Ужо 20 гадоў Польшча з'яўляецца членам Еўразвязу. Краіна прайшла важны шлях у плане еўрапейскай інтэграцыі, мадэрнізацыі эканомікі і сацыяльнага развіцця. Канешне, у кожнай дзяржаве існуюць свае праблемы, якія ўзмацніла на працягу апошніх гадоў пандэмія каранавіруснай інфекцыі ды вайна ва Украіне, але ў параўнанні з Польшчай 20-ці або 30-гадовай даўніны, жыхарам краіны жывецца значна лепш. Аб тым, якую карысць дае членства ў супольнасці, мы папрасілі распавесці галоўнага эксперта Фундацыі Шумана, члена рады фундатараў арганізацыі Рафала Дымэка (Rafał Dymek).
- Членства ў Еўрапейскім Звязе – гэта цывілізацыйны выбар. Польшча ды іншыя краіны маюць шмат падабенства – у гістарычным, культурніцкім плане, падобныя сістэмы дзяржаўнага кіравання. Краіны-члены ЕЗ разам імкнуцца да пошукаў найлепшых схемаў функцыянавання. Гісторыя Еўропы не была лёгкай. Еўрапейскія краіны ў першай палове 20-га стагоддзя і раней былі падзеленыя ракой крыві. Дзякуючы ЕЗ, нягледзячы на ўсе адрозненні паміж дзяржавамі, удалося дасягнуць мір у Еўропе. На тэрыторыі краін, якія ўвайшлі ў еўрапейскую супольнасць, на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў не было сур’ёзнага ўзброенага канфлікту. Калі і здараліся лакальныя канфлікты, як у Паўночнай Ірландыі ці Іспаніі, удавалася іх вырашаць мірным шляхам.
Мірнае суіснаванне ўсё яшчэ не стала стандартам у свеце, а нават у Еўропе. У краінах, якія не з’яўляюцца членамі супольнасці, былі ўзброеныя канфлікты – на Балканах, а сёння вайна ідзе ва Украіне. ЕЗ быў створаны, у тым ліку, як адказ на вопыт жудасных войнаў ХХ стагоддзя. Шмат гадоў Еўропа жыла ў міры - да 2022, а дакладней 2014 года, калі Пуцін пачаў рэалізоўваць свае імперыялістычныя планы ва Украіне (раней, 2008 – напад на Грузію, але ўдалося пазбегнуць кровапралітнай вайны). Грамадзяне чакаюць ад Еўразвязу эфектыўных дзеянняў у імя абароны міру. Ці дастаткова гэтых дзеянняў, у тым ліку ў кантэксце дапамогі Украіне?
- На маю думку, як Еўразвяз, так і Паўночна-атлантычны альянс зрабілі вельмі шмат, дапамагчы Украіне ў гэтым канфлікце. Заўсёды хочацца большага, хочацца, каб гэты канфлікт закончыўся як мага хутчэй. На жаль, ёсць агрэсар, які не збіраецца затрымлівацца, а ў ЕЗ няма такіх рэсурсаў, каб з іх дапамогай хутка закончыць канфлікт. Я спадзяюся, што супольнасць надалей будзе падтрымліваць Украіну. Заўважце, калі ласка, што, нягледзячы на адрозненні паміж 27 краінамі ЕЗ, удалося захаваць адзінства ў стаўленні да гэтай вайны. Некаторыя краіны маюць розныя спакусы, ёсць розныя групы інтарэсаў, але не паддаюцца. Вы слушна згадалі, што еўрапейская супольнасць была адказам на войны пачатку 20-ага стагоддзя. Гэта было праз пяць гадоў пасля Другой сусветнай вайны. Германія і Францыя былі падзеленыя гэтай ракой крыві, і тады Робер Шуман (фр. Jean-Baptiste Nicolas Robert Schuman – прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Францыі, адзін з заснавальнікаў Еўразвязу – рэд.) выступае з ініцыятывай стварыць супольнасць, у якую ўвайшлі між іншым Францыя і ФРГ. Для параўнання – уявіце сабе, што цяпер, нават калі б вайна ва Украіне закончылася хутка, хтосьці праз пару гадоў пасля гэтага выступіў з прапановай стварыць абʼяднанне Украіны і Расіі. Гэта здаецца зусім нерэальным, а тады так было. Дзякуючы гэтай ініцыятыве дадзеныя краіны ўжо дзясяткі гадоў жывуць у міры.
Жыхары некаторых краін, якія знаходзяцца паза ЕЗ, мараць аб далучэнні, а некаторыя члены супольнасці яе пакідаюць, як Вялікабрытанія. Чуваць галасы, у тым ліку і ў Польшчы, што Еўразвяз часам навязвае схемы, якія выгадныя вялікім гульцам. Напрыклад, у ЕЗ падрыхтаваны план аховы навакольнага асяроддзя «Зялёны пакт». Гэта вельмі амбіцыйныя задачы, напрыклад, польскія фермеры баяцца, што ў выніку новых правілаў ЕЗ іхная праца можа перастаць акупляцца. Як можна адказаць на іх засцярогі?
- «Зялёны пакт» выклікае боязі, бо гэта вельмі сурʼёзная перабудова. Але геапалітычная сітуацыя паказвае, што гэтую трансфармацыю неабходна правесці, паколькі яна заключаецца, між іншым, у тым, каб энергетычная сістэма Еўропы стала аўтаномнай і экалагічнай. Раней Еўропа імпартавала нафту, вугаль і газ з іншых краін, у тым ліку з Расіі. Канешне, падчас такіх глыбокіх зменаў адны фірмы могуць страціць, калі не падрыхтуюцца да перабудовы, а іншыя, наадварот, атрымаюць прыбытак, паколькі добра да яе падрыхтуюцца. Можна прывесці прыклад Вялікабрытаніі, дзе пасля выхаду з ЕЗ перасталі дзейнічаць жорсткія нормы. Адпаведна, вытворцы харчавання перасталі надаваць столькі ўвагі, колькі раней, якасці прадуктаў. Гэта дрэнна для спажыўцоў. Зразумела, можа так здарыцца, што некаторыя фермеры панясуць страты, паколькі «Зялёны пакт» увядзе шмат зменаў. І не для ўсіх яны будуць пазітыўнымі.
Еўрапейскі Звяз – гэта вялікі праект, які ўдалося рэалізаваць, хаця было шмат скептыкаў, якія не верылі ў поспех такой амбітнай задачы. Вялікім плюсам супольнасці зʼяўляецца не толькі адсутнасць межаў і магчымасць падарожнічаць без перашкодаў, але таксама адзіны рынак, які дае шматлікім еўрапейскім прадпрыемствам магчымасць паспяхова дзейнічаць ва ўмовах высокай канкурэнцыі.
нг