Беларуская Служба

Лукашэнка помсціць Польшчы за непрызнанне сфальсіфікаваных выбараў

26.03.2021 13:36
У Беларусі пракуратура завяла крымінальную справу на Саюз палякаў Беларусі нібыта за распальванне расавай, нацыянальнай ды рэлігійнай варожасці.
Аўдыё
  • Лукашэнка помсціць Польшчы
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/STR Dostawca: PAP/EPA

Лукашэнка бярэ ў закладнікі палякаў, што жывуць у Беларусі, каб націснуць на Варшаву.

Лукашэнкаўская пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні старшыні незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі ды іншых асоб.

Пераслед вядзецца на падставе ч. 3 арт. 130 КК. Гэта наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці праз прыкмету нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама праз рэабілітацыю нацызму, учыненыя групай асоб.

Пракуратура заявіла, што з 2018 года да цяперашняга часу на тэрыторыі Гродна ды іншых населеных пунктаў вобласці «з прыцягненнем непаўналетніх было арганізавана і праведзена шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаванні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаванняў, якія дзейнічаюць падчас і пасля Вялікай Айчыннай, якія здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэнне маёмасці. Іх дзеі пераследавалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўдання генацыду беларускага народу».

На 15 сутак арыштаваная старшыня СПБ Анжаліка Борыс. У межах жа гэтай справы адбыўся ператрус у Анджэя Пачобута, вядомы журналіст затрыманы. Сілавікі прыйшлі ў польскую грамадскую школу і сядзібу Саюзу палякаў Беларусі ў Гродна ды Ваўкавыску.

Віцэ-старшыня СПБ Ірэна Валюс увесь час знаходзілася ў галоўнай сядзібе СПБ падчас ператрусу. Паводле ейных словаў, улады Беларусі цяпер ва ўсім бачаць палітыку.

- З 9-ці гадзін ператрус у нашай школе, у рэдакцыі і галоўнай сядзібе. Затрыманы шэраг нашых дзеячаў. “Шукаюць нейкі кампрамат. Кожную паперку, кожную кнігу, кожны лісток – усё, усё пераглядаецца.

Гэты раптоўны напад на Саюз палякаў і яго сябраў яна звязвае з тым, што ўлады хутчэй за ўсё маюць намер знішчыць іх арганізацыю.

- Я не ведаю, калі ўжо вучыць дзяцей польскай мове – гэта палітыка, ну то ўсё палітыка. Кірмаш народных майстроў - гэта таксама палітыка? Ужо нічога не засталося ў Беларусі, што не з’яўляецца палітыкай – усё палітыка.

Лукашэнка бярэ палякаў у закладнікі, кажа аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

- Беларускія ўлады ладзяць гэтую атаку на польскую дыяспару ў адказ на тое, што Польшча займае прынцыповую пазіцыю па беларускім пытанні. Лукашэнка адразу пасля выбараў 9 жніўня пачаў пераводзіць стрэлкі на Польшчу, каб адцягнуць грамадскую ўвагу. Разлік у Мінску на тое, што цяпер Варшава будзе заклапочана не санкцыямі, не тым, як падтрымліваць беларускую апазіцыю, а тым, як уратаваць сваю дыяспару.

У Польшчы разумеюць, што стаіць за палітыкай Лукашэнкі. Польскія ўлады не пакінуць сітуацыю без рэакцыі, перакананы палітолаг з Лодзінскага ўніверсітэту Пшэмыслава Жураўскага-вэль-Граеўскага.

- Я бачу ў гэтым спробу ўздзейнічаць на Расію, каб паказаць, што Лукашэнку патрэбна расійская дапамогу інакш польскія ўплывы выштурхнуць расійскія. Польшча будзе гаварыць пра гэта на міжнароднай арэне, будзе дамагацца санкцый. Наіўна лічыць, што правы палякаў у Беларусі будуць паважацца больш чым беларусаў. Гэтая справа вырашыцца сама з усталяваннем у Беларусі прававой дзяржавы для ўсіх грамадзян. Польшча будзе імкнуцца мінімізаваць наступствы рэпрэсій даступнымі для нас дыпламатычнымі сродкамі. Мы будзем павышаць палітычныя ды эканамічныя кошты для рэжыму Лукашэнкі ў выпадку далейшага ўтрымання рэпрэсій.

Беларускія ўлады пасля прайграных ды сфальсіфікаваных выбараў спісваюць свае паразы на прыдуманых вонкавых ворагаў. Таксама гэта робіцца, каб захаваць расійскую падтрымку. Лукашэнка гатовы на любыя маніпуляцыі, хлусню, рэпрэсіі, каб застацца на пасадзе.

Юры Ліхтаровіч