Беларуская Служба

Германія ўзмацняе кантроль на польска-нямецкай мяжы

26.10.2021 13:21
Гэта адказ на рост колькасці нелегальных мігрантаў, якія прыбываюць у Германію з Усходняй Еўропы.
Granica niemiecko-polska w Meklemburgii - Pomorzu Przednim (zdj. ilustracyjne)
Granica niemiecko-polska w Meklemburgii - Pomorzu Przednim (zdj. ilustracyjne)Wojciech Wrzesien/ Shutterstock

Міністр унутраных спраў Германіі абвясціў, што краіна ўзмоцніць кантроль на мяжы з Польшчай пасля таго, як паліцыя ліквідавала ўзброеную ўльтраправую групоўку, якая спрабавала не дапусціць мігрантаў у краіну, паведамляе «Rzeczpospolita». Хорст Зеехофер паведаміў у мясцовай прэсе, што на польска-нямецкую мяжу ўжо накіраваныя 800 паліцыянтаў, каб дапамагчы справіцца з ростам колькасці мігрантаў з усходніх краін, якія нелегальна перасякаюць межы Германіі.

У нядзелю нямецкая паліцыя ліквідавала групу каля 50 актывістаў з ультраправай радыкальнай групоўкі «Трэці шлях» (Der III. Weg), якая заклікала сваіх членаў сабрацца і прадпрыняць дзеянні супраць мігрантаў, якія спрабуюць перасячы мяжу з Польшчы. Падчас аперацыі былі канфіскаваныя пярцовы газ, штыкі, мачэтэ і дубінкі.

Апошняе павелічэнне колькасці мігрантаў, якія незаконна перасякаюць усходнюю мяжу ЕС з Беларусі, выклікала сур'ёзную занепакоенасць краін-членаў супольнасці. Польшча прапанавала пабудаваць сцяну на мяжы з Беларуссю, каб спыніць мігрантаў. Адказваючы на пытанне, ці патрэбныя такія памежныя сцены, Зеехофер адказаў: «Мы лічым абгрунтаваным абараняць знешнюю мяжу такім чынам, каб прадухіліць ейнае нелегальнае перасячэнне».

Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў Германіі, з пачатку года каля 5 700 чалавек перасеклі мяжу паміж Германіяй і Польшчай без дазволу на ўезд. У суботу каля польскай мяжы быў затрыманы мікрааўтобус, якім ехалі 31 нелегальны мігрант з Ірака.

У адказ на рост колькасці мігрантаў, на мінулым тыдні міністр унутраных спраў Германіі прапанаваў польскаму калезе Марыюшу Каміньскаму павялічыць колькасць сумесных патрулёў уздоўж мяжы з Польшчай. Польскі бок заявіў аб поўнай падтрымцы гэтай ідэі. У той жа час Зеехофер абвясціў, што Германія не плануе закрываць мяжу з Польшчай, дадаўшы, што такі крок таксама быў бы «сумнеўным з юрыдычнага пункту гледжання«.

аз