Фінскі даследчык Тоні Стэнстрам (Toni Stenström) прадставіў у Варшаве свою кнігу «Беларусь. Замоўчаная гісторыя». Аўтар гаворыць, што Беларусь для фінаў — шэрая пляма на карце Еўропы. Паразмаўлялі з даследчыкам пра тое, як ён са сваёй перспектывы бачыць бягучыя падзеі.
— Наколькі Усходняя Еўропа ў фокусе жыхароў Фінляндыі? Напрыклад, ці часта маладыя людзі ва ўніверсітэтах ідуць вывучаць гэты рэгіён?
— Калі я пачаў вывучаць рускую мову, гэта быў 2009 год — перыяд, калі фіны шмат інвеставалі ў Расію. Там было вельмі шмат фінскага бізнэсу. Быў фінскі інстытут, фінская школа, нашы консульствы, пасольствы. І, скажам так, было вельмі шмат магчымасцяў менавіта ў Расіі. Сітуацыя была зусім іншая, чым цяпер. Таксама было шмат турыстаў з Расіі. Ужо, напрыклад, на ўсходзе краіны ў крамах пачалі часам патрабаваць, каб супрацоўнікі мелі нейкі базавы ўзровень рускай мовы, бо ўсе кліенты практычна рускія, расійскія. Гэта даўняя гісторыя. Натуральна, цяпер руская не з'яўляецца папулярнай мовай.
І ўвогуле фіны менш сталі вывучаць мовы, таму што ўсе ведаюць англійскую, і многія мяркуюць, што гэта дастаткова. Гэта мова глабалізацыі.
Калі яны вывучаюць яшчэ якія-небудзь мовы, то гэта звычайна французская, нямецкая, калі чалавек зацікаўлены, напрыклад, кар'ерай у ЕС. Калі чалавек цікавіцца міжнароднымі адносінамі, гэта звычайна ЕС ці Лондан, ці Вашынгтон. А ўсходнія сталіцы сапраўды не вельмі папулярныя на дадзены момант. Я ведаю, што тыя фіны, якія раней працавалі ў Расіі, ведаюць рускую мову, цяпер актыўна дапамагаюць украінцам. Таму што большасць украінцаў, якія прыязджаюць у Фінляндыю, валодаюць і ўкраінскай, і рускай мовамі.
Што тычыцца бізнесменаў, якія раней вялі бізнэс у Расіі, то ў асноўным гэта было будаўніцтва. І я бачу, што многія з гэтых будаўнікоў, бізнесменаў, ужо рыхтуюцца да адбудовы Украіны. Фінляндыя будзе інвеставаць шмат мільёнаў еўра, як і ўсе краіны ЕС. Там сапраўды трэба будзе прысутнасць еўрапейцаў, калі пачнецца адбудова. То бок, я думаю, што менавіта там бачаць магчымасці, не ў Расіі, а ва Украіне.
— Вы пяць месяцаў вучыліся па абмене ў Беларусі. Якія ў вас засталіся ўражанні ад краіны?
— Ну, было, вядома, вельмі чыста. Людзі вельмі спакойныя, зусім не такія, як у Маскве, напрыклад, калі я там працаваў. Думаю, што ў беларусаў ёсць таксама нейкі паўночны дух — яны даволі спакойныя, любяць прыроду, як і мы, любяць лазню, рыбалку, грыбы. Там нешта такое натуральнае, як у Скандынавіі. Беларусы таксама дастаткова пунктуальныя, сумленныя, па-мойму. То бок, я думаю, што інтэграваць Беларусь у ЕС была б не такая складаная задача.
Што мне не спадабалася? Ну, гэта была, натуральна, бюракратыя ваша. Гэта з пункту гледжання грамадзяніна Фінляндыі.
— У негатыўных прагнозах наконт пашырэння вайны на Еўропу фігуруе і Фінляндыя як патэнцыйны аб'ект атакі. Як вы глядзіце на такія прагнозы? На колькі яны для вас выглядаюць рэалістычным?
