Беларуская Служба

Уступны план ЕС для Беларусі расчараваў праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі

12.05.2021 08:31
Шмат сведчыць пра тое, што ЕС распрацаваў гэты план, каб пусціць пыл у вочы праціўнікам беларускага рэжыму, кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.
Сцяг ЕўрасаюзаPhoto:Capri23auto/pixabay.com/CC0 Public Domain

Дзевяць месяцаў пасля беспрэцэдэнтных грамадскіх пратэстаў у Беларусі Брусель распрацаваў  план дапамогі беларусам. Але ён мала канкрэтны і сціплы, паведамляе Руслан Шошын у выданні Rzeczpospolita.

Газета нагадвае, што восенню мінулага года лідары Еўрапейскага Саюза прынялі, прапанаваную Польшчай ідэю плана падтрымкі Беларусі пасля адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. План мела распрацаваць Еўракамісія. Пасля больш за сямі месяцаў віленскі офіс Святланы Ціханоўскай атрымаў рабочы праект дакумента.

План прадугледжвае, што ў пераходным перыядзе і пасля правядзення свабодных выбараў, Беларусь магла б разлічваць на фінансавую дапамогу ЕС і падтрымку ў правядзенні палітычных і эканамічных рэформаў з удзелам, у прыватнасці, Міжнароднага валютнага фонда, Сусветнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Апрача таго дакумент прадугледжвае скліканне інвестыцыйнай канферэнцыі і збор сродкаў.

„Пошук фінансавай падтрымкі для будучай свабоднай Беларусі з'яўляецца для нас прыярытэтам”, - кажа ў размове з газетай дарадчык Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах Франак Вячорка. Аднак ён не хоча назваць суму, якую ЕС выдзеліць на падтрымку эканомікі пасля адстаўкі дыктатара. Ён тлумачыць, што пакуль гэта выключна рабочая версія плана ЕС.
Нагадваем, да неадкладнай распрацоўкі плана заклікае не толькі былая кандыдатка на прэзідэнта Беларусі, але таксама прадстаўнікі ўсіх найважнейшых дэмакратычных сіл Беларусі, якія накіравалі спецыяльны ліст у Еўракамісію.

Як неафіцыйна даведалася газета, пакуль гаворка ідзе „максімум пра 3 мільярды еўра” у выглядзе незваротных субсідый, астатняе – гэта магчымыя крэдыты. Праект дакумента таксама не прадугледжвае спрашчэння гандлю для беларускіх прадпрымальнікаў і адмену віз для беларусаў.

Тым часам Брусель паведаміў, што неўзабаве абвесціць гэтак званы чацвёрты пакет санкцый супраць наступных беларускіх чыноўнікаў і службоўцаў, а таксама прадпрыемстваў, звязаных з беларускім рэжымам. Размовы на гэтую тэму вядуцца са студзеня. Тым часам за кратамі ў турмах Беларусі знаходзіцца ўжо амаль 400 праціўнікаў Лукашэнкі. Аднак, паводле інфармацыі газеты, ніякія балючыя для рэжыму санкцыі не бяруцца пад увагу.

„Шмат сведчыць пра тое, што Еўрапейскі Саюз распрацаваў гэты план, каб пусціць пыл у вочы  праціўнікам беларускага рэжыму і замоўчваць тэму. Такія касметычныя санкцыі напэўна не прымусяць Лукашэнку сысці. Здаецца, яны не хочуць спрачацца з Расіяй, якая аказвае істотны ўплыў на многія краіны Еўрасаюза”, - кажа вядомы беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук.

„Можна пазычаць грошы, але гэта не прынясе ніякай карысці, калі не адбудзецца грунтоўная рэформа эканомікі. Такім чынам, мы замянілі б расійскіх і кітайскіх крэдытораў еўрапейскімі. Нам патрэбна зона свабоднага гандлю з усім светам, развіццё прыватнага сектара і простая падатковая сістэма. Трэба абапірацца на досвед Ірландыі, а не Грэцыі”, - кажа ён Раманчук.

У офісе Ціханоўскай прызнаюць, што ў „старой Еўропе” ёсць палітыкі, якія хочуць „замоўчваць справу” і не рабіць ніякіх жорсткіх крокаў супраць Мінска, тым больш, што восеньскія акцыі пратэсту ўжо даўно задушаныя.

„Аднак рэжым вычарпаны, беларусы стаміліся, мы чакаем, хто здасца першым. Нам не хапае кансалідаванай, смелай і актыўнай палітыкі такіх краін, як Германія, Францыя і Вялікабрытанія. Ім трэба браць прыклад з Польшчы ці Літвы, дзе тэма Беларусі стаіць на парадку дня і дзе разумеюць, што дыктатура Лукашэнкі з'яўляецца праблемай для ўсёй Еўропы”, - кажа Франак Вячорка ў размове з выданнем Rzeczpospolita.

аз