Беларуская Служба

Апазіцыя змяніла свайго кандыдата ў прэзідэнты

18.05.2020 09:45
Паводле часткі каментатараў, кіроўная партыя не здзіўлена гэткім крокам апазіцыі.  
        .
Рафал Тшаскоўскі з’яўляецца новым кандыдатам „Грамадзянскай платформы” ў прэзідэнты.PAP/Mateusz Marek

Змена кандыдата на прэзідэнта ад галоўнай апазіцыйнай партыі ў Польшчы мяняе характар выбарчай кампаніі ў краіне. Нагадваем, на новых прэзідэнцкіх выбарах, тэрмін якіх павінен быць неўзабаве абвешчаны, кандыдатку „Грамадзянскай платформы” Малгажату Кідаву-Блоньскую (Małgorzata Kidawa-Błońska) замеміць мер Варшавы Рафал Тшаскоўскі (Rafał Trzaskowski).

Змена кандыдата ад апазіцыі не з'яўляецца нечаканасцю для ўрадавай кааліцыі правых сілаў. Паводле газеты Rzeczpospolita кіроўная партыя „Права й справядлівасць” мае ўжо новую выбарчую тактыку.

Тым ня менш змена кандыдата ад найбуйнейшай апазіцыйнай партыі прычыняецца да таго, што выбарчая кампанія набывае новую дынаміку. Газета адзначае, што цяпер ключавым пытаннем з'яўляецца сама дата выбараў і тое, як „Грамадзянская платформа” будзе паводзіць сябе ў Сенаце (вышэйшай палаце парламента), у якім мае большасць.

Паводле выдання, новая тактыка кіроўнай партыі ў рамках выбарчай кампаніі на першым этапе будзе зводзіцца да таго, каб нагадаць Тшаскоўскаму яго розныя няўдачы на пасадзе прэзідэнта сталіцай. Па-другое, палітыкі „Права й справядлівасці” плануюць пераконваць выбаршчыкаў, што магчымая перамога Тшаскоўскага азначае пастаянную палітычную спрэчку ва ўладах, а гэта ўяўляе сабой асаблівую пагрозу падчас крызісу, выкліканага пандэміяй.

На некарысць новаму апазіцыйнаму кандыдату павінен дзейнічаць таксама факт, што ён зяўляецца „дублёрам” Малгажаты Кідавы-Блоньскай.

Паводле газеты Rzeczpospolita, кіроўная партыя задумоўваецца таксама пра тое, як  адказаць на палітычную палярызацыю грамадства, якую можа паглыбіць Тшаскоўскі. Паводле некаторых каментатараў, у гэткай сітуацыі „Права й справядлівасць” можа зрабіць стаўку на больш памяркоўных палітыкаў ад сваёй партыі, якія змаглі б прыцягнуць выбаршчыкаў з буйных гарадоў.

аз