-Лукашэнка вельмі заклапочаны рэкламай сваёй асобы на тэлебачанні. У сярэдзіне тыдня ён выказаўся перад сваім чынавенствам: «Трэба папрасіць расійскае тэлебачанне паказаць наш парад расіянам. Гэта ж нашы родныя браты».
А праз суткі МЗС Беларусі пазбавіла акрэдытацыі карэспандэнта расійскага «Першага канала» Аляксея Кручыніна. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў вячэрніх навінах на БТ-1. 18 хвілінаў прапагандысты Лукашэнкі бэсцілі расійскія СМІ. Можна чакаць магутны адказ з РФ.
-Палата прадстаўнікоў 8 траўня прызначыла прэзідэнцкія выбары ў 2020 годзе на 9 жніўня. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі, пра магчымы ўдзел у выбарах гаварылі каля дзясятка кандыдатаў.
-Са 130 манахінь Свята-Елізавецінскага манастыра амаль у паловы – каранавірус.
Пра гэта распавялі айцец Андрэй Лемяшонак і сястра Марыя Якаўлева. Манастыр на Вялікдзень, нягледзячы на рэкамендацыі кіраўніцтва БПЦ, не быў закрыты, а А. Лемяшонак, наадварот, заклікаў прыходзіць у храм і маліцца. Каранавірус быў масава выяўлены праз тыдзень пасля Вялікадня, а цяпер манастыр закрыты на каранцін.
-Міністэрства энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя Украіны перагледзела прагнозны баланс электраэнергіі на 2020 год, цалкам адмовіўшыся ад паставак з Беларусі і Расіі. Літоўскі ўрад неаднойчы заклікаў Украіну адмовіцца ад імпарту энергіі з Беларускай АЭС, якая будуецца непадалёк ад Вільні.
-Беларусь і Польшча пачынаюць супрацу ў сферы энергетыкі, ёсць дамоўленасці аб пастаўках у Беларусь нафты, паведаміў пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі 3 мая ў інтэрвʼю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1».
«У гэтым вельмі дапамагае актыўны палітычны дыялог паміж нашымі дзяржавамі, – дадаў дыпламат. – Мы разумеем патрэбу Беларусі ў дыверсіфікацыі крыніц энергіі, мы даўно гэта зрабілі. Мы ведаем, што Беларусь размаўляе з многімі краінамі, балтыйскімі і Польшчай, наконт магчымых транзітных шляхоў. У палітычным плане ў Польшчы ёсць вельмі добразычлівыя адносіны да гэтага пытання, і Польшча хацела б быць часткай гэтага жадання Беларусі дыверсіфікаваць крыніцы энергіі».
Па словах Міхальскага, цікавасць дзелавых колаў Польшчы да Беларусі расце – за апошні год у Беларусь прыехалі шмат польскіх бізнэсоўцаў. «Мы звязаны каранямі ў розных галінах і розных вымярэннях. Мы шмат робім, што спрыяе народнай дыпламатыі. Мы ўсведамляем, што наша суседства важнае, гэта не пагроза, а шанец», – падкрэсліў пасол.
Польскіх інвестараў, паводле яго, прывабліваюць розныя галіны беларускай эканомікі – мэблевая індустрыя, аграрная сфера, IT-сектар.
Міхальскі адзначыў станоўчую дынаміку ў эканамічным супрацоўніцтве дзвюх краін.
«У нас больш за тры мільярды долараў таваразвароту кожны год. Мы ў добрым становішчы, паколькі польскія інвестары шукаюць рынкі. Суседні рынак – гэта, па-першае, вельмі зручна, людзі вельмі добра разумеюць адзін аднаго, паколькі нашы мовы – беларуская і польская – падобныя адна да адной», – сказаў пасол Польшчы.
Уладзімір Падгол