— Думаю, калі будзе параза Украіны, то наступнымі стануць краіны Балтыі, потым Фінляндыя ці Польшча. Цяпер Літва ў найбольш уразівай сітуацыі, яна знаходзіцца паміж Калінінградам і Беларуссю, ёсць гэты Сувалкаўскі калідор. Я думаю што гэта, можа быць, самая небяспечная кропка. Малдова таксама, па-мойму, у гэтым спісе на дастаткова высокім месцы.
Але, што тычыцца фінаў, у нас ёсць прызыўная армія, ужо тут некалькі пакаленняў рыхтуемся да падобнага сцэнара, так што мы гатовыя, калі што. Па-лацінску кажуць кажуць Si vis pacem, para bellum — Калі хочаш міру, рыхтуйся да вайны.
— Ёсць алармісцкія заявы, а ёсць і крытычныя, маўляў, Расія не змагла справіцца з Украінай, куды яшчэ далей ёй ісці? Што вы думаеце ў гэтым кантэксце?
— Эканоміка Расіі сапраўды ў дрэнным стане цяпер, але праблема наперш у тым, што грамадства цалкам мілітарызавана. Адначасова, па-мойму, заходнія краіны недастаткова падрыхтаваліся. Бачна, што рыхтуецца Польшча, краіны Балтыі, Фінляндыя — то бок краіны, якія знаходзяцца «на лініі фронту». Калі глядзець на Нямеччыну, на Францыю, то яны толькі цяпер прынялі рашэнне аб павелічэнні свайго вайсковага бюджэту, але гэты працэс будзе доўжыцца гадамі. Ваенныя заводы не адразу з'явяцца, не адразу пачнуць выпускаць ваенную тэхніку для ўкраінцаў, прыбалтаў, ці для палякаў, ці для фінаў.
Цяпер шмат што залежыць ад падзей на полі бою ва Украіне. Калі будзе перамір'е, гэта ні ў якім разе не стане канцом гэтай вайны. Узнікае пытанне аб тым, хто гарантуе гэта перамір'е — ці будуць там заходнія войскі?
Францыя кажа, што магчыма накіруе свае войскі ва Украіну. У Фінляндыі таксама ўзнялі гэтае пытанне.
Я бачу, што ў Расіі ёсць жаданне ваяваць, у Пуціна ёсць жаданне працягваць вайну. І гэта самая вялікая праблема, таму што заходнія краіны могуць, вядома, казаць аб тым, што мы хочам міру, давайце дамовімся наконт перамір'я. Але калі Расія не хоча міру, калі Расія хоча працягваць гэтую вайну, нам трэба падрыхтавацца да таго, што хутка і мы з імі будзем ваяваць.
— У вас ёсць адказ на пытанне, чаму ў расійскім грамадстве агулам нармальна ставяцца да такой з'явы, як вайна?
— Я думаю, што вайна — важная частка менавіта расійскай ідэнтычнасці. У Фінляндыі таксама ёсць калектыўная памяць, звязаная з вайной, але мяркую, што ў Расіі яна мацнейшая. Там амаль усе святы звязаныя з вайной, звязаныя з перамогай у Другой сусветнай вайне. І гэта актыўна падтрымліваецца дзяржавай.
Людзі звычайна слухаюць тое, што ім кажа ўлада, глядзяць на тое, што адбываецца вакол. Грамадства настолькі любіць вайсковую тэму, што ад гэтага складана адыйсці. Асабліва калі Пуцін сам вельмі любіць вось гэтую тэму.
— На момант поўнамаштабнай вайны ва Украіне вы пачалі працаваць у дыпламатычнай місіі Фінляндыі ва Украіне. За колькі дзён да пачатку вайны ваша амбасада атрымала апавяшчэнні пра тое, што будзе вайна і патрабуецца эвакуацыя?
— Я думаю, што гэта ўжо канфідэнцыйная інфармацыя. Скажам так, амерыканцы адтуль вельмі рана з'ехалі і брытанцы. Еўрапейцы былі апошнія. Калі глядзець на апошнія тыдні перад вайной, то амерыканцы актыўна папярэджвалі аб тым, што Расія рыхтуецца да нападу. Але чамусьці еўрапейскія краіны не надта хацелі верыць у гэта.
вх