Беларуская Служба

Захад уводзіць санкцыі супраць Расіі

23.02.2022 12:12
Адной з больш балючых для Масквы з’яўляецца прыпыненне сертыфікацыі газаправоду Nord Stream 2.
Аўдыё
  • Захад уводзіць санкцыі супраць Расіі
Захад уводзіць санкцыі супраць Расіі PAP/EPA/SERGEY DOLZHENKO

ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Еўрасаюз, Канада, Японія і Аўстралія – усе гэтыя краіны ўвялі санкцыі супраць Расіі. Гэта рэакцыя на прызнанне Уладзімірам Пуціным дзвюх самаабвешчаных рэспублік з украінскага Данбаса і накіраванне ва Украіну расійскіх жаўнераў. Аднак прозвішча самога прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў санкцыйным спісе няма.

Еўрасаюз увядзе санкцыі супраць расійскіх банкаў і дэпутатаў Думы. Супольнасць абмяжуе доступ Расіі да рынкаў ЕС і ўвядзе абмежаванні для расійскіх банкаў, якія фінансуюць ваенныя аперацыі. Апрача таго, больш за 350 чалавек будзе забаронены ўезд у ЕС, а іх фінансавыя актывы будуць замарожаныя. «Мы таксама вырашылі нацэліцца на 27 асоб і арганізацый, якія падрываюць і пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны», – падкрэсліў кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль.

Раней Германія абвясціла, што ў адказ на агрэсію Расіі спыняе сертыфікацыю газаправода Nord Stream 2. Гэта азначае, што ключавая для Масквы інвестыцыя не зможа быць запушчаная. Пра гэтае паведаміў канцлер Олаф Шольц:

- Сёння я папрасіў Федэральнае міністэрства эканомікі адклікаць актуальную справаздачу аб аналізе бяспекі паставак у Федэральным сеткавым агенцтве. Гэта гучыць вельмі тэхнічна, але з'яўляецца неабходным адміністрацыйным крокам, каб трубаправод не мог быць сертыфікаваны, а без гэтай сертыфікацыі Nord Stream 2 не можа быць уведзены ў эксплуатацыю.

Олаф Шольц падкрэсліў, што гэта толькі першы «канкрэтны» крок і не выключае далейшых санкцый супраць Масквы.

«Я лічу, што ўрад Германіі мае поўную рацыю», – пракаментаравала рашэнне ўладаў у Берліне старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен:

- Я лічу, што ўрад Германіі мае поўную рацыю. Nord Stream 2 трэба ацэньваць з пункту гледжання энергетычнай бяспекі ўсяго Еўрасаюза. Таму, што гэты крызіс паказвае, што Еўропа ўсё яшчэ занадта залежыць ад расійскага газу. Нам трэба дыверсіфікаваць нашыя пастаўкі і звяртацца да надзейных пастаўшчыкоў.

Старшыня Еўракамісіі таксама падкрэсліла, што ЕС павінен інвеставаць у аднаўляльныя крыніцы энергіі. «Гэта стратэгічныя інвестыцыі ў нашу энергетычную незалежнасць», – дадала Урсула фон дэр Ляен.
Эканамічныя санкцыі і прыпыненне сертыфікацыі Nord Stream 2 вітае таксама генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг:

- Я вітаю эканамічныя санкцыі, абвешчаныя некаторымі хаўруснікамі па НАТА, і рашэнне ўрада Германіі прыпыніць сертыфікацыю Nord Stream 2. Мы заклікаем Расію пайсці на шлях дыпламатыі. Гэта самы небяспечны момант у Еўропе за многія апошнія гады. Але Еўропа і Паўночная Амерыка стаяць рука аб руку ў НАТА, абʼяднаныя і гатовыя абараняць адзін аднаго.

Кіраўнік альянсу паўтарыў, што калі Расія будзе працягваць агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны, яна заплаціць высокую цану.

У сваю чаргу Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала спіс расійскіх субʼектаў, якія падпадаюць пад амерыканскія санкцыі. У прыватнасці абмежаванні прымяняюцца ў дачыненні да «Внешэкономбанка» і «Военно-Промышленнага Банка», 42 падкантрольных ім субʼектаў, а таксама шэрагу асобаў. Як падкрэсліваюць амерыканцы, абмежаванні абцяжараць фінансаванне Расіяй узбраенняў за яе межамі.

Пра ўвядзенне далейшых эканамічных санкцый супраць Расіі, у прыватнасці супраць расійскіх элітаў і фінансавых установаў, учора паведаміў прэзідэнт ЗША. Джо Байдэн падкрэсліў, што гэта цана, якую Расія плаціць за агрэсію супраць Украіны і прызнанне незалежнасці дзвюх сепаратысцкіх рэспублік на Данбасе:

- Мы ўводзім поўнасцю блакіруючыя санкцыі супраць двух буйных расійскіх фінансавых установаў – «Внешэкономбанка» і «Военно-Промышленнага Банка». Мы ўводзім жорсткія санкцыі ў дачыненні да дзяржаўнага доўгу Расіі, што азначае, што мы адрэзалі Расію ад заходняга фінансавання. Вы не можаце атрымаць больш грошай на Захадзе або гандлёвыя аблігацыі на рынках ЗША і Еўропы. Таксама з заўтрашняга дня пачнем уводзіць санкцыі супраць расійскіх элітаў і іх семʼяў.

