Беларуская Служба

«Расія тэстуе салідарнасць і сілу НАТА»

16.11.2022 13:14
Ад пачатку вайны Расія спрабуе выклікаць маштабны гуманітарны крызіс і чарговую хвалю міграцыі ў Польшчу, кажа прафесар Пётр Грахмальскі.
Аўдыё
  • Паводле прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, малаверагодна, каб ракета, якая ўпала на тэрыторыю Польшчы была запушчаная з Расіі
   ,    i
Паседжанне Савета нацыянальнай бяспекі, прэзідэнт Анджэй Дуда i кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Яцэк Сявера PAP/Paweł Supernak

Частка польскіх вайсковых падраздзяленняў і службы, падпарадкаваныя Міністэрству ўнутраных спраў і адміністрацыі, былі прыведзеныя ў стан павышанай баявой гатоўнасці. Польскія ўлады знаходзяцца ў пастаянным кантакце хаўруснікамі па НАТА. У сваю чаргу сёння ў краіне сабраўся Савет нацыянальнай бяспекі, а ў Бруселі адбылася сустрэча амбасадараў Еўрасаюза і амбасадараў Паўночнаатлантычнага альянсу. Усё гэта пасля таго, як учора ўдзень ракета расійскай вытворчасці ўпала на польскую вёску ля мяжы з Украінай, забіваючы дзве асобы.

Пасля выбуху ракеты ў памежнай вёсцы Пшэводаў(Przywodów) адбылася экстранная нарада прэзідэнта і ўраду, а таксама паседжанне Савета міністраў. Нагадваем, пакуль няма доказаў таго, хто запусціў ракету. Аднак прэзідэнт ЗША паведаміў, што малаверагодна, каб ракета была запушчаная з тэрыторыі Расіі. Джо Байдэн сказаў саюзнікам, што ракета, якая забіла двух чалавек у Польшчы, была ўкраінскай ракетай СПА, паведаміла ў сераду крыніца ў НАТА.  

Польскія ўлады заклікаюць грамадзян захаваць спакой і адначасова правяраюць магчымасць запушчэння 4-га Артыкула НАТА. Прэм’ер Матэвуш Маравецкі заявіў пасля ўчарашняй нарады, што выбух расследуецца, а хаўруснікі з НАТА гарантуюць дапамогу:

- Мы праводзім аналізы і кансультацыі з нашымі хаўруснікамі па справе магчымага запушчэння 4-га Артыкула НАТА, то бок артыкула, які ініцыюе кансультацыі ў рамках Паўночнаатлантычнага альянсу.

Згаданай тэме было прысвечанае паседжанне Савета нацыянальнай бяспекі, які сёння склікаў прэзідэнт Анджэй Дуда:

- Я вырашыў, што трэба запрасіць прадстаўнікоў усёй палітычнай сцэны ў Польшчы, каб прадставіць і абмеркаваць сітуацыю. Гаворка ідзе таксама пра тое, каб яны маглі адказна выказвацца на гэтую тэму.

Нагадваем, Савет нацыянальнай бяспекі з'яўляецца дарадчым органам у галіне ўнутранай і знешняй бяспекі дзяржавы. У яго пасяджэннях прымаюць удзел прэмʼер, найважнейшыя міністры, спікеры Сейма і Сената, а таксама прадстаўнікі парламенцкіх клубаў і колаў.

«Выбух у Польшчы ля мяжы з Украінай зʼяўляецца прамым наступствам масіраванага ракетнага абстрэлу Украіны», – гэта пазіцыя ўсіх краін-членаў, прадстаўленая на сённяшняй сустрэчы амбасадараў ЕС. Амбасадар Польшчы ў Еўрасаюзе Анджэй Садась (Andrzej Sadoś) паведаміў пра падрабязнасці размоваў, якія адбыліся ў Бруселі:

- Усе членскія краіны падкрэслілі, што ва ўчарашняй трагедыі – смерці двух польскіх грамадзян непасрэдна вінаватая Расія. Гэта наступства расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Міжнародныя кансультацыі праводзіць таксама міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау. На гэтую тэму кіраўнік польскай дыпламатыі размаўляў па тэлефоне са сваімі калегамі, між іншым, з Эстоніі, Латвіі, Чэхіі і Літвы.

