19 верасня 2021 года ва ўзросце 69 гадоў памёр Ежы Таргальскі (Jerzy Targalski) – гісторык, доктар гуманітарных навук, палітолаг, публіцыст, каментатар і дзеяч апазіцыі часоў Польскай Народнай Рэспублікі.
«Адышоў у вечнасць доктар Ежы Таргальскі, вялікі сябар Польшчы і Украіны, і іншых дзяржаў, якія вызваліліся з-пад прыгнёту Масквы ў 1980-1990-х гады. Яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя ён быў актыўным і эфектыўным дзеячам Першай польскай падпольнай арганізацыі «Камітэт вызвалення рабочых (KOR).
Ежы Таргальскі лічыў аксіёмай, што сапраўднае вызваленне дзяржаў і нацый Цэнтральнай і Усходняй Еўропы адбудзецца толькі тады, калі савецкая і постсавецкая агентура Расіі будзе на тэрыторыі гэтых краін ліквідаваная», такімі словамі адрэагаваў на смерць Ежы Таргальскага дырэктара Польскага радыё для замежжа Анджэй Рыбалт.
За доўгую грамадска-палітычную і навуковую кар’еру Ежы Таргалтскі ў тым ліку быў намеснікам старшыні праўлення Польсакга радыё і дырэктарам Польскага радыё для замежжа ў 2006-2009 гадах. Яго працу на нашым радыё прыгадвае мая калега Наталля Грышкевіч:
- Я памятаю спадара Ежы Таргальскага як чалавека, які меў вялізныя і глыбокія веды ў галінах, якімі ён зўаймаўся. Гэта была перш за ўсё тэматыка, звязаная з падрыўной дзейнасцю спецслужбаў, галоўным чынам у нашай частцы Еўропы, у тым ліку ў Расіі. Ён выключна добра арыентаваўся ў сітуацыі за ўсходняй мяжой Польшчы – у Беларусі, Расіі, Украіне, цікавіўся, якую ролю адыгрываюць спецслужбы ва ўплыве на палітыку гэтых краін.
Калі ён прыйшоў кіраваць нашай праграмай, ён зладзіў сустрэчы з журналістамі кожнай моўнай службы паасобку, што здаралася далёка не кожнаму дырэктару. У нефармальнай, прыязнай абстаноўцы ён выпытваў пра кожнага з нас, чым займаемся, якія ў нас хобі і г.д. Было бачна, што яго шчыра цікавяць людзі ды іх справы. І яшчэ я памятаю, што ён звяртаў увагу, каб мы паміж сабою ў рэдакцыі размаўлялі па-беларуску, паколькі тады значна прасцей акунуцца ў тую рэчаіснасць, якая назіраецца ў Беларусі, а не перакладаць з польскай мовы.
Навукова Ежы Таргальскі займаўся пытаннямі сістэмных пераўтварэнняў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе напрыканцы 1980 -х і пачатку 1990 -х гадоў, асабліва роляй, якую адыгрывалі ў гэтых пераўтварэннях камуністычныя спецслужбы. Ён неаднаразова звяртаў увагу на пагрозы, звязаныя з празмернай роляй супрацоўнікаў Службы бяспекі і Службы ваеннай інфармацыі і іх сакрэтных супрацоўнікаў у палітычным і эканамічным жыцці Польшчы ды аналагічных службаў у іншых посткамуністычных дзяржавах.
Ежы Таргальскі цікавіўся сітуацыяй і ў Беларусі. Яшчэ перад прэзідэнцкімі выбарамі казаў, што рашэнне пра сыход Лукашэнкі з пасады прэзідэнта будзе прынятае або не прынятае ў Маскве.
-Лукашэнку можа зняць з пасады толькі Расія. Чым хутчэй будзе звергнуты Лукашэнка, тым лепш. Да таго часу, пакуль Беларусь застаецца ў маразме, а гэты стан гарантуе Лукашэнка, там не будзе ніякіх зменаў.
Доктар Ежы Таргальскі таксама быў выкладчыкам, у тым ліку ў Варшаўскім універсітэце. Будучы студэнтам Інстытуту Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту мне пашанцавала ўдзельнічаць у яго лекцыях і семінарах. Ён выкладаў нам на занятках, прысвечаных сістэмным пераўтварэнням у былым сацыялістычным лагеры і значэнню спецслужбаў у гэтым працэсе.
На фоне іншых прафесараў, выкладанне Таргальскага адрознівалася незвычайнай і даволі правакацыйнай, можа нават эксцэнтрычнай манерай. Ён намагаўся прымусіць сваіх студэнтаў разважаць катэгорыямі супрацоўнікаў спецслужбаў, гэты намаганні нярэдка суправаджаў дасціпнымі каментарамі. Да студэнтаў быў патрабавальны, але эфектыўнасць гэтага метаду выкладання спраўдзілася. Нават зараз, шмат гадоў пасля тых заняткаў,мы нярэдка разам з аднагрупнікамі прыгадваем «пары» Ежы Таргальскага.
У 2020 годзе ён быў узнагароджаны Крыжам свабоды і салідарнасці і Камандорскім крыжам ордэна адраджэння Польшчы.
Апроч сваёй грамадскай і навуковай дзейнасці Ежы Таргальскі быў вядомы бязмежнай любоўю да катоў. Ён меў адразу некалькі котак, якія нярэдка з'яўляліся ў тэлеэфірах з удзелам свайго гаспадара.
Эдуард Жолуд
Слухайце аўдыё!