Штотыднёвік Gazeta Polska публікуе інтэрв'ю заснавальніка і бяззменнага старшыні кіроўнай у Польшчы права-кансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслава Качыньскага.
«Як высветлілася наша апазіцыя не прызнае дэмакратычных правілаў. Яны не прызнаюць вяршэнства права. Яны не адмовіліся ад блакавання выбараў па вельмі простай прычыне: ім пагражае поўнае паражэнне. Яны скарысталіся пандэміяй каранавіруса. Спачатку апазіцыянеры заявілі, што немагчыма правесці галасаванне, таму што выбарчыя ўчасткі ўяўляюць сабой эпідэмічную пагрозу, а затым абвясцілі, што немагчыма галасаваць і па пошце», – адзначыў Яраслаў Качыньскі ў размове з выданнем Gazeta Polska.
Кіраўнік партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі ў чарговы раз запэўніў у непахіснасці ўрадавай кааліцыі: «урад Абʼяднаных правых сілаў можа спакойна працягваць сваю місію, прэзідэнцкія выбары пройдуць да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзейснага галавы дзяржавы і будуць праведзеныя самым бяспечным чынам».
Таксама ўплывовы польскі палітык Качыньскі пракаментаваў дзеянні Сената, які кантралюецца апазіцыяй: »Сенат выкарыстаў парламенцкія перашкоды, дадаўшы рыторыку аб тым, што гэта мы нібыта парушаем Канстытуцыю. Адным словам, поўная падмена ўсіх паняццяў – наданне словам цалкам супрацьлеглага значэння«.
«Адкінуўшы Вета Сената, «Права і справядлівасць» захавала магчымасць праводзіць выбары ў адпаведнасці з законам і, у той жа час, не ўводзіць рэжым стыхійнага бедства. Абвяшчэнне стыхійнага бедства ў сітуацыі, калі мы эфектыўна процідзейнічаем эпідэміі, у адпаведнасці з існымі законамі, было б відавочным і абуральным парушэннем Канстытуцыі» – – сцвярджае ў інтэрвʼю штотыднёвіку Gazeta Polska лідар «Права і справядлівасці» Яраслаў Качыньскі.
Варта адзначыць, што выданне Gazeta Polska лічыцца друкаваным органам кіроўнай у Польшчы партыі.
эж