Па справе ўчарашняга выбуху амбасадара Расіі ў Польшчы Сяргея Андрэева выклікалі ў МЗС у Варшаве. Расійскі дыпламат зʼявіўся ў МЗС учора за некалькі хвілін да поўначы. Як паведаміў прэс-сакратар ведамства Лукаш Ясіна (Łukasz Jasina), сустрэча доўжылася ўсяго некалькі хвілінаў і прайшла, «без абмену ветлівасцю»:

- Гэта была хуткая размова, без абмену ветлівасцю, нават не паціскаючы рукі. Міністр пазнаёміў расійскага амбасадара з польскай дыпламатычнай нотай. Амбасадар прыняў яе да ведама і пакінуў сядзібу МЗС Польшчы, дзе ён знаходзіўся ўсяго некалькі хвілін.

Прэс-сакратар Польскага МЗС Лукаш Ясіна дадаў, што з учарашняга дня польская дыпламатыя працуе вельмі інтэнсіўна.

У сваю чаргу кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Яцэк Сявера сустрэўся з амбасадарам ЗША ў Польшчы Марэкам Бжазінскім. Як чытаем у яго паведамленні ў Твітары, пасля размовы прэзідэнтаў Анджэя Дуды і Джо Байдэна бакі застаюцца ў цесным кантакце.

«Мы зноў абмяняліся інфармацыяй з паслом Бжазінскім. ЗША прапануюць дадзеныя і падтрымку ў паясненні ўчорашняга выбуху і пацвярджаюць свае хаўрусніцкія абавязацельствы», – чытаем у паведамленні. Нагадваем, прэзідэнт Джо Байдэн заявіў, што падтрымае Польшчу таксама ў выглядзе амерыканскіх экспертаў, якія дапамогуць у расследаванні месца здарэння.

Прафесар Пётр Грахмальскі(Piotr Grochmalski) з Ваеннай акадэміі нагадаў, што з самага пачатку ўварвання ва Украіну Расія тэстуе салідарнасць і сілу НАТА. Паводле прафесара, стратэгічныя мэты Расіі застаюцца нязменнымі:

- Расія працягвае спробы дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне, у тым ліку выклікаць там маштабны гуманітарны крызіс і чарговую хвалю міграцыі ў Польшчу, а таксама дэстабілізаваць і разбіць НАТА.

У сваю чаргу дэпутат ад кіроўнай партыі «Права і справядлівасці» Яанна Ліхоцка (Joanna Lichocka) заявіла, што трэба захоўваць спакой і не рэагаваць на дэзынфармацыю. Паводле яе, крызісных сітуацыях трэба шукаць інфармацыі толькі з правераных крыніц:

- Важна, каб мы шукалі інфармацыі ў правераных крыніцах. Не верылі фейкам. Гаворка ідзе пра тое, каб не панікаваць, паколькі гэтаму служыць дэзынфармацыя. Гаворка ідзе таксама пра дэталёвы і разумны падыход да справы.

Нагадваем, паводле ўчарашняй заявы прэзідэнта расследаваннем месца выбуху зоймецца міжнародная група экспертаў.

Занепакоенасць выбухам расійскай ракеты на польска-ўкраінскай мяжы выказваюць міжнародныя лідары і арганізацыі.

«Абсалютна неабходна пазбегнуць эскалацыі вайны», – сказаў прадстаўнік Генсакратара ААН Фархан Хак.

Канцлер Германіі Олаф Шольц заклікаў правесці інтэнсіўнае расследаванне ракетнага ўдару.

Прэм’ер Вялікабрытаніі выказаў салідарнасць з Польшчай і прапанаваў дапамогу ў следстве па справе выбуху.

«Польшча можа разлічваць на падтрымку Францыі », – напісаў у Твітары прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. У гатоўнасці дапамогі ад імя народаў запэўніў таксама міністр замежных спраў Венгрыі.

IAR/аз

Дзве расійскія ракеты ўпалі на тэрыторыі Польшчы

15.11.2022 20:40
Паводле паведамленняў, два чалавекі загінулі.

Саюзнікі Варшавы выказалі салідарнасць з Польшчай у сувязі з падзеннем на яе тэрыторыі двух расійскіх ракет 

15.11.2022 22:45
Міжнародныя партнёры заявілі пра поўную падтрымку польскіх уладаў.

Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы: Мы правяраем падставы для прымянення чацвёртага артыкула дамовы NATO

16.11.2022 07:50
Прэзідэнт Анджэй Дуда склікае ў сераду а 12.00 Савет нацыянальнай бяспекі.

Прэзідэнт ЗША Байдэн сказаў саюзнікам, што ракета, якая трапіла ў Польшчу, была ўкраінскай СПА

16.11.2022 11:36
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сказаў саюзнікам, што ракета, якая забіла двух чалавек у Польшчы, была ўкраінскай ракетай СПА, паведаміла ў сераду крыніца ў НАТА.