Выданне Sieci шмат увагі прысвячае міграцыйнаму крызісу на беларуска-польскай мяжы. Артыкул называецца «Лукашэнка ў міграцыйнай пастцы». Аўтар разважае, як і калі можа закончыцца прэсінг з боку беларускага рэжыму на суседнія краіны – Польшчу і Літву, пры дапамозе вялікай масы нелегальных мігрантаў.
Жыхары Беларусі занепакоеныя ростам колькасці мігрантаў, якія паявіліся ў гарадах краіны. Падобна на тое, што ўлады самі трапілі ва ўласную пастку і паступова будуць мяняць сваю палітыку, паколькі не прадбачылі рашучай рэакцыі польскіх ды літоўскіх уладаў і падтрымкі іх з боку ЕС. Хаця некаторыя эксперты, як палітолаг Валер Карбалевіч, кажуць: яшчэ рана даваць прагноз, што рэжым мяняе стратэгію.
У сеціве паяўляюцца заклікі да мігрантаў правесці ў Мінску мірную дэманстрацыю пратэсту. А пратэсты Лукашэнку абсалютна непатрэбныя, асабліва цяпер, калі ідзе падрыхтоўка да планаванага на люты рэферэндуму па пытанні канстытуцыйных зменаў. На думку эксперта Арсена Сівіцкага, улады неўзабаве могуць адмовіцца ад палітыкі аказання міграцыйнага прэсінгу на Еўрапейскі Саюз. Прычынай можа быць як прыход зімы, так і пагроза з боку чацвёртай хвалі эпідэміі каранавіруснай інфекцыі.
Лукашэнка ўжо заявіў, што ён баіцца новага вітку грамадскіх пратэстаў пры нагодзе правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму. Да хваляванняў рыхтуюцца сілавікі, не змяншаецца напружанне і хваля рэпрэсіяў. Неадназначнае таксама стаўленне Масквы. У нядаўнім дакладзе, падрыхтаваным Асацыяцыяй знешнепалітычных даследаванняў імя Андрэя Грамыкі, гаворыцца, што ў Беларусі неабходна пачаць грамадскі дыялог. На думку аўтараў дакументу, пратэсты пасля мінулагодніх выбараў – гэта сведчанне патрэбнасці перамен, а не змова заходніх дзяржаваў, як прадстаўляе беларуская прапаганда. Даклад падпісалі між іншым эксперты, да меркавання якіх прыслухоўваюцца расійскія ўлады.
Рэжым у Мінску, але таксама Маскву, можа непакоіць рост нервовасці ў колах нямецкіх уладных структур і, у сувязі з гэтым, цвёрдая пазіцыя ЕС. У Германіі кажуць, што ўлады Беларусі арганізуюць, а па меншай меры падтрымліваюць, паток нелегальных мігрантаў, і робяць гэта пры ціхім адабрэнні Масквы. Паводле нямецкіх дадзеных, за першыя сем месяцаў бягучага году ў Германіі зарэгістравана 26 нелегальных мігрантаў, а з пачатку жніўня – ужо 4322, пераважна з Іраку, Емену, Сірыі ды Ірану.
Такім чынам, неўзабаве Лукашэнка можа вырашыць, што працяг канфлікту больш яму шкодзіць, чым спрыяе вырашэнню яго праблем. Аднак нельга выключаць, што ён можа рашыцца на яшчэ большы міграцыйны прэсінг, каб дасягнуць нейкіх саступак перад рэферэндумам.
нг