Беларуская Служба

Лукашэнка зноў абвінавачвае Польшчу

14.04.2021 08:32
Гэта працяг абвастрэння адносін паміж Мінскам і Варшавай.
Alaksandr Łukaszenka
Alaksandr ŁukaszenkaShutterstock.com/Drop of Light

 Рэжым у Мінску выстаўляе Варшаве чарговыя абвінавачванні і саджае крытыкаў за краты, піша Руслан Шошын у выданні Rzeczpospolitа. У аўторак Міністэрства абароны Беларусі абвінаваціла Польшчу ў парушэнні паветранай прасторы і выклікала польскага ваеннага аташэ ў Мінабароны.

Паводле беларускага боку, у панядзелак у 20.45 „невядомае паветранае судна” парушыла беларускую паветраную мяжу. Мінск патрабуе тлумачэнняў па гэтай справе.

У сваю чаргу Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы паясняе, што 12 красавіка ў вячэрнія гадзіны польскія ВПС не ажыццяўлялі ніякіх палётаў ля польска-беларускай мяжы.  

Шмат сведчыць пра тое, што гэта працяг абвастрэння адносін Мінска з Варшавай, пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка сфальсіфікаваў жнівеньскія прэзідэнцкія выбары, запоўніў турмы апанентамі і нядаўна арыштаваў вядучых актывістаў польскай меншасці.

„Мы не збіраемся ні з кім ваяваць, не хочам ні з кім ваяваць, але калі толькі да нас будуць вось такім чынам адносіцца, як гэта было ў канцы мінулага года і цяпер, па мордзе атрымаюць і вельмі моцна, - заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па знешнепалітычнай тэматыцы, якая прайшла на пачатку красавіка.

Тым часам рэпрэсіі з боку беларускага рэжыму працягваюцца. У нядзелю ў Маскве прапаў Аляксандр Фядута - адзін з апошніх беларускіх інтэлектуалаў і праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі, які яшчэ застаюцца на волі. Вядомы палітолаг і літаратуразнавец нядаўна паехаў туды па службовых справах. У сталіцы Расіі нават пачаўся пошук палітолага, пра што паведамілі мясцовыя СМІ.

Толькі ўвечары беларускае дзяржаўнае агенцтва „Белта” паведаміла пра затрыманне Фядуты Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Паводле паведамлення, у рамках той жа аперацыі ў Беларусі быў затрыманы лідар апазіцыйнай БНФ Рыгор Кастусёў. КДБ Беларусі паведаміў, што арышты былі праведзены ў сувязі з Крымінальнай справай паводле артыкула 108 КК. Аднак у гэтым артыкуле гаворыцца не пра абвінавачанні, а пра магчымасць арышту па „падазрэнні ў злачынстве”. У КДБ таксама не ўдакладняюць, дзе дакладна і як быў арыштаваны Фядута.

Руслан Шошын нагадвае, што ў гісторыі высокаінтэграваных службаў абедзвюх краін было шмат сітуацый, якія выходзілі далёка за рамкі закона, напрыклад, выкраданне ўкраінскага студэнта Паўла Грыба ў 2017 годзе расійскімі службамі ў Беларусі.

Аднак Фядута не з'яўляецца шараговым беларускім апазіцыянерам. У 1994 годзе ён быў адной з вядучых фігур у выбарчым штабе Аляксандра Лукашэнкі, а пасля яго перамогі стаў першым прэс-сакратаром маладога беларускага прэзідэнта. Усё ж іх шляхі хутка разышліся, і Фядута з тых часоў стаіць па другім боку барыкады. Палітык ужо знаходзіўся пад вартай у КДБ (пасля выбараў 2010 года), дзе ён правёў там амаль чатыры месяцы, пасля чаго быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна.

„Гэта неабальшавіцкі рэжым”, - такім чынам напрыканцы сакавіка ў інтэрв'ю газеце Rzeczpospolita Фядута апісаў беларускую рэчаіснасць.

аз