Выданне Sieci закранае беларускую тэматыку. Гаворка ідзе пра рашэнне беларускіх уладаў перанесці Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу пад хатні арышт. У Мінску пачалі казаць пра набліжэнне амністыі і магчымыя палітычныя перамены.
На думку палітолага Валеры Карбалевіча, гэта можа быць між іншым сігнал для іншых палітвязняў, каб яны пачалі супрацоўнічаць, і тады таксама змогуць выйсці на свабоду. Ёсць некалькі прычын, чаму ў бліжэйшым часе могуць адбыцца змены. Па-першае, Еўрапейскі Саюз увёз чарговы пакет санкцый супраць Беларусі. Па-другое, Пуцін сустрэўся з Байдэнам. Падчас гэтай сустрэчы, магчыма, прэзідэнт Расіі атрымаў карт-бланш на навядзенне парадку ў Беларусі. На думку аналітыка Арсена Сівіцкага, як еўрапейскія санкцыі, так і пагадненне паміж ЗША і Расіяй рэзка змяншаюць шанцы Лукашэнкі рабіць чарговыя манеўры, што, канешне ж, Расія пастараецца выкарыстаць.
Беларускага дыктатара пачынаюць успрымаць як пагрозу стабільнасці ўсяго рэгіёну. З гэтай перспектывы абмен Масквой Лукашэнкі на кагосьці больш прадказальнага быў б успрыняты з палёгкай таксама на Захадзе. На думку Сівіцкага, падчас сустрэчы ў Жэневе амерыканскі і расійскі прэзідэнты дамовіліся на «малдаўскі сцэнар». Гэта значыць, з турмаў павінны выйсці ўсе палітвязні, пазней будуць праведзеныя новыя выбары без удзелу Лукашэнкі, а дзяржаўны лад будзе зменены на парламенцкую рэспубліку.
Цяпер, з пункту гледжання Расіі, прыйшоў добры час на перамены ў Беларусі. Апазіцыя вельмі аслабленая, не здзейсніўся яе сцэнар пад лозунгам «Зіма ваша. Вясна наша». На думку Яўгена Прэйгермана, палітолага, які лічыцца нефармальным сувязным паміж беларускім МЗС і Захадам, у выніку падзей апошніх месяцаў назіраецца рэзкае абмежаванне беларускай незалежнасці і адкат станоўчых тэндэнцый 2015-2019 гадоў па набліжэнні краіны з Захадам. Улады ў жніўні аказаліся надта слабыя, каб хутка задушыць пратэсты, а апазіцыя не стала настолькі папулярнай, каб звергнуць рэжым. Гэта запусціла механізм, якога ніхто не ў стане стрымаць. Гэта значыць, вонкавага ўмяшання ва ўнутраныя праблемы, наступствы чаго будуць катастрафічныя.
Прэйгерман распраўляецца з міфам, што Лукашэнка з’яўляецца гарантам незалежнасці. Такім гарантам з’яўляецца здольнасць палітычнай эліты дамаўляцца наконт ходу падзей у краіне. Калі ж унутраны канфлікт пачынаюць выносіць на міжнароднае абмеркаванне, магчымасць палітычных эліт прымаць адэкватныя рашэнні рэзка скарачаецца.
нг