Беларуская Служба

Дыктатар збіраецца на вайну

11.10.2022 10:10
10 кастрычніка Лукашэнка правёў нараду па пытаннях бяспекі, падчас якой заявіў, што Беларусь бярэ ўдзел у расійскай агрэсіі.
Аўдыё
  • Эксперты пра пагрозы Лукашэнкі ў бок Украіны
Ілюстрацыйны здымакScreenshot z Youtube

Дыктатар збіраецца інтэнсіфікаваць дапамогу Крамлю. У Беларусі рыхтуецца групоўка для ўваходу ва Украіну пасля нанясення Расіяй ядзернага ўдару, перакананы эксперт.

Лукашэнка ў чарговы раз абвінаваціў Украіну ў тым, што тая плануе напад на Беларусь. Таксама дыктатар абвясціў, што дамовіўся з Пуціным пра разгортванні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войск. Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусь прыедуць тысячы расійскіх салдат. Украінскі бок агучыў лічбу расійскай групоўку ў 20 тысяч.

Пры гэтым у самой Беларусі з 21 верасня, пасля абвяшчэння Пуціным мабілізацыі ў Расіі ды правядзення псеўдарэферэндумаў на часова акупаваных тэрыторыях Украіны сталі распаўсюджвацца чуткі пра правядзенне прыхаванай мабілізацыі ў Беларусі.

Усё гэта ўспрымаецца як падрыхтоўка да нападу на Украіну цяпер ужо сумесна расійскіх вайскоўцаў ды лукашэнкаўскай арміі. Прынамсі, гэта адчувальная змена пазіцыі беларускага рэжыму на ўзроўні рыторыкі. Раней Лукашэнка заяўляў, што не бярэ ўдзел у нападзе і выстаўляў сябе як міратворца. Ці апошнія словы таксама трэба ўспрымаць як спробу выкруціцца ад вайны, абмежавацца гатоўнасць падтрымліваць расіян? У гэтым сумняваецца палітолаг Павал Усаў.

- У Лукашэнкі ўжо няма магчымасці выкруціцца. Беларусь ужо была задзейнічаная ў вайне супраць Украіны, а на сённяшні момант мы назіраем пераход Беларусі ў новы фармат. Ад пасіўнай агрэсіі да актыўнага ўдзелу. Гэта прасочваецца праз новыя перавозкі расійскіх вайскоўцаў, ноту МЗС ды разгортванне рэгіянальнай групоўкі войск на межах з Украінай. Гэта азначае, што Лукашэнка прызнаў факт анексіі ўкраінскіх тэрыторый да Расіі, прызнаў факт вайны на тэрыторыі Расіі. Справа ў тым, што рэгіянальная групоўка войск выкарыстоўваецца толькі ў выпадку нападу на Расію.

Лукашэнка не далучаўся да расійскай аперацыі таму, што Масква не атрымала хуткай перамогі. Цяпер Крэмль змяняе падыход на больш жорсткі да вайны і хаўруснікаў, кажа палітолаг Зміцер Міцкевіч.

- Мы бачым, што расійскія войскі будуць перакінутыя на тэрыторыю Беларусі. Заявы Лукашэнкі – гэта стварэнне бачнасці прававой падставы знаходжання мабілізаваных расіян у Беларусі. Пры гэтым Крамлю пакуль не выгадна выкарыстоўваць у канфлікце беларускія войскі, бо можа прывесці да сацыяльнага выбуху і дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. Разам з тым, гэта элемент запалохвання, бо ў РФ не застаецца больш іншых манеўраў. Яшчэ гэта дае Крамлю магчымасць падвесці Лукашэнку пад міжнародную адказнасць, зачыніць для яго цалкам магчымасць сепаратных перамоў з Захадам.

Разам з тым беларускае войска не здольнае зладзіць поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну на фронце даўжынёю у тысячу кіламетраў. Эксперт прагназуе, што ў Беларусі Масква рыхтуе групоўку да наступу на Украіну пасля ядзернага ўдару.

- З беларускага боку жадаючых прымаць удзел у баявых дзеяннях працэнтаў дзесяць. Асабліва цяпер пасля таго, як яны пабачылі, як пакрышылі расійскія элітныя аддзелы ва Украіне. Беларускія часці не хочуць падзяліць лёс расійскіх калег. Нават, калі на словах іх падтрымліваюць, на справе яны за тое, каб расіяне ваявалі без беларусаў. Магчыма цяпер мы назіраем за падрыхтоўкай расіянамі ў Беларусі групоўкі войск для выкарыстання пасля нанясення ўдару ядзернай тактычнай зброяй. Таму што пакуль тое, што яны збіраюць не падобна на войска, якое можа нанесці паразу праціўніку ў канвенцыянальнай вайне.

На думку экспертаў Расія змушае Лукашэнку ўступіць актыўна ў вайну. Пакуль не бачна падрыхтоўку ўдарнай групоўкі. Эксперты зазначаюць, што ўцягванне Беларусі можа быць элементам запалохвання. Не выключаюць таксама выкарыстання рэгіянальнай групоўкі для ўварвання ва Украіну пасля нанясення Расіяй ядзернага ўдару.

Юры Ліхтаровіч