Беларуская Служба

Канада хоча заняць месца ЗША ў якасці новага лідэра вольнага свету

11.04.2025 13:13
Новы канадскі прэм'ер-міністр заявіў, што Канада гатова заняць месца лідара замест ЗША ў заходнім свеце. Эксперты падкрэсліваюць, што Канада — адказны партнёр, гатовы да больш шчыльных адносін з ЕС дзеля падтрымання стабільнасці эканамічнага парадку. 
Аўдыё
  • Канада гатова заняць месца лідара замест ЗША ў заходнім свеце
    -2025
Канадскі павільён напярэдадні адкрыцця Экспа-2025 у Японіі EPA/FRANCK ROBICHON Dostawca: PAP/EPA.

Рашэннем прэзідэнта Дональда Трампа ЗША ўвялі мыта ў дачыненні да 170 краін свету. Амерыканская прэзідэнцкая адміністрацыя назвала гэты крок – Днём Вызвалення, прадстаўляючы аналогію, што Злучаныя Штаты вызваліліся ад цяжару несправядлівага гандлю, калі ўвесь свет нібыта зарабляў на неабмежаваным доступе да амерыканскага рынку. У адказ на гэта з моцным пасланнем выступіў новы канадскі прэм'ер-міністр Майк Кэрні з дэкларацыяй аб гатоўнасці Канады замяніць ЗША.

— Сістэма сусветнага гандлю засяроджаная вакол Злучаных Штатах, на якую Канада абапіралася пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, скончылася. 80-гадовы перыяд, калі Злучаныя Штаты бралі на сябе ролю глабальнага эканамічнага лідара, калі яны стваралі альянсы, заснаваныя на даверы і ўзаемнай павазе,  выступаючы за свабодны і адкрыты абмен таварамі і паслугамі, - скончыўся. Канада гатова ўзяць на сябе лідзіруючую ролю ў стварэнні кааліцыі краін-аднадумцаў, якія падзяляюць нашы каштоўнасці. Мы верым у міжнароднае супрацоўніцтва. Мы верым у свабодны і адкрыты абмен таварамі, паслугамі і ідэямі, і, калі Злучаныя Штаты больш не захочуць лідзіраваць, то гэта зробіць Канада.

Ці сапраўды Канада можа заняць месца ЗША ў якасці новага лідара вольнага свету? Эксперты па міжнародных справах перакананыя, што гэта цалкам рэальная магчымасць, прынамсі ў некаторых аспектах. Гаворыць кіраўнік аддзела знешняга гандлю Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю ў Канадзе Майкл К. Дэмбэк.

— Лідарства ў сучасным свеце - гэта не лозунгі. Гаворка ідзе пра тое, каб быць надзейным. Канада ў гэтым сэнсе ўстойлівая краіна, якая прытрымліваюцца правіл, шануе гандлёвыя здзелкі, і ў той час, калі прадказальнасць вельмі рэдкая, такая стабільнасць мае значэнне.

 У сваю чаргу заснавальніца і генеральны дырэктар Canadian Energy Ventures, былая намесніца міністра міжурадавых сувязяў, а таксама былая намесніца міністра навакольнага асяроддзя і ахоўных тэрыторый ва ўрадзе канадскай правінцыі Альберта Катажына Джэвецка-Піке бачыць для гэтага шэраг перадумоў.

— Канада знаходзіцца ў вельмі ўнікальным становішчы на ​​міжнароднай і сусветнай арэне. Нас успрымаюць як Швейцарыю Паўночнай Амерыкі. У гэтай сітуацыі ў нас, на жаль, няма вялікай арміі. Ці возьме Канада ролю лідара вольнага свету? Магчыма, але не ў ваенным сэнсе. Мы не маем такога памеру эканомікі як ЗША, але ў маральным ды энергетычным плане - безумоўна так. Мы - краіна, якая абараняе міжнародныя правілы, падтрымлівае Украіну і сур'ёзна ставіцца да энергетычнай бяспекі, прамова прэм'ер-міністра Карні стала відавочным сігналам таго, што Канада больш не задавальняецца тым, каб проста сядзець, склаўшы рукі.

Мы таксама спыталі экспертаў, ці можа Канада, ва ўмовах усё больш трывожных крокаў адміністрацыі Трампа і пашырэння падзелаў у Паўночнай Амерыцы, схіліцца да Еўропы нашмат мацней, чым раней. Шчыра кажучы, гэта ўжо адбываецца, зазначыў Майкл К. Дэмбэк.

— СЕТА (дамова аб свабодным гандлі паміж ЕС і Канадай) была гэтым буйным крокам, cведчаннем агульных каштоўнасцяў: прававой дзяржавы, дэмакратыі, павагі да міжнароднага права.  Калі Паўночная Амерыка будзе станавіцца ўсё больш непрадказальнай, паварот Канады ў бок Еўропы будзе мець вялікі сэнс з пункту гледжання гандлю і бяспекі. І я думаю, што мы ўжо бачым гэта цяпер. З маіх назіранняў у Канадзе вынікае, што ўсё больш кампаній шукаюць выхадаў, каб працаваць з Польшчай, каб працаваць з ЕС? І тое ж самае з правінцыйнымі, муніцыпальнымі і нават федэральнымі ўладамі Канады. Гэты тон чуваць нават у прыватных размовах, гэта тое, што пастаянна ўсплывае.

Гэта зусім не нерэальна, што Канада паглыбіць адносіны з Еўропай, кажа Катажына Джэвецка-Піке.

— Афіцыйнае сяброўства ў Еўрасаюзе можа не разглядацца па зразумелых прычынах. Аднак стратэгічнае збліжэнне вельмі важнае. Канада ўжо мае пагадненне аб свабодным гандлі з Еўрапейскім саюзам пад назвай CETA. У свеце, дзе Злучаныя Штаты самаізалююцца і, шчыра кажучы, з'яўляюцца непрадказальнымі, для Канады цалкам разумна абаперціся на трансатлантычнае партнёрства. Не толькі для гандлю, але і для абароны, тэхналогій, энергетыкі і дэмакратычнага супрацоўніцтва. Я хацела бы таксама дадаць, што Вялікабрытанія з'яўляецца яшчэ адным натуральным эканамічным саюзнікам як для Еўрасаюза, так і для Канады. Падводзячы вынік, Еўропа з'яўляецца натуральным саюзнікам Канады ва ўмовах усё большага фрагментаванага сусветнага парадку. Нішто не зробіць мяне больш шчаслівай, чым тое, што Еўропа, у прыватнасці Польшча, будзе больш шчыльна супрацоўнічаць з Канадай.

Ці сапраўды Канада, Еўрапейскі саюз, Вялікабрытанія значна паглыбяць свае сувязі перад тварам непрадказальнасці і варожага падыходу да вонкавага свету, у тым ліку да хаўруснікаў, з боку адміністрацыі Трампа? Час пакажа, якім будзе адказ на дадзенае пытанне. Аднак, як падкрэсліваюць эксперты ў міжнародных дачыненнях, цяпер акалічнасці для гэтага як ніколі спрыяльныя.

Марцін Матушэўскі/юл