Радыё Свабода падала, што ў Швецыі забіты чачэнскі блогер, крытык Кадырава. Расія пераўтвараецца ў тэрарыстычную дзяржаву, Захад неабачліва ігнаруе гэтую пагрозу, кажа палітолаг.
Чачэнскі апазіцыйны тэлеграм-канал 1ADAT паведаміў пра забойства блогера Тумса Абдурахманава, галоўнага крытыка Кадырава. Нібыта ён быў расстраляны ноччу групай асоб. Забойства адбылося ў Швецыі, дзе Абдурахманаў жыў апошнія некалькі гадоў.
Два гады таму на Абдурахманава быў здзейснены іншы напад. У 2020 годзе ў яго кватэру пракраўся мужчына і ўдарыў яго малатком па галаве, але Тумса здолеў адабраць малаток і выклікаць паліцыю.
Гэтым разам чуткі пра смерць крытыка Кадырава з'явіліся 1 снежня. Апошні ролік на канале Тумса выйшаў 7 лістапада, хаця раней відэа ў яго выходзілі раз на тыдзень.
Разам з тым рэдакцыя «Новай газеты» напісала, што на дадзены момант не можа пацвердзіць паведамленні аб смерці чачэнскага блогера. Выданне толькі канстатавала факт, што з 1 снежня ні Тумса, ні яго брат перасталі выходзіць на сувязь.
Калі гэтая інфармацыя пацвердзіцца, гэта будзе азначаць, што Расія працягвае практыку ліквідацыі сваіх палітычных апанентаў за мяжой, а Еўропа не рэагуе адэкватна на пагрозу, кажа палітолаг Павал Усаў.
- Гэта практыка тэрарыстычнай дзяржавы, якая рэалізоўвалася ў Савецкія часы ў перыяд 1920-30 і потым у 1950-60-ыя гг.. Савецкія спецслужбы правяло шэраг аперацый па знішчэнню тагачасных апанентаў, сярод Белай эміграцыі, ці ўцекачоў з СССР. Праводзіліся аперацыі па выкраданні. Гэта аперацыя «Трэст» ды іншыя.
У ХХІ-м стагоддзі гэтая практыка працягнулася.
- Гэта паказальнае забіццё Літвіненкі пры дапамозе радыеактыўных сродкаў. Вельмі дзіўная смерць алігарха Беразоўскага, апанента Пуціна, які жорстка яго крытыкаваў. Апошняя справа – Скрыпалі. Гэта хваля забойстваў ёсць рэалізацыяй тэрарыстычнай палітыкі Расіі за мяжой.
Калі паглядзець на палітычны эфект, Крэмль больш губляў ад гэтых забойстваў, чым атрымліваў дывідэнды?
- Група ў Крамлі не клапоціцца стратамі Расіі, тым, што былі ўведзеныя санкцыі ды абмежаванні. Ідзецца перш за ўсё пра іх інтарэс. Яны імкнуцца перш за ўсё запалохаць тых, хто пакінуў сістэму, і тых, хто застаўся, каб прадэманстраваць, што кожны здраднік будзе забіты. Гэта здарылася з топ-менаджарамі Газпрома пасля пачатку вайны, ці нечаканая хвароба Чубайса.
Чубайс быў шпіталізаваны ў Іспаніі з незразумелымі сімптомамі, пасля таго, як з’ехаў з Расіі
- Гэта сведчыць пра ўнутраную кансалідацыю сістэмы, якая знойдзе любога, хто выступіць супраць: апазіцыянер, ці былы чыноўнік. Праблема тут у тым, што Захад не ў стане абмежаваць гэтую практыку, не выяўляюць сетку агентаў, не ўстане бараніць тых дысідэнтаў, хто з’ехаў.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч