Беларуская Служба

Польскі аналітык: Расія не імкнецца да сапраўднага перамір’я

26.03.2025 11:55
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвінаваціў Расію ў маніпуляцыях пры трактоўцы ўмоў пагаднення аб перамір'і на Чорным моры
Аўдыё
  • Польскі аналітык: Расія не імкнецца да сапраўднага перамір’я
.
У. ПуцінPAP/EPA/VYACHESLAV PROKOFYEV/SPUTNIK/KREMLIN POOL

25 сакавіка ЗША, Украіна і Расія апублікавалі заявы па выніках перамоў у Эр-Рыядзе. Тры тэксты ў цэлым падобныя, але адрозніваюцца ў дэталях. Усе тры краіны напісалі аб расійска-ўкраінскім перамір'і на Чорным моры, забароне з боку Масквы і Кіева на ўдары па аб'ектах энергетыкі і гатоўнасці да далейшых перамоў.

Аднак у Кіеве заявілі, што будуць атакаваць караблі ВМФ РФ, калі тыя зойдуць у заходнюю частку Чорнага мора. У Маскве паведамілі, што спыненне агню на моры набудзе моц толькі пасля зняцця санкцый з РФ у сферы вытворчасці і гандлю харчаваннем і ўгнаеннямі. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у адказ на пытанне аб патрабаваннях РФ зняць санкцыі адказаў: «Мы паглядзім на іх і падумаем аб. Там каля пяці-шасці ўмоў. Мы паглядзім на ўсе іх».

Пасля публікацыі заяў аб спыненні агню, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвінаваціў Расію ў маніпуляцыях пры трактоўцы ўмоў пагаднення аб перамір'і на Чорным моры:

—Нажаль, ужо цяпер, прама ў дзень перамоў мы бачым, як расіяне ўжо пачалі маніпуляваць. Ужо яны спрабуюць перакруціць дамоўленасці і фактычна падмануць і нашых пасярэднікаў, і ўвесь мір. Ёсць абсалютна выразныя заявы, апублікаваныя Белым домам. Кожны можа паглядзець, што тамака значыцца. І ёсць тое, пра што зноў хлусіць Крэмль. Што рэжым перамір'я ў Чорным моры залежыць ад пытання зняцця санкцый.

Украінскі лідар назваў хлуснёй і сцвярджэнне Крамля аб тым, што забарона на абстрэл энергетычнай інфраструктуры ўступіла ў сілу 18 сакавіка. «Масква заўсёды хлусіць», —сказаў Уладзімір Зяленскі, паабяцаўшы, што калі расійскія войскі прадоўжаць атакаваць Украіну, то УСУ адкажуць ударамі па Расіі. «І калі расіяне потым будуць расказваць байкі, што нібыта ўдары былі не па энергетыцы або грамадзянскай інфраструктуры, усе ўсё ўбачаць», —заявіў Зяленскі, удакладніўшы, што ў працэс кантролю за выкананнем умоў спынення агню на Чорным моры, па дамоўленасці з прадстаўнікамі ЗША, што мы можам прыцягнуць — акрамя ЗША — трэці бок»:

— Напрыклад, нехта з Еўропы ці Турцыя. Мы можам гаварыць аб сітуацыі на моры, так? Можа, хтосьці з Блізкага Усходу па пытанню  энергетычных аб'ектаў. Гэта асобныя тэхнічныя пытанні. Важны кантроль, важны маніторынг і могуць быць задзейнічаныя іншыя краіны.

Уладзімір Зяленскі таксама заявіў, што ў сувязі з дасягненнем дамоўленасці будзе патрабаваць ад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа больш узбраенняў і санкцый супраць Расіі, калі Масква не будзе выконваць гэтыя дамоўленасці.

Тым часам адміністрацыя Дональда Трампа пагадзілася дапамагчы Расіі павялічыць экспарт збожжа і ўгнаенняў на сусветныя рынкі.

Паводле Анджэя Шабацюка з Інстытуту Цэнтральнай Еўропы  Люблінскага Каталіцкага Універсітэту, перамовы ў Эр-Рыядзе пакуль не далі ніякая канкрэтыкі, якую можна было б лічыць прарывам:

— Амерыканцы разлічваюць, што ўкраінцы самі не будуць выконваць палажэнні дамоўленасцей аб спыненні агню на Чорным моры, а таксама аб спыненні атак на аб'екты энергетычнай інфраструктуры. Прыходжу да такой высновы, бо амерыканцы не стварылі ніводнага механізма, каб звонку сачыць за выкананнем гэтага пагаднення. Няма канкрэтыкі. Аднак, з пункту гледжання Украіны, такія дамоўленасці з’яўляюцца вельмі абмежаваным поспехам. Расійска-амерыканскія перамовы паказваюць, што будзе вельмі складана ўзгадніць што-колечы.

У сваю чаргу, Анджэй Таляга з Warsaw Enterprise Institute лічыць, што Расія не хоча дасягнення сапраўднага перамір'я, бо адчувае, што выйграе на фронце:

— Каб заключыць дзейснае пагадненне, да паразумення павінны імкнуцца два бакі. Расійскі бок не надта імкнецца да гэтага, бо Расія адчувае сваю дамінацыю на полі бою, у сваю чаргу, амерыканцы, не ў стане зрабіць Расіі дастаткова прывабную для Крамля прапанову чагосьці ўзамен. Адсюль пазіцыі Вашынгтона і Масквы робяцца надта адлеглымі.

Тым часам, падобныя высновы пачаў публічна агучваць гаспадар Белага дому.  Дональд Трамп дапусціў, што Расія наўмысна зацягвае падпісанне пагаднення аб спыненні агню з Украінай. «Я не ведаю. Але я думаю, што Расія хоча пакласці канец гэтай вайне, але, магчыма, яна цягне час. Ведаеце, я рабіў так на працягу многіх гадоў: «Я не хачу падпісваць дамову, я хачу як бы застацца ў гульні, але, магчыма, я не хачу гэтага рабіць». Я не ўпэўнены. Але ўсё ж думаю, што Расія хацела б, каб гэта скончылася, і, сказаў Трамп у інтэрв'ю Newsmax увечары ў аўторак, 25 сакавіка.

Паводле амерыканскага лідара, Расія і Украіна кожны тыдзень губляюць у сярэднім у агульнай складанасці 2500 салдат. «Яны не амерыканцы, але з гэтага пункту гледжання гэта не мае для мяне значэння. Я бачу фотаздымкі з фронту, але хацеў бы іх не бачыць. Рукі, ногі і галовы раскіданыя паўсюль. Я проста хачу, каб гэта спынілася», — дадаў прэзідэнт ЗША.

Слухайце аўдыё!

PAP/IAR/эж