Беларуская Служба

У. Падгол пра важнейшае за тыдзень у Беларусі: Лукашэнку не дапусцяць да Пуціна

30.10.2021 10:00
Пяскоў паведаміў, што Уладзімір Пуцін возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы РФ і Беларусі па відэасувязі.
Аўдыё
Уладзімір Падголradyjo.net

У судзе Першамайскага раёна 28 кастрычніка разглядзелі справу 27-гадовага Арцемія Нікіценкі. Справу вяла суддзя Анастасія Кулік. Згодна з пратаколам па арт. 24.23 КаАП, Нікіценка «27 кастрычніка каля 13:35 у кавярні «Культура» з мэтай выказвання свайго негатыўнага стаўлення да дзейнай улады правёў пікетаванне, прадэманстраваўшы бчб-бранзалеты на руках з надпісам «Жыве Беларусь». Прысуд – 15 сутак.

Другі пікет зладзіў Л. Ён дэманстратыўна хадзіў па чырвонай зоне бальніцы, дзе лекаваліся кавідныя пацыенты. Прыспускаў маску. І прысуд яму зрабіў Пуцін. Не дапусціў Л. да свайго цела, дакладней, носа і рота. Звычайна, каб трапіць да Пуціна, кандыдата на прыём вытрымліваюць у каранціне, робяць шмат аналізаў. А тут антыкавідны зух – Лукашэнка ў чырвонай зоне ды без маскі.

Прысуд Пуціна для Л.: Пяскоў паведаміў, што Уладзімір Пуцін возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы РФ і Беларусі па відэасувязі.

У кавіднай лякарні Л. зноў загаварыў пра мажлівасць вайны: «Вы добра бачыце, вы тут больш на Захадзе, чым усе астатнія. І бачыце, што адбывалася і што ад нас хочуць. Учора ўжо »Леапарды« падкінулі да нашай граніцы – танкі», – заўважыў беларускі лідар у час размовы з работнікамі Лідскай ЦРБ.

У сувязі з гэтым ён звярнуўся да памочніка Прэзідэнта – інспектара па Гродзенскай вобласці Юрыя Караева: «Ты, Юра, глядзі тут (ты ж генерал, акрамя ўсяго іншага), што яны там робяць за межамі. Своечасова падказвайце. Нягоднікі апошнія. Баюся, каб яны вайнушку не развязалі тут».

Лукашэнка і яго сям’я прышчапіліся ад каранавіруса нямецка-амерыканскай вакцынай Pfizer/BioNTech, паведаміў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

«Аказваецца, службай бяспекі Лукашэнкі была праведзеная спецаперацыя пры ўдзеле агентаў знешняй разведкі, пад дыпламатычным прыкрыццём па закупцы вакцын Pfizer, якія дыпламатычным транспартам аднаго з пасольстваў былі прывезеныя на тэрыторыю Беларусі ў рэзідэнцыю ўзурпатара. Ён і бліжэйшыя члены яго сям’і былі прышчэпленыя вакцынай Pfizer. Гэта рэальнае стаўленне дыктатара да беларусаў», – сказаў Латушка.

Лукашэнка лічыць, што прадстаўленыя ў Беларусі расійская і кітайская вакцыны зарэкамендавалі сябе значна лепш за заходнія аналагі, таму краіна і закупляе гэтыя прэпараты.

Сам уладар вакцынаў паведаміў на публіку, што будзе прышчэплівацца праз пару год беларускай вакцынай.
Хто мае рацыю, можна вырашыць, калі спраўдзіць, на якім аўто ездзіць Л. Не на расійскім, не на кітайскім, а на нямецкіх аўто.

«Нам падкідваюць гэтыя оппы [апазіцыянеры] ідэю: «Завязіце Pfizer, Johnson & Johnson, Moderna». Для чаго? Каб яны маглі прышчапіцца, атрымаць пашпарт і ехаць на Захад інструкцыі атрымліваць»,

Лукашэнка карыстаецца меншай падтрымкай, чым Калеснікава, Бабарыка, Ціханоўская (і нават чым замежныя лідары). Давяла пракрамлёўская сацыялагічная служба.

Уладзімір Падгол