Беларуская Служба

Прэм’ер Польшчы пра V4: За апошнія пяць гадоў мы сталі мацнейшыя

17.02.2021 17:16
Адным з вынікаў юбілейнага саміту Вышаградскай групы ў Кракаве, стала павелічэнне Вышагрдскага фонду да 10 млн еўра.
Аўдыё
  • Кіраўнік польскага ўрада адзначыў, што на працягу 30 гадоў існавання Вышаградскай групы дзяржавы-члены сталі значна мацнейшымі:
     , 17  2021
Саміт краін Вышаградскай групы ў Кракаве, 17 лютага 2021 года Foto: PAP/Łukasz Gągulski

Падчас саміту Вышаградскай групы, прысвечанаму 30-годдзю арганізацыі, які праходзіць у Кракаве, кіраўнікі ўрадаў Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны і Польшчы падпісалі сумесную дэкларацыю, у якой гаворыцца пра мэты Вышагрдскай чацвёркі на будучыню. У сваім выступе прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі сказаў, што дзякуючы блізкаму супрацоўніцтву краіны V4 маглі сумесна аднавіць свой уплыў на еўрапейскую палітыку. Былі дасягнуты першапачатковыя мэты Вышаградскай чацвёркі– уступленне ў Еўрапейскі Звяз і НАТА.

Кіраўнік польскага ўрада адзначыў, што на працягу 30 гадоў існавання Вышаградскай групы дзяржавы-члены сталі значна мацнейшымі:

-V4-Вышаградская група – гэта гісторыя абʼяднання, аб’яднання з Еўропай, гісторыя ўмацавання, гэта новыя вялікія амбіцыі. Цяжкая гісторыя таксама дала нам пэўны дадатковы шанец, дадатковую сілу, бо і сама Вышаградская група за апошнія пяць гадоў стала мацнейшая, чым была раней. Апошнія пяць гадоў – гэта ўмацаванне нашай сумеснай дзейнасці ў розных плоскасцях.

Кіраўнікі ўрадаў Польшчы, Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны ў гістарычных залах каралеўскага Вавэлю і ў сучасным кракаўскім Кангрэс-цэнтры гутарылі, сярод іншага, пра барацьбу з эпідэміяй каранавіруса і пра кліматычную ды міграцыйную палітыку Еўрапейскага Звязу. Таксама была закранутая тэма ўсходняй палітыкі, у тым, адносіны з Беларуссю і Расіяй, а таксама развіццё Усходняга партнёрства. Спецыяльным госцем на саміце ў Кракаве стаў старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.

Прэмʼер-міністры Славаччыны і Чэхіі на саміце Вышаградскай групы ў Кракаве падзякавалі сваім партнёрам за супрацоўніцтва. Яны таксама падкрэслівалі важнасць узгодненых дзеянняў на міжнароднай арэне.

Славацкі прэмʼер Ігар Матовіч нагадаў, што галоўнай мэтай супрацоўніцтва ў гэтым фармаце зʼяўляецца выпрацоўка агульнай пазіцыі па еўрапейскіх пытаннях. Аднак славацкі прэмʼер адзначыў, што не па ўсіх пытаннях Вышаградская чацвёрка павінна быць маналітам:

- Проста таму, што мы ствараем групу, гэта не значыць, што мы павінны думаць аднолькава. Гэта нефармальнае супрацоўніцтва, адкрытае для свабоднага абмеркавання і свабоднага выказвання меркаванняў, якія пазней перадаюцца на прасторы Еўрапейскага Звязу.

Славацкі прэм’ер Ігар Матовіч назваў Вышаградскую групу панадчасавым праектам. У сваю чаргу прэмʼер-міністр Чэхіі Андрэй Бабіш падкрэсліў, што Вышаградская група – гэта не палітычны блок, а эканамічны:

- У нас 65 мільёнаў грамадзян, за іх інтарэсы мы змагаемся. Разам мы таксама змагаемся за інтарэсы Еўропы. Мы імкнемся да таго, каб Еўропа была паспяховай і пераадольвала ўсе цяжкасці.

