўплывае на будучыню. У выпадку з Беларуссю гэты ўплыў мінімальны. Пра магчымыя сцэнары развіцця падзей паразмаўлялі з палітычным аналітыкам Вадзімам Мажэйка.

Стэрыльныя выбары для Лукашэнкі і зручна, і невыгодна

— Не бачу падстаў меркаваць, што ў Лукашэнкі атрымаецца нешта здабыць па выніку імітацыі выбараў, — разважае госць эфіру пра зачышчаную прастору пад гэтае дзейства. —  У Беларусі максімальна прыбралі палітычны складнік з выбарчай кампаніі, як гэта ні дзіўны гучыць. Цяпер гэта цалкам задавальняе запыты сілавікоў, як выказаўся Кубракоў, гэта была самая спакойная палітычная кампанія.

Вадзім Мажэйка прыводзіць як ілюстрацыю паведамленне ад міністра МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага, які апублікаваў пост пра запрашэнне лідаркі беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай ляцець у Брусэль на сустрэчу кіраўнікоў МЗС на ўрадавым самалёце Польшчы. «Гэта максімальна каротка і ясна паказвае, як «бязвыбары» паўплывалі на пазіцыю Ціханоўскай, змену палітыкі Захаду. Гэта не толькі заява польскага боку, а супольныя дзеянні краін ЕС», — падкрэслівае палітычны аналітык.

Разважаючы пра тое, ці не пахіснуць фармальныя выбары статус, пазіцыі дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай, палітычны аналітык звяртае ўвагу на тое, што заходнія краіны прымаюць верагодную перамогу, падтрымку Ціханоўскай у грамадстве ў 2020-ым, а таксама ўлічваюць працу, якую вядзе яе каманда цяпер:

— Мы бачым, як афармляецца ўдзел Каардынацыйнай рады ў Параменцкай асамблеі Рады Еўропы, дзе ўласна павінен быў бы быць парламент Беларусі, калі б Беларусь была сябрам Рады Еўропы. Гэта, канешне, беспрэцэдэнтная з’ява, бо там прадстаўленыя парламенты дзяржаў. То бок развіваецца роля дэмакратычных сілаў на Захадзе на ўзроўні інстытуцый. Канешне, сама па сабе ўвага да Беларусі не будзе падтрымлівацца, калі мы, беларусы, не будзем для гэтага нічога рабіць. У ролі Ціханоўскай з кожным годам будуць граць большую ролю камандныя, дыпламатычныя высілкі — тое, чаго яны змогуць ці не змогуць дасягнуць.

... Людзей саджалі, саджаюць і будуць саджаць

Вадзім Мажэйка звяртае ўвагу, што рэжым Лукашэнкі вядзе непаслядоўную гульню. Напрыклад, Ганна Канапацкая магла б выглядаць нейкім новым лідарам апазіцыі, але ЦВК намаляваў ёй толькі 1,86 працэнта галасоў. То бок яна не выглядае на патэнцыйную замену Святланы Ціханоўскай у вачах людзей.

Эксперт таксама мяркуе, што гэтая палітычная кампанія ніяк не паўплывае на магчымае паляпшэнне адносінаў паміж афіцыйным Мінскам і Захадам, для гэтага патрэбныя іншыя падыходы.

— Самы верагодны «чорны лебедзь», хаця не такі ён і чорны, калі пра яго разважаем, — гэта магчымыя перамовы па Украіне. Сам іх вынік паўплывае на геапалітычную рэчаіснасць у рэгіёне і такім чынам зможа змяніць сітуацыю ў Беларусі, прывесці да размоў з Мінскам.

Падобнае мы бачылі ў 2014–2015 гадах. А таксама ёсць варыянт, калі ў Беларусі пачнуць не проста выпускаць па пару дзясяткаў палітычных вязняў і столькі ж набіраць, а сапраўды спыняць рэпрэсіі, памілуюць «цяжкавікоў-палітзняволеных». Так, гэта было б магчыма.

Але для Мінска найлепшы варыянт, на якім яны і настойваюць паслядоўна, — прымайце нас такімі, якія мы ёсць.

Гэта тое, што прасоўваюць ферштэеры Лукашэнкі, у экспертным полі —  «Мінскі дыялог», ёсць і тыя, хто гэта робіць на палітычным полі. Той жа Андрэй Дзмітрыеў ездзіць з такім пасылам у еўрапейскія сталіцы. Але на гэта не гатовыя ні дэмакратычныя сілы, ні заходнія палітыкі, — перакананы Вадзім Мажэйка

Што тычыцца спынення рэпрэсіўных практык, то суразмоўца «не бачыць падстаў, каб стала лягчэй дыхаць» у краіне. Спыняцца дробныя запалохванні, але не глабальны падыход уладаў:

— Не прыпыняцца рэпрэсіі, усё так жа людзей саджалі, саджаюць і будуць саджаць за любы рэпост навіны, перасылку спасылак. Усё гэта само па сабе не зменіцца ад сядзення і цярпення. Ужо новы выбарчы цыкл прайшоў, але працягваюцца рэпрэсіі за падзеі 2020-га. Нават нясмелыя заклікі Канапацкай у мяккай абгортцы спыніць пераслед за мінулы электаральны цыкл не спраўджваюцца. Гэта будзе залежаць толькі ад дзейнасці саміх беларусаў. Калі будзем працягваць дэманстраваць сваю нязгоду з рэжымам, адрозненні ад пуцінскай, лукашэнкаўскай палітыкі, калі Захад будзе паслядоўны ў сваіх дзеяннях, як то ціск на рэжымы і падтрымка апазіцыі, беларусаў, а не ізаляцыі іх з адсылкамі да нацыянальнай бяспекі. У такой камбінацыі мне бачыцца мы можам нешта зрабіць, каб рэпрэсіі спыніліся, — пералічвае суразмоўца.

Таксама, разважаючы пра магчымыя ўмовы для пераменаў, Вадзім Мажэйка пагаджаецца з тым, што важна дачакацца патрэбнага моманту і ўмець ім скарыстацца, як гэта было напрыканцы 1980-1990-ых гадоў, калі многія краіны ў нашым рэгіёне атрымалі шанец на незалежнасць і пераход да дэмакратычнай мадэлі ўлады.

вх