Тэму асвятляе штодзёка «Dziennik gazeta prawna».
У аўторак урад разгледзіць праект пастановы аб увядзенні надзвычайнага становішча ў некаторых раёнах Падляшскага і Любельскага ваеводстваў. Крыніцы ва ўрадзе кажуць, што гаворка ідзе пра сітуацыю на мяжы з Беларуссю.
Пасля пацверджання ўрадам пастанова будзе накіраваная на разгляд Прэзідэнту Польшчы, які прыме канчатковае рашэнне пра ўвядзенне надзвычайнага становішча.
Ініцыятар дадзенай пастановы - Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.
Польшча, Літва, Латвія і Эстонія абвінавачваюць Беларусь у арганізацыі перамяшчэння нелегальных мігрантаў на сваю тэрыторыю ў рамках г.зв. гібрыднай вайны. У сумеснай заяве прэм'ер-міністры Польшчы і балтыйскіх краін ацанілі, што крызіс на межах з Беларуссю спланаваны і сістэматычна арганізаваны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Яны таксама заклікалі беларускія ўлады спыніць дзейнасць, якая прывядзе да эскалацыі напружанасці.
Камісар Еўрапейскага Саюза па міграцыі Ільва Ёхансан заявіла на днях, што сітуацыя на польска-беларускай мяжы - гэта не міграцыйнае пытанне, а элемент агрэсіі Лукашэнкі супраць Польшчы, Літвы і Латвіі з мэтай дэстабілізацыі Еўрасаюза. Прэс-служба Еўрапейскай камісіі паведаміла, што гэта пазіцыя ўсяго ЕС, якую раней выказвалі міністры замежных спраў краін ЕС.
юл