Беларуская Служба

Лаўроў кажа пра дыялог, але нічога не згадвае пра палітвязняў у Беларусі

14.11.2020 16:11
Падзеі тыдня каментуе палітычны аглядальнік Уладзімір Падгол.
Аўдыё
Szef MSZ Rosji Siergiej Ławrow
Szef MSZ Rosji Siergiej ŁawrowAA/ABACA

Сілавікі не далі ў Мінску інвалідам правесці свой традыцыйны марш пратэсту супраць рэпрэсіяў. Пашыхтаваліся сцяною на шляху інвалідных вазкоў.

Суды працягвалі судзіць журналістаў. Іх ужо за кратамі 16. Журналісты – адны з самых небяспечных асобаў для рэжыму, бо дзякуючы ім і грамадзяне Беларусі, і людзі з усяго свету ведаюць пра гвалт і рэпрэсіі супраць сумленных грамадзянаў і палітыкаў.

Новы від рэпрэсіяў прэзентаваў Лукашэнка. Дыктатар загадаў усім уладальнікам прыватнага бізнесу ўтварыць дзяржаўныя прафсаюзы. А пры адмове іх ствараць прыгразіў ліквідаваць такі бізнес.

На АЭС здарылася аварыя. Кіраўнікі АЭС, як у савецкія часы кажуць, што так і трэба.

З РБ выслалі двух дыпламатаў амбасады Вялікабрытаніі – намесніцу амбасадара і вайсковага аташэ. Па АНТ патлумачылі, што яны сядзелі ў кавярні, пілі каву і назіралі ў вакно за тым, як праходзіць дэманстрацыя. Раз-пораз фатаграфавалі. Вось такія злачынцы з Вялікабрытаніі.

Нечакана стала вядома, як нам хлусяць пра COVID-19: улады заявілі, што імунітэт выпрацаваўся ў 2 млн беларусаў, але афіцыйна перахварэлі ўсяго 100 тысяч! Віцэ-прэм'ер Петрышэнка прагаварыўся. Аказваецца, ужо 15-20% беларусаў валодаюць імунітэтам ад каранавіруса. Але як, калі афіцыйна перахварэлі крыху больш за 1% насельніцтва?!

У шмат якіх гарадах РБ уводзіцца масачны рэжым, у Мінску ў тым ліку. А АГЛ завёў старую кружэлку, кажучы, што гэта каранапсіхоз і спосаб перадзяліць свет.

І ўрэшце самая трагічная навіна. Загінуў 31-гадовы хлопец Раман Бандарэнка. У двары яго біў нехта ў балаклаве, потым яго ўначы завезлі ў міліцыю, праз 2 гадзіны забрала хуткая дапамога. Там канстатавалі цяжкія траўмы галавы і ў хуткім часе ён памер. Ён спецыяльна пазбягаў шэсцяў бо служыў у вайсковай частцы 3214, адкуль гэтыя касманаўты, груганы і аліўкі. І баяўся, што калі яго схопяць, то будуць катаваць. І вось не змог пазбегнуць затрымання і смерці.

Польскі палітычны дэтэктыў

Яшчэ 7 лістапада на адкрыцці АЭС пад Астраўцом Лукашэнка казаў пра суседзяў наступнае:

«Я хачу яшчэ раз звярнуцца [да кіраўніцтва Літвы] сёння з гэтай пляцоўкі – Беларускай АЭС: давайце жыць дружна (…) Давайце жыць нармальна! Мы ж суседзі, а суседзяў не выбіраюць».

«Тое ж самае я хачу сказаць і польскаму кіраўніцтву: нічога ў вас не атрымаецца. Мы не станем на калені.

Мы адкажам, і я ўжо казаў: нават калі застанемся адны ў акружэнні, мы адкажам. Думаю, яны гэта зразумелі, – дадаў ён. – Давайце працаваць разам, мы гатовыя адкрыта супрацоўнічаць».

 

У МЗС Беларусі 9 лістапада праведзена сустрэча з часовым павераным у справах Польшчы ў Беларусі Марцінам Вайцяхоўскім.

