Партал Niezalezna.pl нагадвае, што ў гадавіну ўварвання арміі Гітлера ў Польшчу старшыня кіроўнай партыі Яраслаў Качыньскі даў інтэрв'ю газеце Le Figaro, згадваючы пра неабходнасць выплаты Польшчы нямецкіх рэпарацый. Польшча першай супрацьстаяла агрэсіі III Рэйха, яна панесла прапарцыйна найбольшыя чалавечыя і матэрыяльныя страты сярод усіх краін, на якія напалі Гітлер і яго саюзнікі.
«Такім чынам, Польшча мае поўнае і бясспрэчнае права дамагацца і атрымаць адпаведную кампенсацыю. Польшча павінна скарыстацца гэтым дзеля элементарнага пачуцця справядлівасці, дзеля гістарычнай праўды, а таксама дзеля сапраўднага польска-нямецкага прымірэння», – мяркуе Качыньскі.
«Злачынствы немцаў у Польшчы былі надзвычай жорсткія. З першых дзён ваенных дзеянняў здзяйсняліся жахлівыя забойствы (людзей спальвалі жывымі) і так было да канца акупацыі. Злачынствы нямецкіх дзяржаўных чыноўнікаў суправаджаліся індывідуальнымі, напрыклад, забойствамі або крадзяжамі. Адначасова з масавымі забойствамі з поўнай наўмыснасцю праводзілася палітыка голаду польскага грамадства, якая вяла да смерці адных і пагаршэння здароўя іншых, што мела наступствы для будучых пакаленняў».
Як падкрэсліў Качыньскі, «недапушчальна – з пункту гледжання маралі і годнасці – каб Польшча была выключана Германіяй з працэсу кампенсацыі, у той час як семдзесят іншых краін маглі б скарыстацца той ці іншай формай кампенсацыі».
«Насуперак таму, што заяўляе нямецкі бок, Польшча ніколі не адмаўлялася патрабаваць ад Нямеччыны ваенных рэпарацый. Аднабаковая дэкларацыя Савету міністраў ад 23 жніўня 1953 г. па сваёй прыродзе не мела юрыдычнага значэння, бо ніколі не была апублікаваная ў Афіцыйным часопісе і не зарэгістраваная ў адпаведных рэестрах ААН. Больш за тое, некаторыя юрыдычныя колы сцвярджаюць, што гэта не адпавядала дзейным на той час канстытуцыйным нормам. У гэтым кантэксце варта нагадаць, што Сейм Рэспублікі Польшча ў рэзалюцыі ад 10 верасня 2004 г. адзначыў, што да гэтай даты Польшча не атрымала ні належнай фінансавай кампенсацыі, ні рэпарацый за вялізныя шкоды, выкліканыя агрэсіяй, акупацыяй і генацыдам (здзейсненымі немцамі) і стратай незалежнасці»
«Таксама нельга забываць, што Германія ў значнай ступені не адказала за сваё нацысцкае мінулае і злачынствы», – адзначыў палітык, указаўшы, што многія чыноўнікі Трэцяга рэйха актыўна ўдзельнічалі ў палітычным і грамадскім жыцці як ФРГ, так і ГДР, і «дзякуючы шэрагу прававых механізмаў яны маглі карыстацца эфектыўнай амністыяй».
Качыньскі падкрэсліў, што адсутнасць рэпарацый і адмаўленне нямецкімі палітыкамі легітымнасці іх патрабавання кідаюць цень на польска-нямецкія адносіны.
нг