Беларуская Служба

Нямецкія паліцыянты патрабуюць вяртання часовага кантролю на мяжы з Польшчай

19.10.2021 11:27
З пачатку года мігранты падалі ўжо больш за 100 тысяч заяў аб прытулку ў Германіі.
- .
Польска-нямецкая мяжа.By © Mateusz War. / Wikimedia Commons, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=6546617

Паводле нямецкага боку, толькі за выходныя з Беларусі ў Германію праз Польшчу прыбываюць нават чатыры сотні мігрантаў. Праблема настолькі сур'ёзная, што нямецкая паліцыя патрабуе часовага ўвядзення памежнага кантролю на мяжы з Польшчай, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Са жніўня нямецкая паліцыя зафіксавала каля 4 900 спробаў нелегальнага перасячэння нямецкай мяжы. У апошнія выходныя толькі ў Брандэнбургіі немцы затрымалі 392 нелегальных мігрантаў. Большасць – гэта грамадзяне з Ірака, Сірыі, Ірана і Емена.

Павелічэнне колькасці спробаў незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі фіксуюць таксама польскія службы. На 18 кастрычніка польская Памежная служба паведаміла пра 9 600 такіх спробаў з пачатку месяца (усяго з пачатку года было зарэгістравана 21 000 такіх выпадкаў).

«На працягу апошніх месяцаў колькасць затрыманых нелегалаў на польска-нямецкай мяжы імкліва павялічваецца», – напісаў кіраўнік паліцэйскіх прафсаюзаў Хейко Тэгатц у лісце да міністра ўнутраных спраў Германіі.

Паводле Тэгатца, увядзенне «часовага кантролю» на мяжы з Польшчай павінна зменшыць прыток нелегальных імігрантаў. Ён перасцерагае, што цяперашняя сітуацыя на мяжы з Польшчай «адпавядае сітуацыі 2013 года на нямецка-аўстрыйскай мяжы» і нагадвае, што ў 2015 годзе прыток мігрантаў быў настолькі вялікі, што ўлады, на практыцы, страцілі кантроль над тым, хто ўехаў у Германію.

Gazeta Wyborcza нагадвае, што ў 2013 годзе колькасць бежанцаў у Германіі значна павялічылася з-за пагаршэння сітуацыі ў Сірыі ў выніку вываду гуманітарных арганізацый. У Германію мігранты прыбывалі праз Балканы і Аўстрыю. У гады 2003-2013 гадах заявы на атрыманне прытулку ў Германіі падало каля 34 тысяч бежанцаў. У 2014 годзе іх колькасць перавысіла 170 тысяч. Пасля 2015 года пачаўся вялікі прыток мігрантаў, усяго за год у краіну прыбыло амаль мільён чалавек.

Тым часам цэнтры для іншаземцаў у Германіі хутка запаўняюцца. З пачатку года мігранты падалі больш за 100 тысяч заяў аб прытулку ў Германіі.

аз