Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен падчас дэбатаў у Еўрапейскім Парламенце заявіла, што рашэнне польскага Канстытуцыйнага суда ставіць пад сумнеў асновы Еўрапейскага Звязу. Як дадала высокапастаўленая чыноўніца, гэта першы выпадак у гісторыі, калі суд дзяржавы-чальца Супольнасці прызнаў, што дамовы ЕЗ несумяшчальныя з нацыянальнай Канстытуцыяй.
-Гэта прывядзе да сурʼёзных наступстваў для польскіх грамадзян. Гэтае рашэнне наўпрост уплывае на абарону судовай сістэмы. Яно аслабляе абарону незалежнасці судовай сістэмы. Без незалежных судоў грамадзяне менш абаронены, і, як следства, іх правы знаходзяцца пад пагрозай.
Урсула фон дэр Ляен адзначыла, што рашэнне Канстытуцыйнага суда Польшчы зʼяўляецца прамым выклікам адзінству еўрапейскага прававога парадку. Палітык дадала, што толькі агульны прававы парадак дае роўныя правы, прававую ўпэўненасць і стварае атмасферу ўзаемнага даверу паміж дзяржавамі-членамі. Такім чынам Урсула фон дэр Ляен выказала пазіцыю Брусэлю па намаганням кіроўнай у Польшчы права-кансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць» па рэфармаванні судовай сістэмы.
Пазіцыя польскага ўрада
Усё часцей з-за дзеянняў Суда ЕЗ без дагаворнай асновы ўзнікаюць пагрозы для дзяржаў-членаў; паўнамоцтвы ЕЗ не могуць быць перавышаныя, мы гаворым «не» цэнтралізму ЕЗ, заявіў прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Аб гэтым кіраўнік польскага ўраду сказаў у ходзе дэбатаў аб вяршэнстве права ў Польшчы.
Прэмʼер сцвярджаў, што крытыка пастановы Канстытуцыйнага суда Польшчы аб перавазе Канстытуцыі над законамі Еўрапейскага Звязу зʼяўляецца неабгрунтаванай, паколькі аналагічныя рашэнні былі прынятыя ў іншых краінах Садружнасці.
Маравецкі падкрэсліў недапушчальнасць таго, што ўстановы ЕЗ пашыраюць свае паўнамоцтвы, ужываючы метад дакананага факту, выкарыстоўваючы эканамічны шантаж. Кіраўнік польскага ўрада заявіў, што еўрапейскае заканадаўства пераўзыходзіць нацыянальнае заканадаўства толькі да ўзроўню законаў.
Кіраўнік урада працытаваў фрагменты пастаноў канстытуцыйных судоў Нямеччыны, Даніі і Францыі, якія, паводле яго слоў, пацвярджалі той факт, што паўнамоцтвы ЕЗ не могуць аспрэчваць вяршэнства Канстытуцыі.
Еўрапейскі Парламент будзе галасаваць па справе рэзалюцыі ў дачыненні да Польшчы ў чацвер, 21 кастрычніка.
Еўрадэпутатка ад кіроўнай у Польшчы партыі «Права і Справядлівасць» Анна Залеўска, па выніках дэбатаў у ЕП заявіла, што разлічвае на здаровы сэнс парламентарыяў пры галасаванні па рэзалюцыі Еўрапарламента па польскім пытанні:
-Трэба быць свядомым таго, што грошы, якія прызначаюцца Польшчы ў тым ліку будуць выкарыстаны еўрапейскімі фірмамі. Яны таксама вядуць размовы са сваім урадамі і міністрамі. Польшча – гэта інтэграваная еўрапейская гаспадарка і недабор тут паўплывае на ўсю гаспадарку Еўрапейскага Звязу.
Частка еўрадэпутатаў патрабуе ад Еўракамісіі распачаць «рашучыя крокі» у дачыненні да Польшчы, у тым ліку запусціць механізм прывязкі выплаты сродкаў ЕЗ да ацэнкі стану вяршэнства права. Дэпутатка ЕП ад «Права і справядлівасці» Анна Залеўска, спадзяецца, што справа не дойдзе да затрымкі выплатаў грошай з Фонду рэканструкцыі. Еўракамісія пакуль не зацвердзіла планы на выдаткі гэтых сродкаў Вугоршчыны і Польшчы:
-Давайце пачакаем пасяджэння Еўрапейскай Рады. Спадзяюся Рада завершыцца кампрамісам, нейкім планам дзеянняў таго, як два бакі Польшча і ЕЗ будуць дзейнічаць далей.
