Польшча ўважліва сочыць за сітуацыяй у Беларусі і не забывае пра палітвязняў, запэўніў віцэ-міністр замежных спраў краіны Павел Яблоньскі(Paweł Jabłoński). Палітык нагадаў, што гэта дзякуючы намаганням Польшчы пытанне Беларусі не суходзіць з павесткі дня на міжнароднай арэне і пашыраецца міжнародны ціск на Беларусь з мэтай вызвалення палітычных зняволеных і пашаны правоў чалавека.
Польскае Міністэрства замежных спраў запэўнівае, што Польшча не спыняе намаганняў з мэтай вызвалення палітвязняў у Беларусі. Віцэ-міністр Павел Яблоньскі дадаў, што нягледзячы на абмежаваныя магчымасці дыпламатычнага ціску, польскі бок заклікае афіцыйны Мінск вызваліць больш за тысячу чалавек, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах па палітычных матывах:
- Нам гэта ўдалося ў выпадку больш за дзесяці чалавек. Я не хачу гаварыць пра дэталі, паколькі кожны раз – гэта індывідуальны падыход. Такіх перамоваў тычыцца таксама прынцып не разгалошвання. Тут важаня паспяховасць дзеянняў, то бок вызваленне палітвязняў. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра палякаў у Беларусі – гэта з нашага пункту гледжання – прыярытэт. Варта аднак памятаць, што ў Беларусі больш за тысяча палітвязняў.
Павел Яблоньскі нагадаў, што дзякуючы Польшчы пастаянна пашыраецца міжнародны ціск на Беларусь з мэтай вызвалення палітвязняў.
Пасля пратэстаў, якія пракаціліся па Беларусі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 года, у беларускіх турмах знаходзіцца каля 1 500 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі польскай меншасці ў Беларусі.
У сярэдзіне сакавіка Еўрапарламент у спецыяльнай рэзалюцыі заклікаў беларускія ўлады вызваліць праваабаронцу лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, а таксама польскага журналіста Анджэя Пачобута і ўсіх іншых палітвязняў.
Са жніўня 2020 года Еўрасаюз уводзіць чарговыя пакеты санкцый супраць фізічных і юрыдычных асоб, адказных за ўнутраныя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама ў адказ на заангажаванне краіны ў вайну Расіі супраць Украіны.
Санкцыі заключаюцца ў забароне на ўезд у ЕС і замарожванні актываў фігурантаў санкцыйнага спісу, у якім зараз знаходзяцца прозвішчы 195 чалавек, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, і назвы 34 суб'ектаў.
9 лютага Польшча абвясціла аб закрыцці памежнага перахода ў Баброўніках, апошняга з дзеючых у Гродзенскай вобласці. Польскі бок патлумачыў гэта «інтарэсамі дзяржаўнай бяспекі». У прыватнасці, гэта была рэакцыя на прысуд 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, які суд у Гродне вынес актывісту польскай меншасці і журналісту Анджэю Пачобуту.
Віцэ-міністр польскага МЗС Павел Яблоньські звяртае ўвагу, што беларускі рэжым становіцца ўсё больш залежным ад Расіі. Аднак наўрад ці Лукашэнка ўступіць у вайну з Украінай, бо беларускі дыктатар спрабуе пазбегнуць прамога ўдзелу свайго войска ў канфлікце:
- Лукашэнка выкручваецца, каб не дапусціць да непасрэднага заангажавання беларускай арміі ў вайне супраць Украіны. Ён дае тэрыторыю, ён дае базы, ён дае тэхніку – мы ўсе гэта ведаем, і гэта таксама не здымае з яго адказнасці, але ён выдатна разумее, што калі б яго армія была ўключана ў атаку, ён, верагодна, ён страціў бы гэтую армію вельмі хутка.
Між тым, нагадаў палітык, Аляксандр Лукашэнка кіруе Беларуссю выключна дзякуючы дапамозе рэпрэсіўнага апарату, галоўным элементам якога з’яўляецца войска. Страта кантролю над арміяй і іншымі службамі азначала б канец улады беларускага дыктатара.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы таксама паясніў, што перамяшчэнне ядзернай зброі з Расіі ў Беларусь істотна не змяніла б сітуацыі Польшчы. Тым не менш, Павел Яблоньскі падкрэсліў, што дзеянні расійскага агрэсара ў гэтай сферы парушаюць міжнародныя правілы:
- З Расіі ў Польшчу гэтак жа блізка, як з Беларусі ў Польшчу, але гэта крок, які трэба ацэньваць негатыўна, перш за ўсё таму, што ён парушае правілы нераспаўсюджання – Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. Самае цікавае, што гэта адбываецца неўзабаве пасля візіту Сі Цзіньпіна ў Расію.
У сувязі з гэтым Павел Яблоньскі таксама працытаваў заявы кітайскіх уладаў аб тым, што перанос ядзернай зброі за межы краінаў, дзе гэтая зброя зараз знаходзіцца, з’яўляецца чымсьці непрымальным.
У ацэнцы прадстаўніка польскага МЗС заява Уладзіміра Пуціна аб размяшчэнні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі можа сапсаваць расійска-кітайскія адносіны, паколькі Пекін можа палічыць такія дзеянні, як недружалюбныя:
- У сваіх афіцыйных заявах, Кітай неаднойчы падкрэсліваў, што перанос ядзернай зброі за межы краінаў, дзе гэтая зброя зараз знаходзіцца, з’яўляецца непрымальным. Калі б нешта падобнае адбылося сёння ў выніку самастойнага, неабгрунтаванага рашэння Пуціна, гэта таксама было б недружалюбным жэстам у дачыненні да Кітая. З пункту гледжання іх інтарэсаў эскалацыя канфлікту да ўзроўню ядзернай пагрозы таксама – я лічу – нявыгадная.
- лічыць намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павел Яблоньскі.
Нагадваем, у суботу Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія мае намер размясціць на тэрыторыі Беларусі тактычную ядзерную зброю. Расійскі лідар паведаміў, што гэта можа адбыцца пасля 1 ліпеня. У адказ на гэтую заяву прэс-служба НАТА назвала расійскую ядзерную рыторыку «небяспечнай і безадказнай».
Адказваючы на пытанне Польскага радыё прэзідэнт Джо Байдэн сказаў, што заява Уладзіміра Пуціна аб размяшчэнні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі выклікае занепакоенасць ЗША. Джо Байдэн адзначыў, што Пуцін пагражаў такой зброяй яшчэ летась. «Рыторыка, якую ён выкарыстоўвае, небяспечная», – адказаў прэзідэнт ЗША.
Раней прэс-сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі запэўніў, што ЗША сочаць за актыўнасцю Расіі і пакуль «не зафіксавалі ніякіх крокаў з боку Пуціна па рэалізацыі яго заявы».
Ён дадаў, што ў ЗША пакуль няма падставаў перамяшчаць уласную ядзерную зброю або павышаць сваю гатоўнасць.
PR24/аз