Беларуская Служба

«Новы польскі парадак» можа стаць штуршком да выхаду з крызісу

17.05.2021 16:06
Неаднойчы крызіс у гісторыі быў штуршком для раптоўнага развіцця адразу пасля гэтага крызісу.
Канферэнцыя па прадстаўленні праграмы "Новы польскі парадак"PAP/Leszek Szymański

У суботу лідары кіроўнай польскай Кааліцыі правых сіл абвясцілі новы план на бліжэйшыя гады. Ён накіраваны на тое, каб выйсці з каранавіруснага крызісу з як мага меншымі стратамі і пачаць развіваць дзяржаву ў новых накірунках. Сярод абяцанняў  - вышэйшы ліміт падатковага выліку, больш грошай і рэформа сістэмы аховы здароўя, адмысловыя праграмы для сям’і і шмат іншага. Узнікае ўражанне, што ПОльшчу чакае цудоўная будучыня. Аднак многія эксперты папярэджваюць, што планаваць не абазначае, што яно будзе зроблена. Дадаткова, пасля абвяшчэння новага плану, у польскім інтэрнэце рэзка ўзвысілася частата пошукаў фразы «фірма ў Чэхіі». І, паводле папярэдніх вылічэнняў, кошты павышэння самых нізкіх зарплат і меншыя падаткі для падаткаплатнікаў, панясуць людзі, якія зарабляюць крыху больш чым мінімум і ўладальнікі уласных бізнесаў, пра што і сказаў перм’ер міністр Матэвуш Маравецкі:

 

-У нас вельмі вялікая група грамадзян, якія пастаянна жывуць з дня на дзень. Для іх створаны «польскі парадак». Для прадпрымальнікаў мы прапануем падтрымку ў экспарце, вытворчасці і падатковую сістэму, якая павінна дапамагчы вытворчасці. Зробім усё, каб людзі, якія зарабляюць шмат, зараблялі яшчэ больш. Аднак, яны павінны ведаць таксама, што Польшча – гэта агульны дом. І трэба разам дакладацца ў гэты супольны бюджэт.

 

Аднак не ўсе будуць даваць больш у дзяржаўны бюджэт. Гэтаму павінна паспрыяць павышэнне ліміту беспадатковай зарплаты, якая з 8 тысяч злотых (2 тысячы долараў) узрасце да 30 тысяч (9 тысяч долараў) у гадавым разліку. Дадаткова, павышаецца «першы» парог у падатковай сістэме, які з 85 тысяч павялічыцца да 120. Ён абазначае, што ад кожнага злотага вышэй дадзенага парогу заплацім 32%. На першым пароше - 17%- падатак. Такім чынам тыя, хто зарабляе да 10 тысяч злотых у месяц будуць плаціць меншы падатак, а гэта большая частка грамадзян. Міністр фінансаў Тадэвуш Касцінскі кажа, што гэта спосаб, каб бедныя зараблялі больш:

 

-Тры самыя важныя змены, якія прапануем – гэта большы ліміт падатковага выліку. Ён дасягне еўрапейскага ўзроўня. Падымаем другі парог падатку, што ўзмоцніць сярэдні клас. Сярэдні клас атрымае дадатковыя льготы. Будзе таксама адзін страхавы медыцынскі ўзнос. Тыя, у каго ёсць зарэгістраваная фірма, нават аднаассабовая, павінны плаціць такі ж узнос, як працаўнікі.

 

Менавіта медыцынская галіна стане прыярытэтам новай праграмы польскага ўраду. Пандэмія COVID-19 выявіла некаторыя недахопы цяперашняй сістэмы і таму неабходная рэформа медыцынскіх страховак, сістэмы шпіталёў, абмен інфармацыі і стварэнне новых спецыялізаваных паліклінік. Пра напрамкі працы ў гэтай галіне расказаў прэм’ер-міністр Матэвуш Мараецкі:

 

-Хочам вельмі комплексна арганізаваць гэтую праграму. З таго і пачынаем «польскі парадак». Будзем дыскутаваць над сеткай шпіталёў, будзе створаны цэнтр абслугоўвання пацыента, паляпшэнне доступу да спецыялістаў, фонд мадэрнізацыі шпіталёў, фонд рэдкіх захворванняў, народнай анкалагічнай і кардыялагічнай сеткі. Плануем увесці комплексную праграму, якая завершыцца сістэмнай зменай. У выніку  польскія пацыенты будуць ацэньваць якасць польскай сістэмы аховы здароўя. З таго пачынаем «польскі парадак» ужо неўзабаве.

 

У сваю чаргу Міністэрства развіцця, працы і тэхналогій падрыхтавала новыя вырашэнні для задавальнення жыллёвых патрэбаў палякаў. Сярод іх банкаўскія гарантыі на крэдыты, даплаты для людзей у цяжкай фінансавай сітуацыі і сем’яў 3+. Намесніца міністра развіцця, працы і тэхналогій Ганна Карнэцка заявіла, што гэта перадусім сацыяльная праграма. «Мы не вырашаем праблемы ўсіх, а тых, хто да гэтага часу не мог задаволіць сваіх жыллёвых праблемаў»:

 

-Рашэнні, якія мы прадставілі ў суботу, у рамках «Новага польскага парадку» можна падзяліць на дзве групы. Першая – гэта тыя, у каго ёсць крэдытаздольнасць, хто можа атрымаць крэдыт і купіць жыллё, але не маюць грошай на пачатковы ўзнос. Мы будзем гарантаваць такім людзям фінансавую дапамогу нават да 40% уласнага ўзносу.

 

Праграма вельмі багатая і выклікае як шмат надзеяў, так і сумневаў. Адказ на пытанне ці ўдасца хутка здзейсніць усе запланаваныя рашэнні, убачым на працягу наступных гадоў. Напэўна ў хуткім часе можна чакаць фінансавых рэформаў, датычных падаткаў і медыцынскага ўзносу. Таксама ў бліжэйшыя месяцы «новым польскім парадкам» скарыстаюць пенсіянеры, якіх пенсіі будуць павышаны дзякуючы адмене падаткаў.


Альберт Ежы Вяжбіцкі