Беларуская Служба

Літва аддзяляецца ад Беларусі сцяной

13.07.2021 11:05
Гэта рэакцыя краіны на міграцыйны крызіс, да якога давёў Аляксандр Лукашэнка.
Здымак мае ілюстрацыйны характарgeralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Больш за 500 кіламетраў сцяны пабудуе цягам бліжэйшых месяцаў Літва на мяжы з Беларуссю. Прычына – міграцыйны крызіс, да якога давёў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе Вікторыя Бяляшын на старонках выдання Gazeta Wyborcza.

У сувязі з дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі, які ў помсце за санкцыі ЕС дапамагае мігрантам без дакументаў незаконна перасякаць мяжу супольнасці, Літва вырашыла аддзяліцца ад Беларусі сцяной.

«Гэта стане відавочным знакам і стрымліваючым фактарам для тых, хто арганізуе прыток нелегальных мігрантаў», – заявіла на мінулым тыдні прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шыміце. Яна дадала, што ўлады Літвы таксама маюць намер прыцягнуць да аховы мяжы армію.

Упершыню пра план будаўніцтва сцяны на мяжы з Беларуссю літоўскія ўлады паведамілі 17 чэрвеня. Міністр унутраных спраў Агнэ Білатэйце заявіла, што ўлады «разглядаюць» пытанне будаўніцтва агароджы.

Гэта не танная інвестыцыя. Працягласць мяжы паміж Літвой і Беларуссю складае амаль 679 кіламетраў. Да гэтага часу сцяна была ўзведзена на 78-кіламетровым участку мяжы. Таксама вядома, што каля 100 кіламетраў не можа будзе забяспечыць такім чынам з-за вадаёмаў. У агульнай складанасці даўжыня сцяны павінна складаць больш за 500 кіламетраў. Паводле Міністэрства ўнутраных спраў Літвы, кошт аднаго кіламетра сцяны можа складаць 30 тысяч еўра. «Таксама неабходна ўсталяваць відэакамеры, датчыкі і г.д. Усталёўка тэхнікі на адным кіламетры мяжы будзе каштаваць каля 130 тысяч еўра», – гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

Паводле слоў літоўскага прэмʼера, прыток нелегалаў з Беларусі – гэта гібрыдная вайна Мінска ў адносінах да ўсяго Еўрапейскага Саюза. Паводле літоўскіх службаў, большасць мігрантаў не маюць намеру заставацца ў Літве, а толькі хочуць праз яе дабрацца ў Германію ці Швецыю.

За апошняе паўгода колькасць мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна перасячы мяжу паміж Беларуссю і Літвой, павялічылася ў дваццаць разоў. Большасць з іх гэта бежанцы з Ірака, Ірана і Сірыі.

Gazeta Wyborcza нагадвае, што ў канцы траўня Аляксандр Лукашэнка абвясціў, што з-за ўвядзення чарговага пакета санкцый ЕС Беларусь перастане ахоўваць свае межы з супольнасцю.

аз

Лукашэнка залівае Еўропу мігрантамі

07.07.2021 08:55
Шарль Мішэль: Хваля мігрантаў – гэта падстава для непакою не толькі для Вільні, але і Бруселя.

Беларусь сягае па дэмаграфічную зброю

12.07.2021 11:09
Па прыкладзе Эрдагана Лукашэнка спрабуе шантажаваць Еўропу наплывам мігрантаў.