У панядзелак у Бруселі адбыўся саміт міністраў замежных справаў краінаў ЕС. Сярод пытанняў, якія закраналіся на сустрэчы, была між іншым справа Беларусі. На фоне новага міграцыйнага крызісу, які арганізуюць у Еўропе беларускія ўлады, у экстранай форме прапанавалася ўвядзенне новага пакету санкцый супраць лукашэнкаўскага рэжыму. Канчатковае рашэнне не было аднак прынята на гэтай сустрэчы. Тым не менш, пытанне Беларусі і таго, як маглі б выглядаць санкцый супраць нелегітымнай улады, абмяркоўвалася ў сувязі з падоўжаннем санкцый супраць Расіі, якія ўвялі пасля захопу Крамлём Крыму. Пра тое, што гэтыя дзве справы спалучаныя, расказаў карэспандэнтцы Польскага радыё ў Бруселі Бэаце Пламэцкай міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў:
-Тым, што спалучае санкцыі супраць Расіі і Беларусі, з’яўляецца тое, што іх прычыны пастаянныя, нязменныя. Не было ніякіх нечаканасцяў у пытанні санкцыяў супраць Расіі, аднак у беларускім пытанні міністр замежных справаў Літвы падняў пытанне абгрунтавання ўвядзення пятага траншу санкцый. Яны павінны быць вынікам таго, што беларускія ўлады адкрыта прывозяць на мяжу замежнікаў, якія хочуць трапіць у ЕС. Гэта выглядае як добра арганізаванае турыстычнае прадпрыемства. Па ўсім свеце гэтыя мігранты плоцяць нейкія грошы, каб іх перавезлі ў Беларусь. Кватаруюць іх недзе ў Мінску, а потым прадстаўнікі ўлады арганізуюць транспарт, суправаджаюць нават гэтых турыстаў на мяжу, інфармуючы пры тым, як яе перасекчы. Гэта акцыя, якая, несумненна, арганізаваная з поўнай аховай з боку беларускай дзяржавы. Таму такая атака на цэласнасць межаў ЕС не можа застацца без адказу.
На працягу апошніх гадоў, у той час, калі дзейнічалі ўжо санкцый супраць Расіі, у шырокім маштабе пачалі выкарыстоўвацца новыя віды агрэсіі – кібератакі. Такім чынам, падкрэслівае міністр Раў, варта задумацца над увядзеннем новай разнавіднасці санкцыяў супраць Расіі, а ў будучыні таксама Беларусі. Яны маглі б абапірацца на адказы ў кіберпрасторы, каб не толькі папярэджваць новыя атакі расійскіх хакераў, але і абмяжоўваць доступ да еўрапейскіх кіберрэсурсаў. Праблема ў тым, што, каб весці супольную, салідарную палітыку ў дачыненні ўсходніх аўтарытарных дзяржаў, неабходны згодны падыход у ЕС. А гэтыя пагрозы ўспрымаюцца па-рознаму ў розных частках Еўрасаюзу.
-Меркавання, што неабходна адказаць у кіберпрасторы, трымаецца Польшча. Я сам казаў, што кібератакі павінны атрымаць адказ у выглядзе кіберсанкцый. Аднак галоўная праблема ў тым, што сярод краінаў ЕС няма адной думкі наконт таго, як дзейнічаць у дачыненні да Расіі. З 2014 года існуе 5 правілаў. Па-першае: выконваць пастановы Мінскага пагаднення. Шмат заходніх чальцоў ЕС, якія больш чым мы намагаюцца інтэнсіфікаваць адносіны з Расіяй, у тым ліку эканамічныя, хочуць, каб галоўным правілам было чацвёртае: калі дзяржавы ЕС вырашаць, што супраца з Расіяй з’ўляецца карыснай для іх інтарэсаў – гэта поўнае абгрунтаванне таго, каб пачаць такую супрацу.
Тое, што згоды няма, а кожная краіна-удзельніца ЕС хоча дзейнічаць па-свойму і згодна са сваім інтарэсам – звычайная з’ява ў такіх саюзах. Гэта аднак не абазначае, што нельга наладжваць дыялог, як унутры, так і звонку арганізацыі. Міністр замежных справаў Польшчы, як і яго калегі з краін усходняй сцены ЕС, асцерагаюцца аднак таго, што Еўропа можа спазніцца з адказам на нечаканыя гібрыдныя дзеянні Расіі.
-Яшчэ рана, каб пра санкцыі канчаткова вырашаць. Падзелы ёсць і будуць. Гэтыя пытанні можна прадбачыць, падрыхтаваць. Нельга прадбачыць таго, якая палітыка будзе ў Расіі ў сувязі з выбарамі ў Дзяржаўную думу. Ці будзе яна накіроўваць сваю замежную палітыку на гібрыдныя рашэнні, у выкарыстанні якіх дасягнула ўжо сапраўднага майстэрства.
Польшча, Літва, Латвія і Эстонія – краіны, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю – найбольш асцерагаюцца жорсткіх дзеянняў з боку кіраўніцтва абедзвюх дзяржаў. Выглядае на тое, што працяг санкцый, якія былі ўведзеныя супраць Крамля пасля захопу Крыму, павінны быць перагледжаныя і дапоўненыя адказамі на пагрозы гібрыднага канфлікту. Тое ж самае датычыць Беларусі. Нягледзячы на тое, што ўведзены чатыры пакеты санкцый, у тым ліку апошні пасля выкрадання Рамана Пратасевіча, нелегітымная ўлада Беларусі надалей шукае спосабаў, каб распальваць канфлікты з Бруселем.
аев