Лукашэнка сустрэўся з міністрам Каранікам: тэлеканал АНТ перадаў рэпартаж пра сустрэчу і вялікую цытату Лукашэнкі: «Я бачу інфармацыю, кантралюю, але ні ў якім разе нельга расслабляцца. Трэба да канца прайсці гэты шлях і даказаць усім, асабліва ў нас у краіне, ёсць у нас такія – «пісьменныя»... «Ах, навошта гэта ў нас 950 ці колькі там выпадкаў мы выяўляем «ковідных»? А чаму не больш?». Вось камусьці хочацца больш, яны не думаюць пра тое, што яны самі могуць трапіць у гэты лік. Ну, ёсць такія ў нас, любяць пагаварыць. Але гэта іх справа. Нам трэба ратаваць людзей, у тым плане, што трэба змагацца за жыццё людзей. Паказчык адзін застанецца – смяротнасць людзей. І тое, што мы ў гэтым плане лепшыя ў свеце – ніхто ўжо не аспрэчвае. Ніхто!»
Нагадаю, што кіраўнік РБ тыдзень таму заявіў, што ў нас навучыліся лекаваць каранавірус без абсталявання і лекаў.
А ў гэты час у каледжы мастацтваў і музычным каледжы Гродна выявілі некалькі чалавек з COVID-19. У каледжы мастацтваў тыдзень таму навучэнцам сказалі збіраць рэчы і ехаць дадому. Там гаворка ідзе пра дзясяткі хворых без пацверджанага каранавіруса.
На COVID-19 захварэлі футбалісты, якія выступаюць у беларускім чэмпіянаце, і іхныя трэнеры. Пра гэта паведамляюць самі футбалісты. Футбалісты «Тарпеда-БелАЗ» Уладзімер Бушма і Міхаіл Афанас'еў маюць станоўчы тэст на каранавірус, піша Tribuna.com.
Таксама пад падазрэннем знаходзіцца яшчэ некалькі футбалістаў асноўнага складу і два трэнеры, піша «Прессбол». Паводле выдання, у Сяргея Зяневіча хвароба праходзіць у цяжкой форме, яго шпіталізавалі.
У заяўцы на склад матчу 21 траўня адсутнічалі Бушма, Афанасьеў, Хачатуран і Бардачоў. Прычыны гэтага ў клубе каментаваць Tut.by адмовіліся.
Маладзёжная палата пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў – моладзевы парламент, чые рашэнні маюць рэкамендацыйны характар. На старонцы гэтага органа зʼявіліся вынікі «апытання» на тэму маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў.
Паведамляецца, што палата нібыта «правяла зрэз сярод актыўнай моладзі горада Мінска» і запыталася: «За каго сярод магчымых кандыдатаў у прэзідэнты вы б прагаласавалі?».
Колькі чалавек узялі ўдзел у гэтым «апытанні», які склад удзельнікаў, якая метадалогія – ніякай інфармацыі аб гэтым моладзевая палата не размясціла. Такое «апытанне» нельга лічыць сурʼёзным сацыялагічным даследаваннем.
Палата запэўнівае, што лідарам «апытання» стаў Лукашэнка (61%). Другую пазіцыю намалявалі кандыдату «Супраць усіх» (20%), трэцяе месца далі Гайдукевічу – 7%. Валерый Цапкала нібыта атрымаў 6%, а Віктар Бабарыка ўсяго 4%.
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына на пасяджэнні камісіі вырашыла адпусціць жарт пра сям’ю Міколы Статкевіча. Аказалася, што Марына Адамовіч, жонка палітыка Мікола Статкевіча, прынесла ў Цэнтрвыбаркам абноўленыя спісы ініцыятыўных груп. Але ў людзей нібыта забыліся пазначыць серыю і нумар пашпарта.
«Я баюся, увечары Марыну Адамовіч чакае сямейная сцэна!», – засмяялася Ярмошына.
Сябры каманды Статкевіча, якіх не зарэгістравала ЦВК, падалі скаргі ў суд. Калі заяўнікаў прывялі ў залю суду і яны чакалі суддзю, да іх уварваліся міліцыянты і пацягнулі з залі суду, павезлі ў раённыя аддзелы міліцыі. Судзілі, давалі суткі, штрафы за непадпарадкаванне міліцыянтам. У адной заяўніцы пасля міліцэйскага пастарунку зніклі залатыя ўпрыгожванні.
Вось такі старт прэзідэнцкай кампаніі.
Уладзімір Падгол
слухайце аўдыё