Беларуская Служба

Свет рыхтуецца да новай пандэміі

31.03.2021 11:07
25 краін заклікалі заключыць міжнародны дагавор, каб падрыхтаваць свет да магчымай новай пандэміі.
    .
Свет рыхтуецца да новай пандэміі.PAP/Jakub Kaczmarczyk


25 краін заклікалі заключыць міжнародны дагавор, каб падрыхтаваць свет да магчымай новай пандэміі. ЗША, Кітая і Расіі сярод іх няма, паведамляе Rzeczpospolita.

Паводле газеты, гэта можа сведчыць пра тое, што год пасля ўспышкі пандэміі каранавіруса, якая афіцыйна прычынілася да смерці 2,8 мільёна чалавек,  супрацоўніцтва ў барацьбе з вірусам застаецца закладнікам інтарэсаў магутных  дзяржаваў.

Праз некалькі гадзін пасля таго, як у Жэневе была прадстаўлена ініцыятыва аб стварэнні глабальнай сістэмы барацьбы з новай пандэміяй, Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) апублікавала справаздачу з Ухань пра прычыны ўспышкі COVID-19 у канцы 2019 года.

Кітай чакаў больш за год, каб канчаткова дазволіць на прыезд міжнародных экспертаў ва Ухань, але нават тады яны не атрымалі доступу да ўсіх месцаў, якія маглі б дапамагчы паясніць таямніцу ўзнікнення пандэміі, у прыватнасці чуткі, што вірус быў створаны ў дзяржаўнай лабараторыі  ў сталіцы правінцыі Хубэй.

Паводле газеты, апублікаваны ў аўторак даклад падтрымлівае тэзіс Пекіна пра тое, што крыніцу каранавіруса трэба шукаць у жывёлы (хутчэй за ўсё, кажаноў), ад якіх ён распаўсюдзіўся на людзей.

Фатк, што кітайскія ўлады на працягу многіх першых тыдняў пандэміі трымалі ў сакрэце існаванне новага віруса, прычыніўся да таго, што ён распаўсюдзіўся па ўсіх кантынентах, канстатуе газета.

Прадухіліць падобную сітуацыю ў будучыні павінен менавіта новы дагавор аб супрацоўніцтве ў барацьбе з эпідэміямі. Ідэю ў лістападзе мінулага года запрапанаваў старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль. Цяпер, у больш канкрэтнай форме, яго прадставілі кіраўнікі 25 краін, у тым ліку Германіі, Францыі, Іспаніі, Італіі ці Нідэрландаў. Пад дакументам падпісаліся таксама прэм'еры Вялікабрытаніі, Румыніі, Тайланда, прэзідэнты  Украіны, Паўднёвай Карэі, Паўднёвай Афрыкі, Кеніі і Руанды. А таксама сам Еўрапейскі Саюз і СААЗ. Аднак, паводле газеты, увагу прыцягвае адсутнасць падтрымкі найбуйнейшых дзяржаў свету: ЗША, Кітая і Расіі.

аз