Чэшскі прэм’ер Андрэй Бабіш дадаў, што ў V4 ёсць канкрэтныя ідэі па павышэнні бяспекі ў Еўропе і супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі.

Падчас юбілейнага саміту Вышаградскай групы краіны абʼядання зрабілі сумесны заказ на пастаўку 300 тысяч навучальнай амуніцыі. Пагадненне на суму 400 тысяч еўра зʼяўляецца першай сумеснай ваеннай закупкай краінаў Вышаградскай групы з моманту яе заснавання ў 1991 годзе.

«За 30 гадоў існавання V4 мы робім першую сумесную закупку ў сферы абароны. Мы перасталі прыдумляць нерэалістычныя праекты і ўзгаднілі набыццё боепрыпасаў у навучальных мэтах», – напісаў у сацыяльных сетках міністр абароны Чэхіі Любамір Метнар, які каардынаваў замову ад імя Вышаградскай групы.

У сваю чаргу ў Міністэрстве абароны Польшчы адзначылі, што сумесная закупка боепрыпасаў – гэта толькі пачатак больш шчыльнага супрацоўніцтва краін Вышаградскай групы ў галіне закупак узбраенняў.

Чарговым канкрэтным вынікам юбілейнага саміту Вышаградскай групы ў Кракаве стала павелічэнне Вышагрдскага фонду да 10 млн еўра, пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Шымон Шынкоўскі вэль Сэнк:

-Па ініцыятыве Польшчы і пры згодзе ўсіх краінаў абʼяднання, мы вырашылі павялічыць Вышаградскі фонд з 8 да 10 млн еўра. Гэтыя 2 млн еўра пойдуць на моладзевы абмен – на стварэнне «вышаградскага пакалення». Усё дзеля таго, каб моладзь з нашага рэгіёна магла рэалізаваць свае амбіцыі і тым самым развіваць эканомікі нашых краіны.

Вышаградскі фонд быў створаны 20 гадоў таму і з тых часоў дазволіў рэалізаваць больш за 6 тысяч праектаў. Фонд аказвае фінансавую падтрымку культурным і навуковым праектам, акадэмічнаму абмену і навуковым даследаванням ды трансгранічнаму супрацоўніцтву.

Завяршае юбілейны саміт Вышаградскай групы сімвалічная падзея ў сімвалічным месцы – урачыстая перадача Вугоршчынай польскаму боку зброі Жыгімонта ІІ Аўгуста. Унікальны экспанат дагэтуль знаходзіўся ў Нацыянальным музеі ў Будапэшце. Цяпер яго будуць прадстаўляць на Вавэлю.

Мілаш Земан пра V4: Разам мы мацнейшыя

11.02.2021 16:01
Двухдзённы саміт прэзідэнтаў Польшчы, Вугоршчыны, Чэхіі і Славаччыны  стаў пачатак адзначэння 30-годдзя Вышаградскай групы.

Амбасадары краінаў Вышаградскай групы ў Ватыкане ўшанавалі памяць Яна Паўла ІІ

16.02.2021 10:36
«Як падкрэсліваў Ян Павел ІІ, Еўрапейскі Звяз заўжды павінен памятаць пра свае хрысціянскія карані».

Старшыня Еўрапейскай Рады прыме ўдзел у кракаўскім саміце Вышаградскай групы

16.02.2021 12:27
Святкаванне 30-годдзя Вышаградскай чацвёркі стане кульмінацыяй старшынства Польшчы ў арганізацыі.

У Кракаве адзначаюць 30-годдзе Вышаградскай групы

17.02.2021 10:05
Спецыяльным госцем сустрэчы прэм'ераў Вышаградскай групы з’яўляецца кіраўнік Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.