Абвастраецца канфлікт на мяжы Беларусі і Літвы, у якую Мінск прапускае тысячы нелегальных мігрантаў, піша Вацлаў Радзівіновіч у сваім артыкуле на старонках выдання Gazeta Wyborcza.
Шмат сведчыць пра тое, што беларускі рэжым плануе разгарнуць новы скандал. Расследаванне па справе смерці на беларуска-літоўскай мяжы іракца, у якой беларускі бок абвінавачвае Літву, будзе кантраляваць сам Лукашэнка. Ён ужо загадаў знайсці сваякоў нібыта забітага, даць ім візы, каб яны забралі цела.
Літоўскія ўлады сцвярджаюць, што гэта правакацыя з боку Беларусі і паказваюць на разыходжанні ў паведамленнях адносна ўсёй справы. Міністр унутраных спраў Літвы назваў аповеды пра мёртвага іракца «дурнотамі» і «казкамі братоў Грым».«Супраць Літвы вядзецца гібрыдная вайна. Дэзынфармацыя – адна з яе праяў», – заявіла міністр Агне Білатайце.
У сваю чаргу на меркаваную смерць на мяжы неадкладна адрэагавала «ісламісцкае падполле» ў Літве. Рэдакцыя папулярнага сайта Alfa.lt атрымала ліст з пагрозамі.
Мінск ужо некалькі тыдняў залівае Літву хваляй нелегальных мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі. Такім чынам ён помсціць суседзям і Еўрасаюзу за санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі за парушэнні правоў чалавека.
З канца траўня ўлады Літвы затрымалі больш за 4 тысячы чалавек, якія незаконна перасеклі беларускую мяжу. Літоўцы саджаюць іх у часовыя лагеры, але іх колькасць пастаянна расце. Мяркуецца, што Лукашэнка хоча, каб колькасць нелегалаў перавысіла 10 тысяч, то бок склала больш, чым літоўскае войска. У гэтай сітуацыі ў краіне адбудзецца вельмі сур'ёзны крызіс.
Таму Лукашэнка арганізаваў паветраны мост паміж Мінскам і аэрапортамі на Блізкім Усходзе і пастаянна павялічвае колькасць рэйсаў па гэтых маршрутах. Дзяржаўная турыстычная кампанія праводзіць на Блізкім Усходзе кампанію і заахвочвае наведаць Беларусь. Фактычна беларускі бок абяцае, што ўцекачы з Ірака, Сірыі ці Афрыкі з дапамогай мясцовых уладаў змогуць без праблем перасякуць мяжу з Еўрасаюзам і дабяруцца ў Германію, Нідэрланды і Скандынавію.
У адказ на гэтай Літва пачала ўзводзіць плот на мяжы з Беларуссю. Улады краіны ацэньваюць кошт інвестыцыі ў больш за 152 мільёны еўра. На такі выдатак краіна не можа сабе дазволіць. Таму Вільня разлічвае на падтрымку і дапамогу Еўрасаюза.
Пакуль жа літоўцы вырашылі выгнаць мігрантаў, якія незаконна перасеклі мяжу назад у Беларусь. У адказ Мінск загадаў закрыць мяжу з Літвой, аднак толькі ў адзін бок, каб не дазволіць літоўцам вяртаць нелегальных мігрантаў у Беларусь.
Эксперты, такія як Валер Карбалевіч і Пётр Кузняцоў, мяркуюць, што пры дапамозе мігрантаў Лукашэнка плануе выклікаць такі хаос, які прымусіць Захад весці з ім перамовы і адмовіцца ад санкцый, уведзеных супраць Беларусі.
Аднак, калі Вільня будзе паслядоўна вяртаць мігрантаў у Беларусь, то іх хваля стане цяжкай праблемай для самога «Бацькі», канстатуе Gazeta Wyborcza.
аз