Беларуская Служба

Дональд Трамп прапануе вырашэнне працяглага канфлікту паміж ізраільцянамі і палестынцамі

30.01.2020 15:35
Ізраільцяне з вялікім энтузіязмам успрынялі прапанову Трампа, але палестынцы былі ёй абураныя.
Аўдыё
     .
Сутычкі палестынцаў з ізраільскімі сіламі бяспекі. Палестынцы пратэстуюць пасля аб'яўлення Трампам "Дамовы стагоддзя" аб мірным урэгуляванні канфлікту паміж Ізраілем і Палестынайфота: PAP/EPA/ABED AL HASHLAMOUN

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапануе вырашэнне працяглага канфлікту паміж Ізраілем і Палестынскай аўтаноміяй. Трамп аб’явіў план урэгулявання канфлікту, які, аднак, зусім не задавальняе палестынцаў.

Міратворчы план для Блізкага ўсходу – гэта гучыць добра, але, як звычайна, неабходна прааналізаваць падрабязнасці. План дае дзяржаве Ізраіль гарантыю бяспекі і прызнае яе права на новую тэрыторыю (якую палестынцы называюць акупаванай тэрыторыяй). У сваю чаргу Палестына атрымала б сваю дзяржаўнасць і вялізную фінансавую падтрымку – як мінімум 50 млрд. долараў ЗША эканамічнай дапамогі.

Ізраільцяне з вялікім энтузіязмам успрынялі прапанову Трампа, але палестынцы былі ёй абураныя. Перш за ўсё не спадабалася ім тое, што, паводле прапановы ЗША, горад Ерусалім стане поўнасцю ізраільскім. Грошы – гэта не ўсё, за іх палестынцаў не ўдасца купіць, – адзначае доктар навук Агнешка Брыц (Agnieszka Bryc) з Кафедры міжнародных адносінаў універсітэту ў Торуні.

- Грошы - не самыя важныя. Самае важнае – дзяржава, а тое, што прапануе Трамп, не дае палестынцам гарантыі стварэння дзяржавы і трывалага міру. Калі вывучыць карту, якая была далучана да плану мірнага ўрэгулявання, то можна заўважыць, што палестынцы страцяць каля 30% тэрыторыі, якая найбольш іх цікавіць – гэта землі на Заходнім беразе ракі Іярдан. Праўда, ідзе гаворка пра тэрытарыяльную кампенсацыю, але на пустыні. Паводле міжнароднага права, палестынская дзяржава павінна мець межы, вызначаныя ў 1967 годзе, а тое, што прапануе Трамп, гэтае права парушае.

Па словах госця Польскага радыё, для палестынцаў вельмі важна, да каго будзе належаць горад Ерусалім, паколькі яны лічаць яго сваёй сталіцай.

- На першы позірк прапанова Трампа наконт Ерусаліму выглядае цалкам прыймальна. Прэзідэнт заявіў, што Ерусалім будзе непадзельнай сталіцай дзяржавы Ізраіль. З іншага боку, прадмесце Ерусаліма будзе названае Аль-Кудс, гэта значыць, сталіца Палестыны. Такім чынам, амерыканцы ды ізраільцяне вяртаюцца да сваіх старых прапаноў, але гэтыя прапановы задавальняюць толькі два бакі – амерыканцаў ды ізраільцянаў, але не задавальняюць палестынцаў.

У такім выпадку, што магло б пераканаць палестынцаў, каб яны падтрымалі міратворчы план? Немагчыма, каб Ізраіль рэалізаваў яго ў аднабаковым парадку.

- Пакуль што не ўдасца рэалізаваць міратворчы план, паколькі ён несправядлівы, не задавальняе ўсе бакі. Палестынцы хацелі б атрымаць рэальную магчымасць стварыць уласную дзяржаву з усімі яе атрыбутамі, а дадзены план гэтага не прадугледжвае, у палестынцаў, напрыклад, не можа быць уласнай арміі, а нават выразна акрэсленых дзяржаўных межаў. Палестынцы не атрымліваюць нічога, акрамя абяцання патэнцыйных інвестыцыяў, але не фактычных, а толькі патэнцыйных. Неабходна яшчэ знайсці інвестараў, якія хацелі б укласці свае сродкі. Арабскія краіны скептычна ставяцца да амерыканскага плану. Таксама еўрапейскія краіны холадна трактуюць прапанову, некаторыя яе падтрымалі, але большасць захоўвае маўчанне і чакае развіцця падзей. Так што можа так здарыцца, што Ізраіль пачне ажыццяўляць план у аднабаковым парадку, паколькі нельга забываць, што там праз месяц, 2 сакавіка, пройдуць выбары. У сваю чаргу праз год адбудуцца выбары ў ЗША, а план прадугледжаны на чатыры гады. Можа быць так, што з палестынскага пункту гледжання нічога не зменіцца, але сітуацыя на самой справе яшчэ больш ускладніцца.

Пра амерыканскі план мірнага ўрэгулявання канфлікту разважала Агнешка Брыц з Торуньскага ўніверсітэту.

План прадбачвае стварэнне палестынскай дзяржавы на Заходнім беразе і сектары Газа, хаця розныя часткі гэтай дзяржавы не мелі б паміж сабой адной мяжы. Прапанову крытыкуюць не толькі палестынцы, але таксама частка ізраільскіх палітыкаў.

Канфлікт паміж ізраільцянамі і палестынцамі цягнецца ўжо звыш 70 гадоў. Перад прэзідэнцкімі выбарамі ў ЗША, на якіх намераны балатавацца Дональд Трамп, ён вырашыў прадставіць план міратворчага вырашэння канфлікту ў якасці аднаго са сваіх выбарчых абяцанняў. Яго крытыкуюць эксперты, якія заяўляюць, што амерыканская адміністрацыя прымае рашэнні, якія карысныя толькі для Ізраіля, а план рыхтавалі людзі, якія не маюць вопыту працы на Блізкім Усходзе.

І Пр. ПР/нг