Джо Байдэн таксама абвясціў, што ЗША ўзмоцняць усходні фланг НАТА ў Літве, Латвіі і Эстоніі і будуць працягваць падтрымліваць Украіну і ўмацоўваць яе ваенны патэнцыял. Прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што гэта адказ на цяперашняе развіццё агрэсіі супраць Украіны, і што санкцыі будуць узмацняцца па меры яе развіцця.

Белы дом абвясціў таксама, што прэзідэнт Джо Байдэн адмяніў свой удзел саміце з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Раней таксама дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен адмяніў планаваную на чацвер сустрэчу з кіраўніком расійскай дыпламатыі Сяргеем Лаўровым. Сустрэчу з кіраўніком расійскай дыпламатыі адклікаў таксама МЗС Францыі.

У сваю чаргу Вялікабрытанія ўводзіць санкцыі супраць пяці расійскіх банкаў і трох грамадзян Расіі, але гэта толькі пачатак адказу краіны на агрэсію супраць Украіны, заявіў прэмʼер Вялікабрытаніі Барыс Джонсан.
Пад санкцыі патрапілі банкі: Банк Расіі, «ІС Банк», «General Bank», «ПСБ» і «Чарнаморскі банк».
Санкцыі таксама ўведзеныя ў дачыненні да трох фізічных асоб: Генадзя Цімчанкі, Ігара Ратэнберга і Барыса Ратэнберга.

Барыс Джонсан у аўторак прадставіў у Палаце абшчын даклад аб рэакцыі брытанскага ўрада на прызнанне Расіяй незалежнасці сепаратысцкіх рэгіёнаў Украіны – Данецкай і Луганскай Народных Рэспублік і ўвядзенне туды войскаў.

У сваю чаргу Аўстралія ўвяла забарону на ўезд і наклала фінансавыя абмежаванні на восем членаў расійскага Савета бяспекі за іх удзел у падрыхтоўцы ўварвання.

Канада, як і раней ЗША, забараніла любое супрацоўніцтва з прадстаўнікамі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай рэспублік. Санкцыі закрануць таксама дэпутатаў Думы і прадстаўнікоў двух расійскіх банкаў. Краіна таксама аб’яцала накіраваць у Латвію дадатковы вайсковы кантынгент.

Японія, як і ЗША, забараніла гандаль расійскімі аблігацыямі. Яна таксама замарозіла рахункі некалькіх расійцаў.

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы заявіў, што найбольш важныя санкцыі, уведзеныя супраць Расіі, тычацца Nord Stream 2. Пётр Ваўжык (Piotr Wawrzyk) дадаў, што абмежаванні закранаюць бліжэйшых супрацоўнікаў Уладзіміра Пуціна. Паводле яго, Масква адчуе санкцыі па расійскім доўгу:

- Расійская біржа ўжо заўважыла праблему, расійскія эканамісты таксама ўжо пачынаюць гаварыць, што гэта адмоўнае рашэнне для расійскай эканомікі. Цягам бліжэйшых тыдняў расійскія эліты зразумеюць, што ўсе гэтыя дзеянні адмоўна паўплываюць на эканоміку Расіі. Паводле мяне, на шмат са згаданых абмежаванняў расійцы не былі падрыхтаваныя, перш за ўсё, я маю на ўвазе справу доўгу.

Намеснік міністра Пётр Ваўжык дадаў, што, з аднаго боку, санкцыі не ў поўнай меры адпавядаюць чаканням часткі краін, напрыклад, Польшчы, але з іншага боку, яны ідуць далей, чым чакалася.

Тым часам міністр замежных спраў Украіны заклікаў Захад увесці яшчэ больш жорсткія санкцыі супраць Расіі.
Не спыняюцца таксама дыпламатычныя дзеянні Захаду. Сёння ў Кіеве сустракаюцца прэзідэнты Польшчы і Літвы. У сваю чаргу ў пятніцу прэзідэнт Анджэй Дуда будзе гаспадаром саміту дзяржаваў усходняга флангу НАТА.

Тым часам супраць увядзення санкцый выступае Кітай. У канфлікце вакол Украіны на бок Расіі перайшлі таксама ўлады Кубы, Венесуэлы і Нікарагуа. У сваю чаргу рашэнне Уладзіміра Пуціна аб прызнанні «незалежнасці» самаабвешчаных сепаратысцкіх рэспублік «бліскучым», а самога Пуціна – «вельмі разумны» назваў былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Ён таксама запэўніў яго, што калі б ён быў пры ўладзе, гэта было б «неймаверным».

IAR/аз

Расійскія фондавыя індэксы знізіліся пасля прызнання ДНР і ЛНР

22.02.2022 11:17
На думку аналітыкаў, баючыся заходніх санкцый, інвестары пазбаўляюцца ад акцый «Раснафты», «Ашчадбанка» і «Газпрома».

Германія прыпыняе сертыфікацыю газаправоду «Паўночны паток-2»

22.02.2022 14:32
Гэта адказ на прызнанне Расіяй дзвюх сепаратысцкіх абласцей на ўсходзе Украіны.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі: Мы ўводзім санкцыі супраць 5 расійскіх банкаў і 3 фізічных асоб

22.02.2022 17:22
Гэта толькі пачатак адказу Вялікабрытаніі на агрэсію Расіі супраць Украіны