«Беларускі бок выказаў заклапочанасць у сувязі з пацверджанымі і задакументаванымі фактамі арганізаванай злачыннай дзейнасці з тэрыторыі Польшчы, што наносіць шкоду жыццю і здароўю беларускіх грамадзян, грамадскай бяспецы, дзяржаўнай і прыватнай маёмасці ў Беларусі, – заявілі ў МЗС. – Польскаму боку адрасаваны ясны заклік прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязацельстваў і прыняць меры па спыненні злачыннай дзейнасці на сваёй тэрыторыі». АЛЕ ФАКТЫ НЕ ПРЫВОДЗЯЦЦА!

Лукашэнка заявіў, што ва ўсіх гэтых краінах ёсць значныя праблемы ў адносінах паміж насельніцтвам і ўладай, якія часам выліваюцца ў вулічныя пратэсты. Асобна ён спыніўся на сітуацыі ў Польшчы. – Яны хацелі ў нас рэвалюцыю зладзіць, нават не рэвалюцыю, а мяцеж, а атрымалі самі. Там сітуацыя няпростая, і яна проста так не вылезе. Там не адмарозкі падняліся, а падняліся жанчыны, і зразумела, за што падняліся. Там падняліся сяляне, і яны ведаюць, за што падняліся. Там рабочыя падняліся, ведаюць за што, дзяржслужачыя. Жанчыны падняліся і пачалі пратэставаць не таму, што толькі аборты (забаранілі – заўвага). Гэта быў спускавы кручок. Дуда перамог у Польшчы, сфальсіфікаваўшы выбары. Там нават адсотка перавагі не было. Сфальсіфікаваў. І адтуль усё пачалося. Яны хацелі стрэлкі перавесці на нас. А палякі не дурні, і там гэта (пратэсты – заўвага).

11 лістапада Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду і грамадзян гэтай краіны з Нацыянальным святам незалежнасці, паведамляе прэс-служба.

«Беларусам і палякам лёсам прызначана жыць побач у міры і згодзе. У сённяшніх няпростых абставінах неабходна захаваць наша добрасуседства як галоўную каштоўнасць, якую мы атрымалі ў спадчыну і павінны перадаць сваім нашчадкам», – гаворыцца ў віншаванні.

Аляксандр Лукашэнка запрасіў Анджэя Дуду да канструктыўнага дыялогу пра будучыню беларуска-польскага супрацоўніцтва. «Толькі працуючы разам, зможам захаваць прыкметныя дасягненні ў гандлі, прамысловай кааперацыі, навуцы, адукацыі і іншых сферах. Гэта адказвае як нацыянальным інтарэсам абедзвюх дзяржаў, так і жаданням мільёнаў жыхароў нашых краін», – падкрэсліў ён.

12 лістапада міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што замежныя куратары пратэстаў у Беларусі разумеюць іх бессэнсоўнасць, але не могуць спыніцца. Аб гэтым ён сказаў падчас онлайн прэс-канферэнцыі.

«Я думаю, што нават тыя, хто спрабуе патранаваць гэтаму беларускаму пратэсту, ужо разумеюць бессэнсоўнасць гэтай задумы, але, на жаль, спыніцца не могуць», – адзначыў Сяргей Лаўроў.

Кіраўнік МЗС РФ перакананы, што многія сілы на Захадзе зацікаўлены ў тым, каб напружаная сітуацыя ў Беларусі захоўвалася.

Паводле яго слоў, беларускія ўлады даволі выразна абазначылі гатовасць да дыялогу, прапанаваўшы правесці канстытуцыйную рэформу. Пры гэтым ён адзначыў, што прыкметнае зніжэнне пратэставай актыўнасці ў Беларусі сведчыць аб разуменні людзьмі неабходнасці перахадзіць да канструктыўнага дыялогу. Разам з тым Сяргей Лаўроў канстатаваў: апазіцыянеры, якія знаходзяцца за мяжой, такога разумення не дэманструюць. «На жаль, апазіцыя, якая цяпер працуе з-за мяжы – з Вільнюса, з Варшавы – займае іншую пазіцыю, яна не хоча ніякага дыялогу, ніякай канструктыўнай контрпраграмы ў яе няма», – падкрэсліў Лаўроў.

Пры гэтым ён ні слова не згадаў пра палітычных вязняў у Беларусі, а іх ужо больш за 120 чалавек. Выпусціце палітвязняў, то і дыялог можна пачынаць!

Уладзімір Падгол

Больш на гэтую тэму: Паміж радкоў