Беларуская Служба

Расійскае кіраўніцтва рыхтуецца да паразы ў вайне

07.11.2022 15:03
У Крамлі загаварылі аб вяртанні да расстрэлу ў якасці вышэйшай меры пакарання ды пра  міністэрства прапаганды. У Маскве рыхтуюцца, такім чынам, да паразы ў вайне.
Аўдыё
  • Крэмль рыхтуе новыя інструменты кантролю за грамадствам
Ілюстрацыйны здымакEPA/SERGEI ILNITSKY Dostawca: PAP/EPA.

Пра тое, што гэтыя меры разглядаюцца ў Расіі на самым вышэйшым узроўні сведчаць выказванні былога прэзідэнт Расіі, цяперашняга першага намесніка старшыні Савета бяспекі Дзмітрыя Мядзведзева.

«У сучаснай Расіі дзейнічае мараторый на пакаранне смерцю. Вельмі гуманна. У адрозненне, дарэчы, ад усіх найбуйнейшых краін з ядзернай зброяй (ЗША, КНР, Індыі). Хаця, яшчэ раз падкрэслю, і ў рамках цяперашняй Канстытуцыі мараторый на пакаранне смерцю можа быць пераадолены ў выпадку неабходнасці пры змяненні прававых пазіцый Канстытуцыйнага суда Расіі. Гэта пытанне выбару сродкаў аховы інтарэсаў нашых людзей, дзяржавы і грамадства».

Практычна адначасова з прапановай Мядзведзева дэпутат Дзярждумы ад кіроўнай партыі «Адзіная Расія» і былы намеснік камандуючага Паўднёвай ваеннай акругай Андрэй Гурулёў выступіў з прапановай стварыць у Расіі міністэрства інфармацыі і прапаганды. Расійскія журналісты адразу згадалі, што падобнае міністэрства ўжо было і дзейнічала 12 год пад кіраўніцтвам Гебельса ў нацысткай Германіі.

На думку палітолага Паўла Усава, агучванне расійскімі чыноўнікамі такія меры сведчыць пра разуменне таго, што Расія прайграе вайну ва Украіне. У Крамлі загадзя рыхтуюцца да таго, каб змусіць расіян паверыць у тое, што параза – гэта насамрэч перамога, і прадухіліць любыя пратэсты.

- Сённяшнія кіроўныя эліты ў Расіі намагаюцца падрыхтаваць пляцоўку для адступлення. Увесці такія механізмы ўнутранага кіравання ды кантролю, што нават параза ва Украіне не прынясе сур'ёзных праблем для тых, хто застаецца ва ўладзе ў Расіі. Відавочна, што вайна скончыцца не на карысць Расіі. Мы бачым, што ў краіне ВПК у калапсе, войска нясе вялізарныя страты. Адчуваецца ва ўсім дэфіцыт. Перамагчы Крэмль не можа, нават ядзерная зброя не дапаможа. Застаецца прыгатаваць сканчэнне вайны нават не на карысных для Расіі ўмовах.

Ваенныя паразы ў расійскай гісторыі часта прыводзілі да рэвалюцый ды закалотаў?

- Гэтага не будзе, калі будзе адмыслова апрацаваная грамадская думка. У 1917 годзе рэвалюцыя была выклікана разбурэннем інфармацыйнай павесткі. Існавала шмат актыўных палітычных груп нават сярод тых, хто падтрымліваў самаўладдзе. Да гэтага дайшло раскладанне войска, бальшавізацыя вайскоўцаў ды незадаволенасць шырокіх мас вайной і сацыяльным становішчам.

Ці цяпер няма падобных перадумоў?

- На сённяшні дзень няма моцных антысістэмных структур, той жа апазіцыі. Няма незадаволеных мас. Ёсць кропкавая незадаволенасць, але яе немагчыма кансалідаваць у выглядзе масавых рухаў. Для гэтага патрэбна апазіцыя. 

Як можа выглядаць Расія пасля паразы?

- Параза будзе падавацца Крамлём як перамога. Масква не паўторыць памылку з вываду савецкіх войск з Афганістану. Сам факт вываду войск з Украіны не прывядзе да пратэстаў.  Крамлю дастаткова заплаціць людзям за загінулых сваякоў, большасць расіян згодзіцца маўчаць за грошы. 

Слухайце аўдыёфайл

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі