Беларуская Служба

«Медыйшчык з Чэхіі» верагодна не беларус

21.03.2025 15:30
Па тым як гаворыць гэтая асоба, эксперты лінгвісты мяркуюць, што такі самы з яго і журналіст. «Падзеі 2020-га года» і «украінскі крызіс» сведчаць, што аўтараў «чужых скрыншотаў» варта шукаць у Мінску.
Аўдыё
  • «Медыйшчык з Чэхіі» верагодна не беларус
Ілюстрацыйнае фотаImage by Heinz Schmitz from Pixabay/CC0

Учора ананімная асоба, якая прадставілася «медыйшчыкам з Чэхіі» заявіла, што ў верасні мінулага года яго каманда з 13 чалавек атрымала нібыта замову ад Офіса Ціханоўскай на тое, каб зрабіць інтэрв’ю з беларусамі, якія былі вымушаныя з’ехаць з краіны па палітычных прычынах і сутыкнуліся з цяжкасцямі ў эміграцыі. Зробленыя быццам бы імі інтэрв’ю былі паказаныя ў прапагандысцкай стужцы БТ «Чужое неба».

У якасці пацвярджэння сваіх слоў, адзін з прадстаўнікоў «каманды» даслаў скрынштоты нібыта перапіскі ў Тэлеграм з прадстаўніком Офіса Святланы Ціханоўскай ды адказаў на некаторыя з зададзеных намі пытанняў. Пакуль нам так і не ўдалося пацвердзіць тоеснасць згаданага «медыйшчыка з Чэхіі». Па асаблівасцях мовы ды падрыхтаваных ім скрыншотаў апытаныя намі эксперты мяркуюць, што згаданая асоба хутчэй далёкая ад журналістыкі, і ўвогуле, не ёсць беларусам! Гаворыць вядомы польскі лінгвіст ды дыялектолаг усходнеславянскіх моў доктар навук Міраслаў Янковяк.

— Першая рэч, на якую я звярнуў увагу, у яго няма беларускай інтанацыі. Беларусы так не размаўляюць. На мой погляд, гэта і не інтанацыя рускага чалавека з Расіі, бо яны больш цягнуць словы. Другая рэч тычыцца спосабу як ён размаўляе. Прынамсі часткова ён чытаў падрыхтаваны тэкст, пра што сведчыць тое, як ён робіць паўзы, у якіх момантах, хочучы паўтарыць, што было напісана. Тут варта разумець, што калі чалавек чытае тэкст, ён можа добра кантраляваць лексіку, канчаткі, але ён не заўсёды кантралюе фанетыку, спосаб вымаўлення. У яго мове за выключэннем двух рыс няма нічога беларускага. Няма інтанацыі, няма тыповага беларускага акання, ён вельмі мякка вымаўляе – рі, - чы. У яго ўвогуле няма дзекання і цэкання, хаця ў беларусаў яно павінна быць: у адных мацнейшае, у другіх слабейшае. Нават расійскія людзі з-пад Масквы больш дзекаюць, чым гэты чалавек. Толькі дзве рэчы, якія ў яго ёсць, тыповыя для беларускага арэалу – гэта фрыкатыўнае гэ і у кароткае. Таму на мой погляд – гэта чалавек не з Беларусі, хутчэй за ўсё таксама не з Расіі. Зыходзячы з інтанацыі ды фанетыкі, я бы больш ішоў у напрамку Украіны: цэнтральнай ці ўсходняй часткі, што гэта рускамоўны чалавек адтуль. З сацыя-лінгвістычнага пункту гледжання, яго спосаб выказвання - што і як ён кажа, - паказвае, што гэты чалавек не з’яўляецца прадстаўніком гуманітарных навук, і таксама, хутчэй за ўсё, - не журналіст.

Таксама ўкраінская даследчыца доктар філалогіі Олена Новак зазначае, што праз асаблівасці вымаўлення шыпячых зычных і галосных о, а, асоба «медыйшчыка з Чэхіі» мае ўкраінскія карані.

Аналізуючы дасланыя «медыйшчыкам з Чэхіі» скрыншоты выразна бачна іх падроблены характар, падкрэслівае палітолаг Аляксандр Лагвінец. Выкарыстаная мова і звароты характэрныя больш для лукашэнкаўскіх сілавікоў ці прапагандыстаў, чым для прадстаўнікоў дэмакратычных сіл.

— Трэба разумець, хто ад гэтага атрымлівае выгаду. Найбольш відавочна, што спецслужбы і прапагандысты рэжыму, каб дыскрэдытаваць у чарговы раз тых, хто выехаў за мяжу. Праз гэтую маніпуляцыю яны імкнуцца дыскрэдытаваць дэмакратычныя сілы. Выкарыстаныя інструменты і словы адлюстроўваюць лад іхняга мыслення ды паказваюць з вельмі высокай верагоднасцю, што гэта рабілі менавіта яны.

Што, на вашу думку, сведчыць пра аўтарства спецслужб?

— Калі паглядзець на скрыншоты бачны словы і звароты, якія не выкарыстоўваюцца, той жа грантавы запыт ці лабісты. Гэта ж можна сказаць пра напісанне імёнаў, той жа Франок. Або тое, што напісана пра вайну ва Украіне. Яны выкарысталі выраз «украінскі крызіс», што паказвае матрыцу мыслення гэтых людзей. Яны ж пішуць пра «падзеі 2020-га года», для асобы дэмакратычных поглядаў гэта не проста падзеі, а рэпрэсіі ды пераслед уласнага народу.

Ці гэта маглі б зрабіць нейкія махляры, ці асобы несвядома выкарыстаныя?

— Менш верагодна, параўноўваючы з іншымі рэчамі, што рабіў рэжым, спецслужбы ці прапагандысты. Нядаўні прыклад, калі яны нанялі польскага аператара, каб здымаць студзеньскае шэсце ў Варшаве. Цяперашнія дзеянні ўкладаюцца ў арсенал інструментаў, якія выкарыстоўваюцца спецслужбамі рэжыму, каб змагацца з апанентамі не толькі ўнутры Беларусі, але і за мяжой.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Чужая гульня вакол «Чужога неба»? Наша рэдакцыя выйшла на людзей, якім вядомыя кулісы здымкаў прапагандысцкага фільму (СКРЫНШОТЫ ПЕРАПІСКІ)

20.03.2025 17:59
Мы скантактаваліся з чалавекам, які папрасіў застацца ананімным, але выступіў ад імя «команды медийщиков, которые живут в Чехии».