Амбасадар Польшчы ў Расіі Кшыштаф Краеўскі(Krzysztof Krajewski) занепакоены лёсам дошак у памяць польскіх афіцэраў, забітых функцыянерамі Народнага камісарыята ўнутраных спраў СССР (НКУС Савецкага Саюза). Такім чынам польскі дыпламат пракаментараваў пастанову Касацыйнага суда Масквы, які адхіліў скаргу аб’яднання «Мемарыял» адносна дэмантажу катынскіх дошак у Цверы.
Тэму працягвае Анна Задрожна:
Касацыйны суд Масквы не задаволіў скаргі аб'яднання «Мемарыял» аб дэмантажы катынскіх дошак, паведаміў Польскаму радыё юрыст Уладзімір Трагубаў. Адвакат дадаў, што падчас судовага разбору суд пазбавіў яго права на адказ:
-Мы выступілі з заявай, у якой прывялі доказы нашай касацыйнай скаргі, а затым выступіў падсудны. Пазней мы павінны былі б атрымаць права на адказ, але суд нам на гэтага не дазволіў.
Па словах адваката, абʼяднанне «Мемарыял» зможа абскардзіць касацыйны прысуд у Вярхоўным судзе і Еўрапейскім судзе па правах чалавека ў Страсбургу. Аднак рашэнне па гэтай справе яшчэ не прынятае. У судзе прысутнічалі польскія дыпламаты з амбасаду Польшчы ў Маскве і консульскага аддзела.
Нагадваем, памятныя дошкі ў Цверы былі знятыя ў траўні 2020 года. Па сённяшні дзень не ўстаноўлена, па чыім загадзе.
Амбасадар Польшчы ў Расіі Кшыштаф Краеўскі ў адмысловай заяве адзначыў, што на працягу амаль 30 гадоў ніхто не ставіў пад сумнеў законнасць іх усталявання.
- Праведзеныя намі аналізы адназначна паказваюць, што дошкі былі ўсталяваныя законна і з дазволу мясцовых уладаў, і што іх дэмантаж адбыўся з парушэннем заканадаўства. Апрача таго на працягу многіх гадоў дошкі знаходзіліся ў афіцыйным спісе памятных дошак, на афіцыйным сайце горада Цвер, і ніхто не ставіў пад сумнеў законнасць іх усталявання.
Польскі дыпламат таксама дадаў, што ўлады і кіраўніцтва ўніверсітэта выдатна ведаюць, што ля памятных дошак рэгулярна адбываліся цырымоніі з удзелам польскіх дэлегацый і прадстаўнікоў амбасады.
«Тым больш дзіўна, што расійскі бок не звярнуўся да польскіх уладаў са сваімі сумневамі. Калі б мы атрымалі які-небудзь запыт па гэтым пытанні, уся неабходная інфармацыя і тлумачэнні, безумоўна, былі б дадзеныя», – падкрэслівае польскі амбасадар.
Судовая справа па дэмантажы цвярскіх дошак – не адзіныя, якая працягваецца ў Расіі па справе ўшанавання памяці ахвяр Катынскай разні.
28 кастрычніка суд пастанавіў, што мемарыяльныя дошкі, устаноўленыя ў кляштары ў Асташкаве, дзе ўтрымліваліся польскія ваеннапалонныя, не маюць гаспадара, і перадаў іх ва ўладанне мясцовай адміністрацыі.
У адмысловай заяве польскі амбасадар Кшыштаф Краеўскі выказаў надзею, што яны не падзеляць лёс цвярскіх дошак.
«Калі такім чынам адбудзецца, тады мы павінны задумацца, ці не маем справы з запланаванай паступовай палітыкай ліквідацыі памяці аб Катынскай разні ў Расіі«, – кажа польскі дыпламат.
Нагадваем, у траўні 2020 года са сцяны Медуніверсітэта ў Цверы былі дэмантаваныя дзве дошкі: адна на польскай мове ў памяць польскіх афіцэраў, забітых НКУС, і другая на расійскай мове ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій.
Афіцыйна ў прыняцці такога рашэння ніхто не прызнаўся. Кіраўніцтва ВНУ тлумачыць, што гэта былі рэкамендацыі пракуратуры. Гарадскія ўлады дыстанцуюцца ад гэтага рашэння.
Скаргу па гэтай справе ў суд падалі прадстаўнікі абʼяднання «Мемарыял» і семʼяў ахвяр палітычных рэпрэсій. 25 лютага Цвярскі суд адхіліў іск і толькі праз тры тыдні апублікаваў абгрунтаванне. Суд спаслаўся на заявы пракуратуры, якія аспрэчваюць некаторыя факты пра сталінскія злачынствы.
Цвярская пракуратура, у прыватнасці, заявіла, што няма доказаў таго, што польскія афіцэры і грамадзяне Савецкага Саюза былі забітыя ў будынку, які сёння належыць медыцынскаму ўніверсітэту. Акрамя таго, яны вырашылі, што дошка памяці польскіх афіцэраў была павешана незаконна, бо асобы, якія яе мантавалі пераблыталі адрас.
На гэтай падставе суд прыйшоў да высновы, што адміністрацыя Цвярскога ўніверсітэта пры дэмантажы памятных дошак выконвала толькі рэкамендацыі пракуратуры і не магла быць удзельнікам гэтай справы.
Касацыйная інстанцыя ў Маскве пакінула рашэнне цвярскіх суддзяў у сіле.
На сцяне Цвярскога медуніверсітэта ў пачатку 1990-х гадоў была ўстаноўлена дошка на польскай мове ў памяць аб 6 300 польскіх афіцэраw, расстраляных функцыянерамі НКУС. Ініцыятарам усталявання дошкі выступіла Аб’яднанне катынскіх сем’яў, згоду на гэта далі тагачасныя гарадскія ўлады. У той жа час побач была ўсталяваная дошка на расійскай мове ў памяць аб грамадзянах Савецкага Саюза, забітых падчас сталінскіх рэпрэсій.
Як устанавілі польскія і расійскія гісторыкі, у будынку, які цяпер належыць медыцынскаму ўніверсітэту, раней размяшчалася штаб-кватэра НКУС. У падвале будынка катавалі і забівалі ваеннапалонных і палітвязняў.
Нагадваем, вясной 1940 года па загадзе Іосіфа Сталіна савецкія каты забівалі польскіх ваеннапалонных: паліцыянтаў і супрацоўнікаў жандармерыі і памежнай службы.
Паводле незалежных расійскіх гісторыкаў, пракрамлёўскія колы спрабуюць прыкрыць сталінскія злачынствы, каб адбяліць імідж Савецкага Саюза.
аз