«Польшча бярэ ўдзел у розных афёрах ЗША», «наступіла амерыканская акупацыя», «палітыкі граюць вашай крывёй» – на старонцы Акадэміі баявых мастацтваў паявіўся ліст ад нібыта рэктара-каменданта ВНУ. Ён скіраваны да ўсіх польскіх жаўнераў, а асабліва да найважнейшых польскіх камандзіраў. Пад лістом, які крытыкуе, між іншым, супрацу з арміяй ЗША, нібыта падпісаўся генерал брыгады Рышард Параф'яновіч.
ВНУ інфармуе, што гэта хакерская атака. Пра справу піша konkret24.tvn24.pl. «У фальшывым артыкуле рэктару прыпісаныя словы, якіх ён ніколі не напісаў», – інфармуе вучэльня.
Ліст у негатыўным святле паказвае амерыканскае войска, утрымлівае крытыку вайсковага саюзу са Злучанымі Штатамі. Там напісана, між іншым, «гадамі Польшча прымае ўдзел у розных амерыканскіх афёрах», «амерыканцы робяць свае інтарэсы і спрабуюць дэманстраваць сваю вайсковую сілу», «наступіла амерыканская акупацыя».
Там таксама была крытыка правядзення вучэнняў DEFENDER-Europe 20 блізу расійскай мяжы. Паводле аўтара ліста, вучэнні гэта «выразная правакацыя і як бы намёк, што істотная пагроза для Польшчы і ўвогуле НАТА ідзе менавіта з Расіі».
У лісце таксама можна знайсці адкрытую крытыку кіроўнай партыі «Права і справядлівасць».
Хуткая рэакцыя ВНУ і выдаленне тэксту прадухілілі масавы распаўсюд спасылкі да старонкі з фальшывым лістом.
-Сцвярджэнні, змешчаныя ў фальшывым лісце генерала Параф’яновіча, у пэўным сэнсе ўпісваюцца ў маніпуляцыйныя тэзы, якія рэалізоўваюцца расійскімі цэнтрамі прапаганды, – гаворыць заснавальнік цэнтра даследаванняў і супрацьдзеяння маніпуляцыям інфармацыйных асяроддзяў Disinfo Digest Каміль Басай. Ён кажа, што тэзы з ліста сустракаюцца на расійскіх і прарасійскіх парталах, якія маюць аднолькавыя мэты.
Гаворачы пра мэты інфармацыйнай атакі, Каміль Басай кажа, што гэта можа быць дасягненне якога-колечы інфармацыйнага эфекту цяпер ці ў будучыні.
ав