Беларуская Служба

Ціханоўскай ды Латушку заблакавалі банкаўскія рахункі

06.04.2021 16:11
Лукашэнка рукамі дзяржапарату помсціць сваім палітычным сапернікам.
Аўдыё
  • Лідарам дэмсіл заблакавалі рахункі
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by mohamed Hassan from Pixabay/CC0

Дастаць іх за мяжой ён не можа, застаецца толькі рабіць непрыемнасці.

У Беларусі пасля сфальсіфікаваных жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў запанаваў прававы дэфолт. Лукашэнка любымі сродкамі імкнецца спыніць пратэсты ды пераследуе апазіцыю. У сваім памкненні застацца ля ўлады дыктатар нічым не грэбуе. Асабліва яго злуе апазіцыя, на чале якой стаіць Святлана Ціханоўская ды Павал Латушка. Гэта бачна па апошніх кроках рэжыму. Беларускія ўлады ўнеслі згаданых лідараў у спіс асоб датычных да тэрарызму ды заблакавалі іх рахункі.

Пра гэта Святлане Ціханоўскай паведаміла супрацоўніца Беларусьбанку. Не спыніла ўладаў нават тое, што на рахунак Ціханоўскай толькі паступала сацыяльная пенсія для дзіцяці-інваліда, кажа прэсавая сакратарка Святланы Ганна Красуліна.

- Заблакаваны звычайны рахунак у Беларусбанку, такі як кожнага жыхара Беларусі. Апошнім часам туды паступалі толькі грошы з сацыяльнай пенсіі для дзіцяці-інваліда да 18 гадоў. Такая афіцыйная назва Гэта каля 223 беларускіх рублёў у месяц. Дзіця пазбавілі гэтых сродкаў. Што тут скажаш? Дзяржава бачыла рух на рахунку, ведала, што гэтыя сродкі не ідуць на ніякі тэрарызм. У такой дзяржаве мы жывём. Што сказаць пра чалавека, які спачатку прымусова выкідвае за межы краіны, распавядаючы, што выратавалі, плакала на плячы, далі грошай на дарогу. Потым абвяшчае ў вышук, хаця, цудоўна ведае, на якой мяжы перадалі з рук у рукі. Цяпер дайшоў да таго, што абвінавачвае ў тэрарыстычнай пагрозе. Гэта абсурд. Было б смешна, калі ў гэтым абсурдзе жыве ўвесь беларускі народ.

Гэтаксама заблакаваны разліковы рахунак Паўла Латушкі з Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання ў MТБанку. Палітык распавёў тэлеканалу «Дождь», што гэта наступства завядзення крымінальнай справы па артыкуле 289 частка 3 «Акт тэрарызму» і скіравана на запалохванне палітычных апанентаў.

- Консул, афіцыйны прадстаўнік МЗС, амбасадар у розных краіна, міністр культуры, дырэктар Нацыянальнага тэатру, а цяпер вось тэрарыст. Гэта ўжо 4 крымінальная справа заведзеная на мяне. Гэта ўсё крокі па запалохванні, каб дэматываваць дэмакратычныя сілы.

Рэжым ідзе на ўсё, каб запалохаць грамадства, кажа палітолаг Андрэй Казакевіч.

- Цяпер у краіне пануе тэрор ды запужванне. Рэпрэсіі маюць моцны псіхалагічны характар, таму выбіраюцца вядомыя асобы, гучныя справы. Больш шчыльнай стала інфармацыйная праца дзяржаўнай прапаганды, якая накіравана на тое, каб пазбавіць падтрымкі апазіцыйныя колы. На такім узроўні ўнутры краіны рэпрэсіі будуць працягвацца. Адзіная праблема для ўладаў у тым, што гэта вельмі дорага ды негатыўна ўплывае на бізнес-клімат.

Лукашэнка пакуль гэтымі аспектамі не прымаецца, гатовы спыніць адносіны з заходнімі краінамі, каб толькі захаваць уладу. Рэпрэсіі супраць грамадства будуць працягвацца, прагназуюць эксперты.

Юры Ліхтаровіч