Злучаныя Штаты Амерыкі пачалі працэс вываду часткі сваіх войскаў з аэрапорта ў Ясёнцы(Jesionka) на паўднёвым усходзе Польшчы. Распаложаны ля Жэшава аэрапорт - гэта стратэгічны хаб падтрымкі Украіны. Паводле вайсковых уладаў ЗША, рашэнне з’яўляецца часткай больш шырокай стратэгіі аптымізацыі выдаткаў і перадачы большай адказнасці хаўруснікам па НАТА. У сваю чаргу, паводле каментатараў, гэта важны пасыл, як Еўропе, так і Расіі.
Аэрапорт у Ясёнцы – важны хаб для падтрымкі Украіны
З пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе аэрапорт у Ясёнцы адыгрываў ключавую ролю ў якасці часовага пункта перавалкі і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння для сіл, якія падтрымліваюць Украіну.
Нягледзячы на тое, што згаданае месца не з'яўляецца пастаяннай ваеннай базай, на працягу апошніх трох гадоў яно інтэнсіўна выкарыстоўвалася ЗША, НАТА і міжнароднымі партнёрскімі сіламі. Менавіта таму інфармацыя аб дыслакацыі амерыканцаў здзівіла грамадскую думку ў Польшчы.
Камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе і Афрыцы генерал Крыстафер Донах'ю падкрэсліў, што згаданае рашэнне дазволіць зэканоміць амерыканскім падаткаплатнікам «дзясяткі мільёнаў долараў у год».
Працэс узгадняўся як з польскімі ўладамі, так і са структурамі НАТА
Прэзідэнт і прэм'ер Польшчы супакойваюць, што гэта не вывад амерыканскіх войскаў з краіны.
Анджэй Дуда(Andrzej Duda), які знаходзіцца з візітам у Эстоніі, на пытанне журналісткі Польскага радыё пацвердзіў, што згаданая тэма была прадметам хаўрусніцкіх перамоваў:
- Я ведаю справу. Пераняцце адказнасці за бяспеку аэрапорта пад Жэшавам, абмяркоўвалася раней на хаўрусніцкім узроўні. Гэта не вывад войскаў.
У сваю чаргу, прэм’ер Дональд Туск(Donald Tusk) нагадаў, што рашэнне было прынята адміністрацыяй Джо Байдэна на апошнім саміце альянсу ў Вашынгтоне:
- Амерыканцы папярэдзілі нас пра гэта і запэўнілі, што жаўнеры, якія пакінуць Ясёнку, надалей будуць дыслакавацца ў Польшчы; што гэта не азначае нейкага скарачэння амерыканскіх сілаў у Польшчы. Я кажу пра гарантыі і спадзяюся, што яны будуць рэалізаваныя.
Паводле віцэ-прэм’ера і міністра нацыянальнай абароны Уладзіслава Касіняка-Камыша(Władysław Kosiniak-Kamysz), амерыканцы з Ясёнкі будуць размешчаныя на іншых базах:
- Мы назвалі базы, у якіх мы можам прыняць амерыканскіх жаўнераў. Усё адбывалася ў супрацы з амерыканскім камандаваннем і нашым генштабам.
Зараз у місіі ў Ясёнцы задзейнічаны пераважна нарвежскія, нямецкія, брытанскія і польскія вайскоўцы. Працэс вываду амерыканскіх войскаў з Ясёнкі будзе працягвацца некалькі тыдняў.
Мы не можам дапусціць скарачэння амерыканскіх войскаў на ўсходнім флангу НАТА, перасцерагае дэпутат ад апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» Марцін Пшыдач(Marcin Przydacz). Былы намеснік міністра замежных спраў нагадаў, што аэрапорт у Ясенцы з'яўляецца стратэгічным месцам у Польшчы і павінен мець ахову амерыканскіх войскаў:
- Гэта вельмі важнае месца, дзе прызямляюцца самалёты з вайсковай тэхнікай, якая потым адпраўляецца на ўкраінскі фронт. Таму згаданы аэрапорт павінен быць найбольш бяспечным месцам у Польшчы, бо РФ адназначна сочыць за ім.
Гэта таксама пасыл Пуціну: Мы адступаем!
Між тым былы камандуючы польскага спецпадраздзялення GROM генерал Раман Полка(Roman Polko), падкрэслівае, што рашэнне амерыканцаў, гэта не пазітыўны сігнал:
- Адсутнасць амерыканцаў у Ясёнцы пад Жэшавам, выразна паказвае на тое, што падтрымка Украіны больш не з’яўляецца прыярытэтам ЗША. Гэта таксама пасыл Пуціну: Мы адступаем! Калі нехта будзе надалей рашуча падтрымліваць Украіну, гэта напэўна не мы! Гэта не толькі дрэнная навіна для Украіны, але і для Польшчы, бо Жэшаў, у прыватнасці аэрапорт у Ясёнцы – гэта вельмі важнае месца, якое трэба ахоўваць. У сваю чаргу сама амерыканская прысутнасць прымушала Расію дзейнічаць больш асцярожна ў гэтым рэгіёне.
У сваю чаргу камандар (беларускі адпаведнік палкоўніка) рэзерву, рэдактар партала Defence 24 Максіміліян Дура(Maksymilian Dura) лічыць, што амерыканцы, канчаткова, скароцяць сваю ваенную прысутнасць у Польшчы. Экспэрт падкрэсліў, што рашэнне Вашынгтона адмовіцца ад прысутнасці ў аэрапорце ў Ясёнцы вымушае Войска Польскае перакінуць туды ўласныя сілы:
- Гэта не так, што палякі заменяць амерыканцаў у Ясёнцы, а амерыканцы палякаў у іншым месцы. У Польшчы пакуль недастатковая колькасць сістэмаў Patriot – у нас іх усяго некалькі. Цяпер палова з іх будзе адпраўлена для абароны Жэшава. Гэта сур’ёзная праблема, бо, нагадваю, мы павінны пастаянна абараняць паветраную прастору на мяжы з Украінай. Таму гэта складаная сітуацыя, але мы справімся з гэтым выклікам.
Паводле СМІ, Пентагон плануе скараціць колькасць амерыканскіх вайскоўцаў у Польшчы
Між тым, учора амерыканскі тэлеканал NBC News паведаміў, што Пентагон разглядае магчымасць вываду 10 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў з Польшчы і Румыніі. СМІ спаслаліся на шэсць ананімных амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў.
Нагадваем, пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну адміністрацыя Джо Байдэна павялічыла амерыканскую ваенную прысутнасць на ўсходнім флангу НАТА на 20 000 вайскоўцаў, 10 000 з якіх дыслакаваліся ў Польшчу.
Як паведамляе NBC, амерыканцы яшчэ не прынялі канчатковага рашэння аб памеры скарачэння, але адна з прапаноў бярэ пад увагу скарачэнне на паловы сіл, накіраваных у Еўропу папярэдняй амерыканскай адміністрацыяй.
IAR/аз