Беларуская Служба

Кіраўнік польскага МУС: Мы павінны змяніць спосаб аховы польска-беларускай мяжы

11.10.2021 09:55
«Мы не зробім ні кроку назад перад абліччам шантажу з боку Лукашэнкі і Пуціна»,. запэўніў міністр Марыюш Каміньскі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne twitter.com/Straż Graniczna

«Сітуацыя, з якой мы маем справу, паказвае, што нам трэба змяніць спосаб аховы польска -беларускай мяжы», – заявіў кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі ў інтэрв’ю выданню Polska Times. Як ён дадаў, цяпер вядуцца работы па падрыхтоўцы тэхнічнай спецыфікацыі і ацэнцы кошту агароджы, якая павінна быць пабудавана на гэтай мяжы.

Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі казаў таксама аб спробах незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы. «З пачатку жніўня больш за 16 тысяч чалавек незаконна спрабавалі перасячы мяжу. За гэты перыяд Памежная служба прадухіліла больш за 14,5 тысячы такіх спробаў. Усяго памежнікі затрымалі 1 471 чалавека. У цэнтрах для іншаземцаў находзіцца каля 1 550 чалавек. Там службы правяраюць іх асобу», – паведаміў палітык.

Марыюш Каміньскі таксама гаварыў пра правакацыі з боку беларускіх службаў. «Гэта розныя сітуацыі, накіраваныя на абвастрэнне напружанасці на мяжы. Мы выявілі іх большую колькасць падчас ваенных манеўраў «Захад -2021». У іх удзельнічалі беларускія і расійскія жаўнеры, у тым ліку спецназ», – паясніў міністр. Як ён адзначыў, прыкладаў правакацый шмат.

«Мая рэкамендацыя адносна падаўжэння надзвычайнага становішча сустрэла зразуменне з боку прэзідэнта і парламента. Гэты час дазволіць Памежнай службе пры падтрымцы Войска Польскага і паліцыі, перш за ўсё, эфектыўна і спакойна рэалізаваць свае задачы, звязаныя з аховай мяжы», – сказаў палітык. Як ён адзначыў, што такім чынам на мяжы ўдасца пазбегнуць таксама «няёмкіх палітычных гепэнінгаў».

«Гэты час таксама дазволіць распрацаваць новую канцэпцыю аховы гэтага ўчастка мяжы», – ацаніў ён. «Я запэўніваю, што калі міграцыйны ціск будзе працягвацца пасля заканчэння надзвычайнага становішча, польскія службы будуць працягваць ахоўваць непарушнасць і бесперапыннасць дзяржаўнай мяжы. Мы не зробім ні кроку назад перад абліччам шантажу з боку Лукашэнкі і Пуціна. У нас дастаткова функцыянераў і жаўнераў, каб эфектыўна ахоўваць гэты ўчастак мяжы», – дадаў Марыюш Каміньскі.

«Сітуацыя, з якой мы маем справу, паказвае, што нам трэба змяніць спосаб аховы польска-беларускай мяжы. Мы размаўлялі пра гэта з польскімі ўладамі і аналізавалі нашы магчымасці. Мы таксама правяралі, якія рашэнні выкарыстоўваюцца ў іншых краінах, якія змагаюцца з праблемай незаконнай міграцыі. Усё гэта, каб выбраць найбольш эфектыўныя метады, якія апраўдаюцца ў нашых палявых умовах», – сказаў ён.

Кіраўнік польскага МУС нагадаў, што на паседжанні Камітэта па пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны пад кіраўніцтвам Яраслава Качыньскага было прынятае рашэнне аб будаўніцтве прафесійнай і пастаяннай агароджы на мяжы.

«Пакуль рана гаварыць пра падрабязнасці. Я магу толькі сказаць, што гэта будзе спалучэнне фізічнага бар'ера, які цяжка пераадолець з самай сучаснай электроннай сістэмай аховы мяжы, у тым ліку перыметрыяй», – паясніў міністр Марыюш Каміньскі ў размове з выданнем Polska Times.