Па якой прычыне, чаму і навошта мігранты з Блізкага Усходу, Афрыкі і іншых куткоў трапляюць на беларуска-польскую мяжу? Такое пытанне задае Gazeta Wyborcza і публікуе некалькі людзкіх гісторый.
Іракіец Кадхім Мазін цяпер знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў у Літве. У Мінск ён прыляцеў рэйсам Iraqi Airways з Багдаду. Білет аформіў у турыстычным бюро. Кадхім – гей, і ў сувязі са сваёй полавай арыентацыяй падаў у Літве дакументы на статус уцекача. Журналістам ён сказаў, што хацеў бы трапіць у Германію альбо Фінляндыю, дзе адносіны да ЛГБТ-супольнасці абсалютна іншыя, чым у Літве, але прышлося падаваць тут, бо ў адваротным выпадку яму пагражала б дэпартацыя.
Газета таксама публікуе размову з Джамілёй, сірыйкай з Лівану. «У Ліване сірыйцам, якія ўцеклі ад вайны, вельмі цяжка, перш за ўсё няма працы. Па адукацыі я – інжынер, але не магу знайсці работу. Мой сябра нелегальна праз Беларусь выехаў у Германію ў жніўні. Сказаў, што зрабіць гэта нескладана», – расказала журналістам Джаміля. «Магчыма, у жніўні было і нескладна, цяпер жа вельмі цяжка перасекчы нелегальна мяжу», – гаворыць яна. Яна вырашыла расказаць людзям сваю гісторыю, каб яны не выдаткоўвалі непатрэбна грошы. У Бейруце яна даведалася, што ў Еўропу лёгка трапіць праз Беларусь. Такія паслугі прапаноўвала адно з турбюро ў ліванскай сталіцы. Агулам за запрашэнне і пералёт праз Дубай яна заплаціла 2 тыс. долараў плюс 250 долараў нібыта за беларускую візу.
У мінскім аэрапорце іх сабралі у вялікай зале – чалавек з 500. Пасля гэтага іх адвезлі ў адну з мінскіх гасцініц. Там ім казалі падрыхтавацца да вандроўкі і набыць паўэрбанкі, ваду, супрацьдажджавыя курткі і нажніцы для перарэзвання дроту. З гасцініцы на мяжу іх завязлі арганізавана на аўтобусе за 200 долараў з чалавека. Ім сказалі, што за полем кукурузы – Польшча. Група нелегалаў некалькі гадзін хадзіла па кукурузнаму полю, але так і не трапіла ў Польшчу. Джаміля засталася ў Беларусі, дзе з ёй і размаўлялі журналісты, паведамляе Gazeta Wyborcza.
вс