Беларуская Служба

Тысячы афганцаў уцякаюць з краіны

16.08.2021 14:25
Усё часцей з’яўляюцца паведамленні аб тым, што ў населеных пунктах, занятых талібамі, ісламісты прымушаюць жанчын-урачоў, супрацоўніц банкаў і іншых прафесій кінуць працу, а студэнтак – вучобу.
 ,      ,   ,  ,
Шматлікія афганцы, якія жылі паводле заходніх культурных стандартаў, стараюцца пакінуць краіну, бо ведаюць, што такое Афганістан пад кіраўніцтвам талібаўPAP/EPA/AKHTER GULFAM

Газета Rzeczpospolita паведамляе (дарэчы, так як і ўвесь польскі перыядычны друк) пра тое, што талібы занялі Кабул. У афганскай сталіцы страх і паніка. Тысячы афганцаў кінуліся ў аэрапорт, каб пакінуць краіну. Прэзідэнт Афганістану Ашраф Гані ўцёк з дзяржавы.
Талібы з’явіліся каля горада ў нядзелю раніцай. Пры гэтым яны заявілі, што не будуць браць сталіцы сілай, а пачакаюць заканчэння перамоў аб перадачы ўлады. Пасля таго, як Афганістан пакінулі амерыканцы, краіна аказалася кінутая на волю лёсу, піша газета.

Шматлікія афганцы, якія жылі паводле заходніх культурных стандартаў, стараюцца пакінуць краіну, бо ведаюць, што такое Афганістан пад кіраўніцтвам талібаў. «Я хаджу ад пасольства да пасольства, шукаючы шляху, каб выехаць з краіны. Калі я тут застануся, то напэўна мяне ня будзе ў жывых», – сказала нямецкай газеце Bild 29-гадовая Зарыфа Гафары, якая з’яўляецца сімвалам афганскага грамадскага прагрэсу. Яна была першай афганкай, якая заняла пасаду мэра аднаго з гарадоў краіны. Для талібаў гэта нешта непрымальнае!

Усё часцей з’яўляюцца паведамленні аб тым, што ў населеных пунктах, занятых талібамі, ісламісты прымушаюць жанчын-урачоў, супрацоўніц банкаў і іншых прафесій кінуць працу, а студэнтак – вучобу. Смяротную пагрозу таксама адчуваюць сем’і тых афганцаў, якія супрацоўнічалі з амерыканцамі і іх саюзнікамі, у тым ліку перакладчыкі. Гэта сотні тысяч людзей, частка з іх атрымае шанец пакінуць краіну.

Пра прапанову ў адрас афганцаў, якія супрацоўнічалі з палякамі, з боку польскага ўраду пакуль нічога не было чуваць. Некаторыя дэпутаты заклікалі МЗС у Варшаве дапамагчы афганцам, якія некалі дапамагалі палякам, што прысутнічалі ў гэтай краіне, у тым ліку вайсковаму кантынгенту. У сувязі з падзеямі галасы крытыкі чуваць у адрас прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. «Калі б нашая армія засталася год ці нават пяць, то нічога б не памянялася, паколькі афганскае войска не ў стане гарантаваць бяспеку ў сваёй краіне», – напісаў у суботу Джо Байдэн. І пра гэта паведамляе газета Rzeczpospolita.

вс