З ініцыятывай вынесці на разгляд еўрадэпутатаў прававыя рэформы ў Польшчы выступілі лібералы. Паводле перакананняў фракцыі судовая рэформа ў Польшчы, якую падтрымаў нядаўна прэзідэнт, можа прывесці да абмежавання незалежнасці суддзяў.
Супраць дэбатаў выступіла польская партыя «Права і справядлівасць». Еўрадэпутаты згаданай партыі заяўляюць, што Польшча ажыццяўляе такія самыя рэформы, як іншыя еўрапейскія краіны. Дэбаты ў Страсбургу на польскую тэму называюць «палітычным нападам». Больш падрабязна перадае са Страсбурга карэспандэнт Польскага радыё Караль Суруўка.
- Еўрадэпутат ад партыі ПіС Эльжбета Рафальска перакананая, што дыскусія прысвечаная Польшчы неабгрунтаваная. Дадзеная тэма ўздымалася месяц таму. Зашмат ужо такіх дыскусіяў ва ўмовах, калі ЕС не здольны ўважліва прааналізаваць дадзеную справу. У дачыненні да Польшчы і Вугоршчыны назіраецца прадузятае стаўленне ды несправядлівыя ацэнкі. У сваю чаргу лібералы, сацыялісты ды часта народнікаў перакананыя, што дыскусія патрэбна ў звязку з тым, што ў Польшчы адбыліся змены ў судовай галіне. Частка еўрадэпутатаў негатыўна іх ацэньваюць і заяўляюць, што вінаваты ў праблеме польскі ўрад. Трэба, каб у Польшчы змянілася сітуацыя. Апроч Польшчы еўрадэпутаты абмяркоўваюць адносіны з Вялікабрытаніяй. Гэта першае паседжанне Еўрапарламента без брытанскіх дэпутатаў.
Еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі зазначае, што дэбаты ў Еўрапарламенце пра прававую дзяржаву ў Польшчы ёсць працягам кампаніі нагавораў ды паклёпу на Польшчу.
- У звязку з тым, што паводле 7 артыкула, на падставе якога Еўракамісія абвінавачвае Польшчу ў адыходзе ад прававой дзяржавы, камісія фактычна прайграла. Дадзеная працэдура спынілася з-за адсутнасці патрэбнай колькасці галасоў. Таму цяпер ідзе спроба абвінаваціць Польшчу ў іншай форме, і на іншых платформах. Адна з іх – гэта Еўрапарламент. Тут не ўпершыню праходзяць такія дэбаты. Гэтым разам без рэзалюцыі. Яшчэ камісія падае скаргі ў Еўрапейскі суд юстыцыі. Гэта працяг палітыкі зняслаўлення Польшчы.
У кулуарах з'явіліся чуткі, што Польшча магчыма атрымае вялікі штраф у выніку разгляду справы ў Еўрапейскім судзе юстыцыі. Польскі еўрадэпутат зазначае, што гэта фальшыўка.
- Гэта элемент псіхалагічнай ды інфармацыйнай вайны. Бярэцца з няведання, комплексаў ды паслужлівасці перад ЕС з боку татальнай апазіцыі ды шырэйшых грамадскіх кол. Разлік на тое, што такі шырокі рэзананс паўплывае на гатовасць да саступак другога боку. Пытанне, хто першы на гэтай вайне нерваў не вытрымае.
Насамрэч рашэнне, каб аштрафаваць Польшчу, патрабуе больш складанай і доўгачасовай працэдуры, зазначае еўрадэпутат.
- Тут няма ніякіх юрыдычных падставаў. Суд вельмі палітычна дзейнічае, суддзі выйшлі за межы прававога поля і самі спрабуюць «вызначыць законы». Мы бачым, што ёсць палітычная прадузятасць у дачыненні да Польшчы з боку карпарацыі юрыстаў. Вайна нерваў працягваецца.
З 2015 года, пасля фармавання ўраду партыі «Права і справядлівасць» Брусель некалькі разоў крытыкаваў Варшаву за рэформы, якія праводзіць згаданая партыя. У першую чаргу гэта тычылася прапановаў па рэфармаванні судовай галіны. Польская кіроўная партыя бароніцца, заяўляючы, што не парушае еўрапейскіх стандартаў і мае права самастойна праводзіць рэформы.
Юры Ліхтаровіч