Беларуская Служба

Спікерам Сенату 10-га склікання стаў апазіцыйны палітык Томаш Гродзкі

13.11.2019 14:55
Паводле апазіцыі, гэта перамога дэмакратыі. У сваю чаргу кіроўная партыя баіцца, што Сенат можа ўскладняць заканадаўчы працэс. 
Аўдыё
Томаш Гродзкі PAP/Tomasz Gzell

Калі Томаш Гродзкі зайшоў на моўніцу ў якасці новага спікера, ён падняў уверх руку з сімвалічным жэстам «V» (свабода). У Польшчы з такім знакам на моўніцу ў сваім часе ўвайшоў першы некамуністычны прэм’ер-міністр Тадэвуш Мазавецкі.

Паводле новага спікера, яго абранне - гэта перамога дэмакратыі. Томаш Гродзкі запэўніў, што Сенат будзе, найперш, клапаціцца пра высокую якасць прыманых законаў:

- Сенат з’яўляецца вышэйшай палатай парламенту. Калі нехта думае, што мы будзем выконваць ролю толькі тармазоў для Сейму, то ён памыляецца. А ў гэтым скліканні мы маем дачыненне з асаблівай сітуацыяй – Сейм у руках кіроўнай партыі, а Сенат – у руках апазіцыі.

Новы спікер гаварыў, што Сенат павінен вярнуцца да сваёй ролі, што Сенат – гэта эманацыя народу.
Выбар спікера Сенату быў адным з ключавых момантаў у польскай палітыцы. На апошніх парламенцкіх выбарах дэпутацкую большасць у Сейме атрымала кіроўная партыя «Права і справядлівасць». У сваю чаргу ў Сенаце партыі не ўдалося атрымаць абсалютнай большасці, якую гэтым разам склалі сенатары «Грамадзянскай кааліцыі», Польская Сялянскай партыі, левых сіл і трое незалежных кандыдатаў.

Вынік учорашняга галасавання да самага канца быў няпэўным. Ніводзін з бакоў не меў упэўненасці, як прагаласуюць незалежныя сенатары.

За кандыдатуру Томаша Гродзкага прагаласавалі сенатары з «Грамадзянскай кааліцыі», Польскай сялянскай партыі, левых сіл і двое незалежных сенатараў – агулам 51 чалавек. Адзін незалежны сенатар стрымаўся ад голасу.

Лідар апазіцыйнай партыі «Грамадзянская платформа» Гжэгаж Схетына, каментуючы выбар спікера Сенату, сказаў, што гэта перамога цэлай апазіцыі:

- Гэтую перамогу мы прысвячаем усім, хто верыў, што выбарчы вердыкт можа быць захаваны, што Сенат можа быць сапраўднай вышэйшай палатай польскага парламенту. Бліжэйшыя дні тыдня, месяца пакажуць добрую супрацу паміж большасцю і меншасцю, паміж апазіцыяй і тымі, хто прадстаўляе кіроўную партыю. Тое, што гэта Сенат будзе гарантаваць сумленныя, дакладныя дэбаты.

Паводле апазіцыі, Сенат папярэдняга склікання не выконваў сваю ролю, а галасаваў над законамі так, як гэтага хацела «Права і справядлівасць».

У сваю чаргу кіроўная партыя, страціўшы большасць і пасаду спікера, выказала боязі, што Сенат у руках апазіцыі будзе тармазіць заканадаўчы працэс.

Сенатар кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Войцех Скуркевіч, каментуючы перамогу кандыдата апазіцыйнага блоку сказаў, што ён разлічвае на сур’ёзную працу ў Сенаце, якая не будзе паралізаваць заканадаўчага працэсу:

- Гэта мой трэці тэрмін паўнамоцтваў у Сенаце і трэці раз у апазіцыі. Я ўпэўнены, што Сенат, як і раней, найлепшым чынам будзе выконваць сваю працу. У заканадаўчым працэсе Сенат не можа заблакаваць працу. Я перакананы, што гэта будзе супольная праца ўсіх, не зважаючы на падзелы, як заахвочваў рабіць спікер Гродзкі. Мы трымаем за слова і паглядзім, што будзе далей.

Кандыдат «Права і справядлівасці», папярэдні спікер Станіслаў Карчэўскі атрымаў 48 галасоў. Ён разлічвае на супрацу з парламенцкай апазіцыяй, якая ў вышэйшай палаце мае большасць. Станіслаў Карчэўскі сказаў, што бачыць у выказваннях новага спікера Сенату некалькі супярэчнасцяў, але верыць у яго абяцанні:

- З аднаго боку, ён кажа пра паразуменне, аб працягванні рукі да меншасці, якой цяпер у Сенаце з’яўляецца «Права і справядлівасць». З іншага боку, паводле майго адчування, кажа пра блакаванне законапраектаў. Мы ўсе дакладна разумеем, што можна блакаваць, але нельга заблакаваць урадавыя законы, законы, якія будуць прынятыя Сеймам.

Вышэйшая палата не можа блакаваць законаў, прынятых Сеймам, але можа адкласці іх прыняцце на 30 дзён, уносіць папраўкі, якія можна прыняць абсалютнай большасцю. Таксама Сенат мае магчымасць намінаваць кандыдатаў на некаторыя пасады і высоўваць ініцыятывы ў Сейме. Сенатар Гродзкі таксама заявіў, што будзе карыстацца правам выступаць з прамовамі ў публічнай тэлевізіі.
Томаш Гродзкі нарадзіўся ў Шчэціне. У 2015 годзе ён стаў сенатарам, з’яўляецца прафесарам медыцынскіх навук, хірургам.

ав