Камандаванне арміі ЗША ў Еўропе і Афрыцы (USAREUR-AF) абвясціла аб запланаванай перадыслакацыі амерыканскіх вайскоўцаў і абсталявання з аэрапорта Яcёнка каля Жэшава ў іншыя месцы Польшчы.
Як падкрэсліваецца ў камюніке, апублікаваным на сайце камандавання, гэтая перадыслакацыя з'яўляецца «часткай больш шырокай стратэгіі па аптымізацыі ваенных аперацый ЗША, паляпшэнню падтрымкі саюзнікаў і партнёраў пры адначасовым павышэнні эфектыўнасці».
У дакуменце адзначаецца, што гэтае рашэнне «адлюстроўвае шматмесячныя ацэнкі і планаванне», якія праводзіліся ў каардынацыі з польскім бокам і іншымі саюзнікамі па НАТА.
Ясёнка працягне выкарыстоўвацца для аказання ваеннай дапамогі Украіне, падкрэсліваецца ў камюніке. Амерыканскія вайскоўцы прыбылі ў аэрапорт пад Жэшавам на пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 г.
На змену амерыканцам у апошнія месяцы там былі разгорнутыя зенітныя сістэмы з Германіі і Нарвегіі.
PAP/эж