У сваю чаргу былая прэмʼер Польшчы, а цяпер дэпутатка Еўрапейскага Парламенту Бэата Шыдла, раскрытыкавала сваіх польскіх калегаў, якія падчас дэбатаў, як яна гэта акрэсліла «стваралі гісторыі, якія шкодзяць добраму імю Польшчы». Была прэмʼер Шыдла лічыць, што частка польскіх еўрадэпутатаў беспардонна атакавала ўласную краіну:
-Яны казалі пра тое, што апошнія падзеі ў Польшчы не адпавядаюць прынцыпам дэмакратычнай дзяржавы. Гэта відавочная бздура і хлусня! Гэтыя дэпутаты казалі так выключна для палітычных разрахункаў, гэта быў сігнал сваім выбарцам. Абуральна, што яны робяць гэта ў Страсбургу. Я разумею палітычныя падзелы. Я, а таксама мае апаненты: Цімашэвіч, Мілер і Бэлька жывем у Польшчы і ведаем, што гэта бяспечная краіна, у якой пануе закон. Польшча – гэта дэмакратычная дзяржава.
Голас «ястрабаў»
Тым часам, радыкальная частка кіроўнага лагеру Польшчы ідзе на павышэнне ставак у канфлікце з Бруселем. Міністэрства юстыцыі Польшчы, якое ачольваецца ястрабам «Абʼяднаных правых сілаў» Збігневам Зёбрам паведаміла, што звернецца да ўраду з просьбай накіраваць пазоў у Суд Еўрапейскага Звязу супраць Нямеччыны – за парушэнне дамоваў ЕЗ у сувязі з палітызацыяй тамтэйшай судовай сістэмы. Ведамства аргументуе гэта тым, што Польшчу памылкова абвінавачваюць у палітызацыі судовай сістэмы, у той час як у Нямеччыне суддзяў у аналаг польскага Вярхоўнага суда выбіраюць выключна палітыкі.
На прэс-канферэнцыі намеснік міністра юстыцыі Польшчы Себасцьян Калета адзначыў, што ў Польшчы пераважны голас пры выбары суддзяў маюць самі суддзі – у адрозненні ад Нямеччыны:
-У Польшчы ў склад Нацыянальнай судовай рады ўваходзяць 25 чалавек: 17 суддзяў, 6 прадстаўнікоў парламента, 2 прадстаўнікі выканаўчай галіны ўлады. Тым часам у ФРГ не суддзі, а міністры юстыцыі або іншыя адпаведныя міністры, зыходзячы з таго, у якой федэральны суд выбіраюцца суддзі, прымаюць рашэнні. Што тычыцца Федэральнага Вярхоўнага суда Нямеччыны, то там іх 16. У нямецкіх землях гэтыя міністры непасрэдна складаюць палову ўсяго складу. Другая палова – гэта прадстаўнікі Бундэстага.
Прапанова Міністэрства юстыцыі зʼяўляецца рэкамендацыяй, і невядома, ці прыме ўрад адпаведнае рашэнне. Аднак, сігнал ужо прагучаў і гэта ў дзень дэбатаў ЕП па пытанню вяршэнства права ў Польшчы.
Шанец на прымірэнне?
Яшчэ ў 2017 годзе ў сувязі з абвешчанай у Польшчы судовай рэформай, Еўрапейская Камісія распачала супраць яе працэдуру, якая можа прывесці да пазбаўлення краіны права голасу ў Радзе ЕЗ. Польская апазіцыя сцвярджае, што непажаданых уладам суддзяў прымусова адправілі на пенсію, а прыхільнікі ўладаў кажуць, што гаворка ідзе пра суддзяў, якія служылі камуністычнаму рэжыму. У 2019 года Еўрапейскі суд паставіў пад сумнеў правамернасць стварэння ў 2018 годзе Дысцыплінарнай палаты ў структуры Вярхоўнага суда Польшчы.
Аднак сёлета ў жніўні ўрад анансаваў скасаванне Дысцыплінарнай палаты, якая і стала прадметам спрэчкі паміж Варшавай і Бруселем. Ці будзе гэтага дастаткова, каб спыніць канфлікт?
Слухайце аўдыё!
эж