Беларуская Служба

Талібы пабілі людзей, якія ў Кабуле спрабавалі трапіць у аэрапорт

18.08.2021 17:06
Супраць людзей, якія спрабуюць выехаць, ісламскія фундаменталісты прымяняюць сілу і б’юць мірных грамадзян палкамі, гумавымі шлангамі і прыкладамі аўтаматаў. 
-  . , 18  2021
Прэс-канферэнцыя кіраўніцтва талібану. Кабул, 18 жніўня 2021 года PAP/EPA/STRINGER

Сёння ўсе польскія газеты, дарэчы, як і ў апошні час, паведамляюць пра сітуацыю ў Афганістане і захоп улады талібамі. Так, Gazeta Wyborcza піша пра тое, што талібы пабілі людзей, якія ў Кабуле спрабавалі трапіць у аэрапорт. Калі ў нядзелю талібы прыблізіліся да афганскай сталіцы, у Кабуле тысячы людзей у паніцы кінуліся на ўцёкі з гораду. І перш за ўсё ў аэрапорт, каб магчы пакінуць краіну. Самі ж талібы заяўлялі, што ўсе, хто захоча выехаць за мяжу, зможа гэта зрабіць без праблем. Тым часам заходнія СМІ паведамляюць, што супраць людзей, якія спрабуюць выехаць, ісламскія фундаменталісты прымяняюць сілу і б’юць мірных грамадзян палкамі, гумавымі шлангамі і прыкладамі аўтаматаў. Сярод пабітых ёсць нават жанчыны і дзеці.

Шматлікія афганцы, якія жылі паводле заходніх культурных стандартаў, стараюцца пакінуць краіну, бо ведаюць, што такое Афганістан пад кіраўніцтвам талібаў.

Усё часцей з’яўляюцца паведамленні аб тым, што ў населеных пунктах, занятых талібамі, ісламісты прымушаюць жанчын-урачоў, супрацоўніц банкаў і іншых прафесій кінуць працу, а студэнтак – вучобу. Смяротную пагрозу таксама адчуваюць сем’і тых афганцаў, якія супрацоўнічалі з амерыканцамі і іх саюзнікамі, у тым ліку перакладчыкі. Гэта сотні тысяч людзей, частка з іх атрымае шанец пакінуць краіну.

вс