Беларуская Служба

Ці візіт у Беларусь дзяржсакратара ЗША дасць А. Лукашэнку вялікую перавагу ў супрацьстаянні з Расіяй?

03.02.2020 14:34
На думку палітычнага аглядальніка, візіт Майка Пампеа ў Беларусь з’яўляецца сігналам перш за ўсё ў бок расіян.
Аўдыё
.   . , , 01.02.2020
А. Лукашэнка і М. Пампеа, Мінск, 01.02.2020фота: PAP/EPA/NIKOLAI PETROV / BELTA / POOL

Падчас свайго суботняга візіту ў Мінск амерыканскі дзяржсакратар Майк Пампеа заявіў, што Злучаныя Штаты Амерыкі не патрабуюць, каб Беларусь выбрала Захад і адмовілася ад кантактаў з Расіяй. Пры гэтым, аднак, высокапастаўлены госць выразіў сваё занепакаенне парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.

Незалежныя эксперты адзначаюць, што гэты візіт дазволіць Аляксандру Лукашэнку быць больш упэўненым на перамовах з расіянамі, у яго паявіўся дадатковы козыр. У Мінску з вуснаў амерыканскага палітыка прагучала заява, што ЗША падтрымліваюць незалежнасць Беларусі і гатовыя прадаваць ёй нафту па «канкурэнтнай цане». Ці гэты візіт насцярожыў Расію? Гаворыць госць Польскага радыё – спецыяліст па Ўсходняй Еўропе Барташ Тэслаўскі, намеснік галоўнага рэдактара парталу Eastbook.eu.

- У палітычнай плоскасці гэты візіт можа непакоіць Расію. Амерыканцы высылаюць мэсідж, што яны назіраюць за беларуска-расійскімі адносінамі і гатовыя ўмяшацца. Падчас перамоў шмат разоў згадвалася беларуская незалежнасць, што ЗША гатовыя яе падтрымаць. Калі Беларусь пачула, што ёй гатовая аказаць падтрымку такая магутная дзяржаву, яна можа больш упэўнена адчуваць сябе на перамовах з Расіяй, адпаведна, значна цяжэй будзе прасунуць глыбокую інтэграцыю.

Таксама Майк Пампеа заявіў, што ЗША могуць на 100% забяспечыць Беларусь энерганосьбітамі, Мінск толькі павінен агучыць такую просьбу. Ці сапраўды магчыма, каб пастаўкі сыравіны з Амерыкі поўнасцю замянілі расійскую нафту?

- На думку як расійскіх, так і беларускіх экспертаў, такой магчымасці хутчэй няма. Канешне, Беларусь можа купляць нафту ў іншых краінах, у тым ліку ЗША, аднак праблема заключаецца ў тым, што беларусы купляюць нафту ў Расіі вельмі танна. Акрамя таго, пастаўка па нафтаправодзе таксама значна таннейшая, чым пры дапамозе танкера. Нафта з ЗША была б даражэйшай. І неабходна было б перабудаваць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, якія былі збудаваныя з думкаю пра расійскую сыравіну. Зразумела, Беларусь можа купляць амерыканскую нафту, але яна не вырашыць праблемы гэтак званага падатковага манеўру, у выніку якога беларусы пачнуць плаціць за расійскую нафту рынкавую цану. Паводле падлікаў эканамістаў, Беларусь страціць каля 15% свайго ВУП, гэта быў бы жахлівы ўдар па беларускай эканоміцы. Беларусі патрэбнае не якая-небудзь нафта, а вельмі танная нафта, якая пастаўляецца з Расіі.

Амерыканцы гатовыя прыслаць свайго пасла ў Мінск, пра што ішла гаворка падчас візіту Пампеа, але не было гаворкі пра адмену санкцый ЗША супраць Беларусі. Чаму амерыканцы пакуль што не збіраюцца адмяняць санкцыі?

- Таму што ўмовай адмены санкцый з’яўляецца дэмакратызацыя Беларусі і адмова ад парушэння правоў чалавека. На маю думку, беларускія ўлады не пойдуць на дэмакратызацыю, хаця ў Лукашэнкі цяпер апошняя магчымасць, каб прызначыць дэмакратычныя выбары з удзелам апазіцыі. Пакуль што беларускае грамадства яшчэ не адчула дрэнных наступстваў эканамічнага крызісу, таму Лукашэнка і так бы на выбарах перамог. Небяспека заключаецца ў тым, што калі б рэжым даў грамадству крышку свабоды, людзі маглі б захацець больш, а гэта магло б закончыцца нечым непрадбачаным, нават рэвалюцыяй, улады гэтага баяцца. А ці амерыканцы могуць аказаць значны ўплыў на сітуацыю ў Беларусі? Маім меркаваннем, калі пад пагрозай будзе незалежнасць дзяржавы, ЗША можа рашуча адрэагаваць.

Ці ЗША гатовыя ўкладваць свой капітал у беларускую эканоміку? Падчас перамоваў з шмат месца займаў не толькі палітычны, але таксама эканамічны аспект.

- Акрамя сустрэч з Лукашэнкам і Макеем, Пампеа наведаў таксама Парк высокіх тэхналогіяў пад Мінскам. Амерыканскі дыпламат быў у захапленні ад таго, што там убачыў. Гэта месца, дзе нараджаюцца вельмі каштоўныя і патэнцыйна важныя тэхналогіі, якія маглі б зацікавіць амерыканскіх інвестараў. Дарэчы, агулам беларуская эканоміка, калі яе лібералізаваць і дапусціць замежны капітал, магла бы стаць прывабнай для інвестараў, у тым ліку амерыканскіх. Аднак перад гэтым неабходна было б правесці глыбокія сістэмныя пераўтварэнні.

На думку палітычнага аглядальніка Барташа Тэслаўскага, візіт Майка Пампеа ў Беларусь з’яўляецца сігналам перш за ўсё для расіян – маўляў, мы дазваляем вам аказваць значны ўплыў на сітуацыю ў Беларусі, але ніколі не згодзімся, каб Беларусь стала часткай Расіі.

PR 24/нг