Беларуская Служба

Сёння амерыканцы святкуюць Дзень Незалежнасці

04.07.2020 07:01
4.07.1776 года была падпісана Дэкларацыя незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі.
Аўдыё
  • 4.07.1776 года была падпісана Дэкларацыя незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі.

З гэтага дня афіцыйна Злучаныя Штаты Амерыкі становяцца незалежнай і самастойнай дзяржавай. У той час ЗША складаліся толькі з 13 калоній Брытанскай Імперыі, якія вялі з ёй вайну за незалежнасць.

Сама Дэкларацыя была напісана амерыканскім палітычным і грамадскім дзеячам Томасам Джэферсанам. Падпісанне Дэкларацыі адбывалася на Другім Кантынентальнам кангрэсе, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі ўсіх 13 калоній.

Падпісанне Дэкларацыі было не лёгкай справай, некаторыя ўдзельнікі Кангрэсу не падтрымлівалі ідэі адлучэння ад Вялікабрытаніі.

У выніку, пасля доўгіх дэбатаў, за прыняцце дэкларацыі прагаласавала 12 штатаў, устрымаўся 1.
Тэкст дэкларацыі быў падпісаны 56 удзельнікамі кангрэсу.

Але галоўным зернем гэтай дэкларацыі быў нават не сам фармальны факт абвяшчэння незалежнасці, а пракламаванне роўнасці правоў людзей, а так сама права на рэвалюцыю.
«Мы трымаемся праўды, што людзі створаны роўнымі, і надзелены сваім Стваральнікам акрэсленымі і неад'емнымі правамі, найбольшыя з іх Жыццё, Свабода і памкненне да Шчасця. Дзеля таго каб забяспечыць гэтыя правы сярод Людзей устанаўліваецца Урад... але, як толькі такі Урад становіцца разбуральным у дачыненні да гэтых правоў, Права людзей змяніць, альбо звергнуць такі Урад і ўсталяваць новы».

Тэкст Дэклaрацыі абвінавачваў караля Вялікабрытаніі Георга, у тым, што менавіта ягонае кіраванне супярэчыла асноўным прынцыпам і правам людзей.

Кіраванне Георга амерыканскімі калоніямі акрэслівалася як тыранія, і зыходзячы з гэтага амерыканцы юрыдычна і згодна з боскімі пастулатамі атрымоўвалі права звергнуць урад і стварыць свой новы. Што і было зроблена.

Сёння 4 ліпеня лічыцца ўрачыстым нацыянальным Днём Незалежнасці ЗША, а дэкларацыя зʼяўляецца адной з самых важных гістарычных рэліквіяў
і каштоўнасцей у гісторыі Злучаных Штатаў. Арыгінал Дэкларацыі знаходзіцца ў Нацыянальным архіве ЗША.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара